29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзе грошы, якія гадамі адлічвалі на капітальны рамонт?»

14
«Дзе грошы, якія гадамі адлічвалі на капітальны рамонт?»

Як у Гародні жыве мікрараён, дзе 40 гадоў не было рамонту.

Шмат гадоў жыхары аднаго з мікрараёнаў Гародні спраўна пералічваюць грошы на капітальны рамонт. Толькі вось рамонту дачакацца не могуць 40 гадоў. Больш за тое, мясцовыя чыноўнікі ўжо прапануюць грамадзянам не чакаць ад дзяржавы дапамогі, а ўзяцца і самым рамантаваць і дом, і двор, паведамляе «Белсат».

Гарадзенскі мікрараён Фабрычны, скрыжаванне Бакста і Волкава. Тут у двары ціха і спакойна, але варта быць уважлівым: у любы момант на галаву можа зваліцца кафля з будынка. А можа, і цэлая сцяна – шчыліны ідуць праз увесь дом. У дзірках свішча вецер, а ў дождж праз дах льецца вада. Двары і пад'езд не бачылі рамонту з дня засялення гэтых дамоў. Спіс праблемаў можна доўжыць.

«Гэты год абвясцілі Годам малой радзімы, а фактычна на гэтай радзіме 30 гадоў нічога не робяць. Сюды што ўкладаюць? Побач ёсць мікрараён Альшанка, які парадкуюць, паказваюць, які прыгожы і дыхтоўны, а за кіламетр адсюль – вы самі бачыце, што дзеецца», – кажа мясцовы жыхар Барыс.

Праблема тычыцца не толькі выгляду дамоў. Праз дах, які цячэ, у дамах з'явілася вельмі шкодная для здароўя чорная цвіль – яна выклікае многія рэспіраторныя хваробы. А зімой у некаторых дамах тэмпература не падымаецца вышэй за 18 градусаў. Пры гэтым у доме на вуліцы Бакста 8 увогуле адсутнічае гарачая вада.

«Усё мокрае зімой адзенне, якое там вісіць, яно цалкам у цвілі. Маленькае дзіця, алергія. Прадстаўнікі ЖЭСа прыходзілі, склалі акт, жанчына прыходзіла, фатаграфавала ўсё. Прыйшлі, сказалі, што, можа, выцяжка дрэнная, праверылі выцяжку, сказалі, усё добра. Больш да нас ніхто не прыходзіў», – кажа жыхарка дома №5 на вуліцы Бакста Таццяна.

Абураны такім становішчам жыхар Аляксандр Лаўрэнцьеў пачаў збіраць подпісы з заклікам да ўладаў развязаць існыя праблемы. Зварот мясцовых жыхароў накіравалі адразу дырэктару Гарадзенскай ЖКГ з прычыны таго, што прадстаўнік мясцовага ЖЭСа ўцякаў і ўвогуле адмаўляўся мець зносіны з людзьмі. Праз 10 дзён жыхары атрымалі адказ.

«Улады мне далі самую звычайную адпіску, што так, яны прызнаюць: са здачы ў эксплуатацыю дамоў нічога не рабілася, але грошай няма, трымайцеся, умацоўвайце самі. З гэтым адказам я пайшоў у гарвыканкам, там пачуў тое самае, і там ўвогуле прапанавалі: збірайцеся жыхарамі і рабіце сабе двор», – адзначае ініцыятар збору подпісаў Аляксандр Лаўрэнцьеў.

Мясцовыя чыноўнікі сцвярджаюць, што дамы – ва ўласнасці жыхароў, а значыць, і рамонт, маўляў, рабіце за свае сродкі. Абураныя грамадзяне пытаюцца: а дзе ж грошы, якія гадамі жыхары адлічвалі на капітальны рамонт? У адказ – цішыня.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках