23 красавiка 2024, aўторак, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі адзначаюць Радаўніцу

1
У Беларусі адзначаюць Радаўніцу

На дзявяты дзень пасля Вялікадня праваслаўныя беларусы памінаюць продкаў.

У адных месцах у Беларусі на могілках збіраюцца ў першы чацвер пасля Вялікадня – «наўскі чацвер», г. зн. «чацвер памерлых», ад старога слова «навец», г. зн. «нябожчык». У іншых жа – праз тыдзень пасля Вялікадня («правадная нядзеля», або «наўскі Вялікдзень»). Але ў асноўным на могілкі прынята прыходзіць на Радаўніцу – 9-ы дзень пасля Вялікадня, піша nn.by.

Сама назва Радаўніца вельмі старажытная. Няма адзінага меркавання пра яе паходжанне. Здавалася б, значэнне слова ляжыць на паверхні.

Так, доўгі час яго этымалогію выводзілі то ад «радавацца», то ад «род». «Род» – ясна, чаму. А на карысць «радаснай» тэорыі сведчыла тое, што з прыняццем хрысціянства Радаўніца стала «Вялікаднем памерлых»: днём, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Аднак многія навукоўцы мяркуюць падобнае тлумачэнне павярхоўным.

РАДАЎНІЦА Ў БАРЫСАЎСКІМ РАЁНЕ. ФОТА СЯРГЕЯ ГУДЗІЛІНА.

Больш навуковым ключом да тлумачэння слова мяркуюць літоўскія словы: raudá – «плач з галашэннем» і raudìnė – «малітва з плачам і галашэннем». Параўнайце, як гэтыя словы нагадваюць славянскае «рыданні».

Сам абрад памінання продкаў пасля Вялікадня ў беларусаў ідэнтычны з літоўскім. А распаўсюджанасць назвы «Радаўніца» на поўдзень ад Беларусі, напрыклад ва Украіне, памяншаецца.

Выхадным днём Радаўніца стала пасля атрымання незалежнасці, у 1991-м. У Расеі, Польшчы і Украіне гэты дзень працоўны.

РАДАЎНІЦА. «МОГІЛКІ» Ў БЕРАСЦЕЙСКІМ РАЁНЕ.

На могілках магілы прыводзяць у парадак загадзя: у дзень памінання павінна быць ужо чыста.

Многія беларусы любяць прынесці на могілкі спіртныя напоі і закуску, на магіле пакідаюць поўную чарку, велікодныя яйкі. Царква не ўхваляе гэты звычай, сцвярджаючы, што галоўнае для нябожчыка – малітва блізкіх.

Абрад памінання памерлых бярэ пачатак яшчэ ў дахрысціянскі час і сёння застаецца адным з самых жывых.

Штогод могілкі перад Радаўніцай і ў гэты дзень наведваюць мільёны людзей.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках