22 лiпеня 2018, Нядзеля, 1:54
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Час ужо, хлопцы, ладзіць паўстанне Спартака

21
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Адзіны карысны выкапень для ўлады – гэта беларускія грамадзяне.

Мякка сцелюць, ды цвёрда спаць: прадстаўнікі ўлады апошнімі днямі любяць падкрэсліваць, што дэкрэт №1 называецца «Аб садзейнічанні занятасці», і імкнуцца пазбягаць негатыўных канатацый пры яго згадванні. Пры гэтым нядаўна было падлічана, што паводле новага дэкрэта «дармаедам» давядзецца плаціць у 2,5 больш, чым паводле дэкрэта №3.

Сітуацыю з абноўленым дэкрэтам аб «дармаедах» сайту Charter97.org пракаментаваў вядомы беларускі кінарэжысёр Юры Хашчавацкі:

– Крывадушнасць – гэта самы галоўны інструмент нашых уладаў. Сітуацыя банальная: ім вельмі патрэбныя грошы, якіх востра не хапае на «Майбахі», «Паршэ Каены», замежныя паездкі, маёнткі ў Драздах.

А адкуль узяць гэтыя грошы? Была б нафта ў Беларусі – яны проста прадавалі б яе на захад і «дзярбанілі» прыбыткі. Вядома, асноўная частка даставалася б сям'і Лукашэнкі, але нешта перападала б і Шчоткінай, якая мяркуе, што (студэнт і малады спецыяліст могуць жыць) на 20 даляраў за месяц, і Мясніковічу, які «не можа» заплаціць камунальныя плацяжы за ваду.

Але нафты няма. І адзіны «карысны выкапень» для нашай улады – гэта беларускія грамадзяне. Вось з яго і «трасуць» на «Майбахі» і нерухомасць у Драздах. Ідучы насустрач «пажаданням працоўных», з гэтых жа працоўных вытрасаюць усё больш і больш грошай.

Ужо 25 гадоў мы тлумачым беларускаму грамадству, што ўсе мы трапілі ў рукі «рамантыкаў з вялікай дарогі». Хаця якія яны рамантыкі? Яны – калгаснікі з вялікай дарогі! І са сваёй «прыроднай хваткай» трасуць з народа і краіны ўсё, што толькі атрымліваецца.

Горш за ўсё тое, што яшчэ не ўсе людзі гэта разумеюць. Асабліва гэтага не разумеюць тыя выцятыя на ўсю галаву «пацаны», якія збіваюць людзей на плошчах. Апошні іх такі «подзвіг» быў 25 сакавіка, калі яны «адсвяткавалі» разам з беларускім народам 100-я ўгодкі БНР на плошчы Якуба Коласа.

Калі нікчэмныя людзі атрымліваюць уладу, вынікі іх кіравання таксама будуць нікчэмныя. Таму крывадушнасць, хлусня і здзек з грамадзянаў будуць прадаўжацца ў нашым грамадстве да таго часу, пакуль людзі не прачнуцца і не прышчыкнуць ім усё, што можна прышчыкнуць.

Выйсце тут адзінае: з гэтай уладай трэба змагацца. Зразумейце, яны ж з калгаса. Яны – феадалы, якія бачаць стасункі ў грамадстве толькі паводле прынцыпу: альбо я твой гаспадар, альбо я твой раб. Яны самі не могуць інакш, чым быць рабамі. А выпадкова стаўшы гаспадарамі, рабамі спрабуюць зрабіць усіх астатніх. Час ужо, хлопцы, ладзіць паўстанне Спартака.

– У 2017 годзе дэкрэт №3 праз масавыя пратэсты не змаглі рэалізаваць. Які лёс, на вашу думку, чакае дэкрэт №1?

– Улады даўно ўжо зразумелі адну цікавую рэч. Памятаеце, як яны паднялі кошты на бензін адсоткаў на 30, а то і на 40? І як пачаліся выступленні аўтамабілістаў і акцыі «Стоп-бензін». Пасля гэтага ўлады «адкаціліся» назад. А потым пачалі павышаць кошты на адну капейку – на трошачку. І ў выніку павысілі значна больш, чым тады спрабавалі адразу, «з наскоку».

З дэкрэтам супраць «дармаедаў» яны хочуць зрабіць так сама, як з коштамі на бензін. На жаль, наша рэакцыя на нейкія дробныя змены не такая вострая. І так, па трошачку, яны забіраюць нашы грошы, нашы магчымасці і нашу будучыню. Калі раней яны проста былі рабаўнікамі з вялікай дарогі, то цяпер яны – дробныя кішэнныя зладзеі.

Ці будзе беларускае грамадства рэагаваць на «непрыкметныя» кішэнныя крадзяжы? Спадзяюся, што так. Вядома, у авангардзе будуць найбольш годныя, найбольш смелыя з нас – тыя, каму пачуццё асабістай годнасці не дазваляе жыць у рабстве.

Але, на жаль, яшчэ шмат застаецца ў Беларусі людзей, якія, як у той показцы, сядзяць на цвіку і думаюць, што так і трэба. Сядзенне на цвіку ў некаторых перарастае ў нацыянальны характар.

– Што Вы хацелі б сказаць тым «беларускім ёгам», якія звыкліся сядзець на цвіках?

– Я ім сказаў бы: хлопцы, акрамя цвікоў, ёсць іншыя спосабы нармальна і камфортна ўладкавацца на крэсле. І не адчуваць на сваім арганізме ўсіх тых дзікунстваў, якія нам прапануе ўлада.

Ёсць магчымасць іншага жыцця. І вы гэта бачыце, калі едзеце да нашых суседзяў, у Польшчу ці Літву. Узгадайце, як палякі прыязджалі да нас у канцы 80-х. У іх тады нічога не было, яны былі практычна жабракамі! Паглядзіце, як цяпер жыве і развіваецца Польшча. Узгадайце, як Лукашэнка палохаў вас «шокавай тэрапіяй» і Бальцэровічам. З якой нянавісцю гаварылася ў нас, пачынаючы з 1994-га, пра рэформы. Узгадайце гэта – і паглядзіце, як жывуць цяпер у Польшчы. І параўнайце гэта з тым, што адбываецца ў Беларусі. Параўнайце іхнія мінімальныя заробкі з вашымі самымі высокімі.

І пры гэтым майце на ўвазе: у гэта дзярмо вы залезлі самі, не пажадаўшы ў свой час слухаць разумных і прафесійных людзей. Паслухаўшы замест іх ашуканцаў і папулістаў – тых, хто ў выніку вас і абрабаваў. Не шукайце вінаватых: вінаватыя мы самі. Я кажу «мы», бо не аддзяляю сябе ад беларускага грамадства. Вінаватыя мы – і памылку гэтую выпраўляць нам.