22 лiпеня 2018, Нядзеля, 1:57
Рубрыкі

У Варшаве ўшанавалі памяць айца Аляксандра Надсана

Аляксандр Надсан
Фота: bymedia

Мерапрыемтсва і малебен арганізавалі беларускія грэка-католікі.

15 красавіка 2015 года ва ўзросце 89 гадоў памёр апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, беларускі ўніяцкі святар Аляксандр Надсан.

Менавіта айцец Аляксандр упершыню амаль поўнасцю пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты візантыйскага абраду. Апроч гэтага святар займаўся культуралагічнымі даследаваннямі жыццяпісаў такіх беларускіх асветнікаў, як святы Кірыла Тураўскі, княгіня Магдалена Радзівіл з роду Завішаў, біскуп Чэслаў Сіповіч ды іншыя, піша «Новы Час».

Айцец Надсан нарадзіўся ў 1926 годзе ў Гарадзеі, што на Навагрудчыне. Падчас Вялікай Айчынай вайны быў актыўным удзельнікамі патрыятычнай арганізацыі «Саюз беларускай моладзі».

Пакінуўшы Беларусь, Аляксандр Надсан ваяваў у французскім Супраціўленні, потым трапіў у войска генерала Андэрса, якое ўваходзіла ў склад Узброеных сіл Вялікабрытаніі. З 1946 года менавіта Злучанае Каралеўства стала другой радзімай айца Аляксандра.

У трэцюю гадавіну смерці суполка беларускіх грэка-каталікоў у Варшаве арганізавала паніхіду па айцу Надсану. Багаслужэньне прайшло ў грэка-каталіцкай царкве айцоў базыліянаў, дзе ў 1980-я й 1990-я гады Аляксандр Надсан маліўся і праводзіў служэнні падчас сваіх візітаў у Польшчу. Уніяцкі святар з Гародні айцец Андрэй Крот распавёў:

«Цяжка перацаніць, што ён зрабіў для Беларусі. Ён першы пераклаў амаль усе набажэнствы візантыйскай традыцыі на беларускую мову. На той час, калі ён здзейсніў тую справу ніводная канфесія не мела гэтага. Мы знаходзімся і будзем знаходзіцца пад уплывам гэтай традыцый, гэтых перакладаў, што пакінуў нам а. Аляксандр.

Ён быў вялікім прапагандыстам, вялікім распаўсюднікам беларушчыны. Айцец Аляксандр умацоўваў беларушчыну ў тых людзях, якія вагаліся, якія не маглі вызнаць сваю беларушчыну адкрыта. Перад усім ён нёс Хрыста, ён бы святаром, які маліўся, які сведчыў сваёй асобай пра веру і любоў божую”.

Айцец Надсан прыняў святарскі сан у 1958 годзе. Таксама а. Аляксандар быў стваральнікам і кіраўніком бібліятэкі імя Францішака Скарыны ў Лондане. Сваю першую сустрэчу з Надсанам узгадвае а. Андрэй Крот: «У 1997 годзе я быў маладым студэнтам. Мы сустрэліся на Сусветных днях моладзі ў Парыжы. Гэта адбылося ў беларускім прадстаўніцтве ў цэнтры Парыжу. Нягледзячы на тое, што я не памятаю нейкіх дакладных словаў з размовы з ім, мяне надзвычай уразіла тая «хатнясць», сямейнасць, з якой ён нас сустракаў. Ад яго выпраменьвалася бацькоўскасць. Мы пастаянна ўзгадваем яго ў нашых малітвах».

Паніхіда па а. Аляксандру Надсану ў варшаўскай царкве айцоў базыліянаў.

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, Аляксандр Надсан арганізоўваў, а ў 1989 годзе ўзначаліў Камітэт дапамогі ахвярам аварыі на ЧАЭС у Вялікабрытаніі. Айцец Андрэй Крот распавядае, якім чынам беларускія ўніяты ўшаноўваюць памяць Аляксандра Надсана:

«Ушаноўваем перадусім тым, што працягваем яго справу. Калісьці ён сказаў, я зрабіў усё што мог — цяпер рабіце вы. Мы молімся, прапаведуем і размаўляем па-беларуску. Гэта галоўны ўнёсак у працяг яго справы.

Беларускія грэка-каталіцкія службы ў Варшаве адбываюцца рэгулярна, але на жаль не часта. Служаць іх а. Сяргей Стасевіч з Лондану і а. Андрэй Буйніч. Наступнае набажэнства адбудзецца 13 траўня, а 14 гадзіне. Шчыра ўсіх запрашаем!»

Апроч свайго святарскага служэння айцец Аляксандр Надсан займаўся навуковымі даследаваннямі. Ён з’яўляецца аўтарам звыш 250 навуковых публікацый, кніг па айчынай гісторыі. Айцец Аляксандр вызначыў дакладны год выдання скарынаўскай «Малой падарожнай кніжыцы», а таксама расшыфраваў кітабы беларускіх татараў.