28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пуціна ёсць яшчэ месяц

10
У Пуціна ёсць яшчэ месяц

Акно магчымасцяў для Крамля звужаецца.

На хімічную атаку ў горадзе Думе ЗША адказалі супольна з Вялікай Брытаніяй і Францыяй авіяўдарам і ракетным ударам з караблёў па трох аб'ектах у Сірыі. Раней Дональд Трамп заяўляў, што павінны быць пакараныя не толькі сірыйскі лідар Башар Асад, але і тыя, хто яго падтрымлівае, - Іран і Расея. Чаму далейшыя дзеянні Захаду будуць больш сур'ёзнымі і колькі часу засталося ва Уладзіміра Пуціна на тое, каб сысці з Сірыі, "Апострофу" распавёў расейскі апазіцыйны палітык Канстанцін Баравы:

- Пуцін спрабуе цяпер захаваць твар. Ракеты, запушчаныя па Сірыі, Расея кантраляваць ніякім чынам не магла: ні збіваць, ні нават дакладна разумець траекторыю іх руху. Для расейскіх войскаў, сістэм СПА было вялікай нечаканасцю тое, што гэтыя ўдары праводзіліся з Чырвонага мора, з самалётаў. Запушчаныя праз некаторы час «супрацьракеты» - гэта проста прапагандысцкі крок. Дзякуй Богу, што, як ужо амерыканцы казалі, нікога не пашкодзілі гэтай дэманстрацыяй сілы праз гадзіну пасля таго, як быў выкананы ўдар.

Зразумела, што ўсе разважныя людзі хацелі, каб амерыканцы дзюбнулі па расейскіх вайсковых базах, складах са зброяй, асадаўскім войску. Але амерыканцы і кааліцыя агулам такой задачы не ставілі, яны не хацелі правакаваць Расею на нейкія радыкальныя дзеянні. Больш за тое, загадзя паведамілі пра мэты ўдару і, мабыць, пра яго час. Усе паспелі схавацца. Я думаю, што нейкія каштоўныя кампаненты хімічнай зброі таксама паспелі перахаваць.

Але нават з улікам таго, што гэта быў удар толькі па хімічнай зброі, па даследчых цэнтрах, гэта, аднак, сімвалічны ўдар. Пуціну дазволілі захаваць твар, і гэта быў досыць празрысты намёк на тое, што калі ён будзе прытрымлівацца разважнасці, спыніць падтрымліваць гэту жывёліну, Асада, пачне скарачаць узбраенні ў Сірыі, то яму дадуць магчымасць спакойна сысці. У адваротным выпадку наступны ўдар будзе па ваеннай інфраструктуры, як гэта зрабілі ў Югаславіі, Лівіі, Іраку...

У Пуціна не так шмат часу. Ну, месяц у яго ёсць, каб спыніць правакацыйныя дзеянні, падтрымку Асада і, магчыма, правесці нейкія перамовы пра механізмы выхаду Расеі з гэтай сітуацыі.

У мяне адчуванне, што Пуцін не скарыстаецца гэтым шанцам. Ён - маньяк, цяжкахворы чалавек. Ён успрымае тое, што здарылася, як асабістую абразу, за якую яму хочацца помсціць - Захаду, сірыйцам, уласнаму народу. Прапанову аб санкцыях (у адказ на ўдар па Сірыі і новыя санкцыі супраць РФ, - «Апостроф») - гэта прапанова аб тым, як насаліць уласнаму народу.

Я думаю, што ваенны складнік гэтага мсцівага дзеяння можа выявіцца ў Грузіі, ва Украіне. У Сірыі, куды ідзе 2-я авіяносная група ЗША, расейскія войскі будуць сядзець цішэй вады, ніжэй травы. Усякая актыўнасць, усякая хімічная атака або спроба захапіць у курдаў нафтаносныя раёны будуць жорстка спыненыя, і Пуцін гэта добра разумее. Што не сустрэне адпору ва Украіне, я думаю, ён таксама добра разумее. Так што я асцерагаюся нейкіх актыўных дзеянняў ва Украіне.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках