18 кастрычнiка 2018, Чацвер, 6:43
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Навукоўцы: бландзінак у свеце удвая больш, чым бландзінаў

7

Генетыкі высвятляюць, чаму светлавалосых жанчын значна больш, чым мужчын.

Сярод еўрапейцаў і іх нашчадкаў шанец выявіцца натуральнай бландзінкай у жанчын удвая вышэйшы, чым у мужчын - бландзінам.

Да гэтай высновы прыйшлі ўдзельнікі самага буйнога ў гісторыі даследавання генетычных асаблівасцяў пігментацыі ў еўрапейцаў і іх нашчадкаў, якія абагульнілі звесткі амаль 300 тысяч чалавек, піша bbc.com.

Падчас даследавання былі выяўленыя 124 гены, якія ўплываюць на колер валасоў чалавека.

Аўтары гэтага даследавання прызнаюцца ў сваёй справаздачы, што не змаглі высветліць, чаму бялявых жанчын значна больш, чым мужчын.

Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature Genetics.

Папярэднія такія даследаванні прывялі да адкрыцця толькі крыху больш чым дзясятку генаў, якія адказваюць за колер валасоў.

Звесткі для гэтага даследавання былі прадстаўленыя брытанскім сховішчам біяматэрыялаў UK Biobank, амерыканскай кампаніяй 23andMe, якая займаецца даследаваннямі ДНК, а таксама міжнародным кансорцыумам Visible Trait Genetics і яго партнёрамі ў Нідэрландах, Аўстраліі і Італіі.

Навукоўцы абралі еўрапейцаў праз тое, што колер валасоў у іх вар'юецца найбольш шырока.

Яны выявілі, што шанцаў выявіцца чорнавалосым у еўрапейскага мужчыны ўтрая больш, чым у жанчыны.

Са слоў аднаго з кіраўнікоў даследавання, прафесара Каралеўскага каледжа Лондана Ціма Спектара, навукоўцы не чакалі, што светлавалосых жанчын нашмат больш, чым мужчын.

«Гэта таямніца, якая нас інтрыгуе, бо мы зусім не такі вынік чакалі. Спачатку мы думалі, што гэта нейкі анамальны вынік, але ён не мяняўся, мы выявілі тое ж самае ў кожнай падгрупе насельніцтва, якую мы вывучалі», - распавёў ён у інтэрв'ю ВВС.

«Гэта цікавая загадка, бо розніца вельмі вялікая: удвая і ўтрая, як для амерыканскага насельніцтва, так і для еўрапейцаў, і гэта дзіўна», - кажа Цім Спектар.

Навукоўцы мяркуюць, што гэта адкрывае новую вобласць для даследаванняў, якія маглі б каб вызначыць, чаму гэта адбываецца. Але ў прафесара Спектара ўжо ёсць свае тэорыі на гэты конт.

«Мы думаем, гэта звязана з тым, што для жанчын больш прывабныя мужчыны з больш цёмным адценнем скуры і наадварот. Але мы не думаем, што гены ў іх розныя. Адрозніваецца экспрэсія гэтых генаў. З нейкіх прычын гены светлых валасоў, якія ёсць пры нараджэнні ў чалавека, з часам застаюцца ў жанчын і знікаюць у мужчын», - мяркуе навуковец.

Калі гэта здагадка дакладная, бландзінка з той жа ступенню імавернасці можа нарадзіць светлавалосых хлопчыка ці дзяўчынку, але хлопчыкі, сталеючы, не захоўваюць дзейсныя гены светлых валасоў.

Змены экспрэсіі генаў, гэта значыць, іх уключэнне і выключэнне, вывучае эпігенетыка.

Падчас даследавання былі выяўленыя 124 гены, якія ўплываюць на колер валасоў чалавека.

Прафесар Спектар мяркуе, што на змены экспрэсіі гэтых генаў могуць уплываць, сярод іншага, і іншыя гены.

Сведчанні гэтага былі выяўленыя падчас доследаў на мышах, якія паказалі, што некаторыя хімікаты, стрэс і гармоны ўплываюць на тое, як выяўляюць сябе гены, якія адказваюць за пігментацыю.

«Часткова гэта могуць быць і эвалюцыйныя прычыны. Для мужчын з большай імавернасцю прывабныя бландзінкі, а ў жанчын вялікім поспехам карыстаюцца цёмнавалосы мужчыны», - падкрэслівае вучоны.

«Шмат што тут - толькі здагадкі, - прызнае навуковец. - Але ўсё гэта адкрывае новую вобласць даследаванняў, накіраваных на тое, каб зразумець, чаму гены праяўляюць сябе па-рознаму ў мужчын і жанчын, і які тут матыў, ці з’яўляецца гэта вынікам нядаўніх культурных зменаў».

Адкрыццё 124 генаў, звязаных з колерам валасоў, таксама выявіла іх сувязь з рознымі тыпамі рака - скуры, яечкаў, прастаты і яечнікаў.

Іншыя гены, якія адказваюць за пігментацыю, як выявілася, уплываюць на імавернасць развіцця хваробы Крона і іншых формаў захворвання кішачніка.

Іншыя даследчыкі, сярод якіх - навукоўцы Медыцынскага цэнтра Універсітэта Эразма ў Ратэрдаме, спадзяюцца, што гэта адкрыццё дапаможа лепш зразумець прычыны гэтых хвароб і стварыць лекі, якія ўплываюць на гэтыя гены.

Гэтыя гены таксама дазваляюць з больш высокай дакладнасцю вызначаць колер валасоў чалавека па ягонай ДНК, што дапаможа крыміналістам у расследаванні злачынстваў, сцвярджаюць даследнікі.