25 красавiка 2024, Чацвер, 9:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Малпа з гранатай»: Хто пацярпеў ад спробаў заблакаваць Telegram у Расеі

8
«Малпа з гранатай»: Хто пацярпеў ад спробаў заблакаваць Telegram у Расеі

«Ваенныя дзеянні» Раскамнагляду супраць мэсэнджара прывялі да блакавання іншых рэсурсаў.

Раскамнагляд другі дзень спрабуе заблакаваць Telegram. Вечарам у панядзелак, 16 красавіка, у пагоні за мэсанджарам установа пачала блакаваць больш за 1 млн IP-адрасоў Amazon і Google. Але раніцай 17 красавіка Telegram прадаўжаў працаваць у кліентаў большасці расейскіх аператараў без дадатковых спосабаў абыходу блакавання (VPN або проксі-сэрвераў), са здзіўленнем пішуць карыстальнікі ў сацсетках. Затое онлайн-крамы, сэрвісы для дастаўкі і нават мэсэнджар-канкурэнт Viber ад блакавання пацярпелі, пішуць «Ведомости».

Онлайн-крамы

Сур'ёзна адбілася блакаванне воблачных сэрвераў Amazon на расейскіх крамах электроннай камерцыі. Са слоў прэзідэнта Нацыянальнай асацыяцыі дыстанцыйнага гандлю (НАДГ) Аляксандра Іванова, у НАДГ звярнуліся дзевяць онлайн-крам, працу якіх парушыла блакаванне Раскамнагляду. Далёка не ўсе выкарыстоўвалі хостынг Amazon, у кагосьці былі іншыя IP-адрасы, распавядае Іваноў. Ацаніць матэрыяльную шкоду цяпер даволі складана: дробны бізнэс асцерагаецца, што публічная заява аб збоях у працы можа прычыніць ім дадатковую шкоду. «Але буянства Раскамнагляду, вядома, уражвае», – рэзюмуе Іваноў. Судзіцца са службай праз страты, з ягоных слоў, прадпрымальнікі асцерагаюцца: як бы апроч фінансавай шкоды не абвінавацілі ў экстрэмізме.

Раскамнагляд мае намер заблакаваць больш за 1 млн IP-адрасоў дзеля забароны Telegram

Абодва сайты онлайн-крам, якія ў якасці хостынгу выкарыстоўвалі Amazon, паводле стану на 10.00 маскоўскага часу не адкрываюцца, кажа прадпрымальніца Вікторыя Грос-Дняпрова. Блакаванне парушыла працу яе онлайн-крамы кветак GiveMe.ru і агенцтва для арганізацыі вяселляў Gross.Wedding. Раніцай у аўторак, 17 красавіка, сайты ў многіх адкрываліся ў Маскве, але хутчэй за ўсё яны падгружаюцца з кэша і аплата не праходзіць, мяркуе Грос-Дняпрова. Дакладную суму стратаў цяпер вызначыць немагчыма, але сярэдні заказ кветак складаў 13 000-19 000 руб. Таму страта нават 2-3 заказаў істотная, кажа прадпрымальніца. Цяпер яна плануе пераносіць онлайн-краму на нямецкі хостынг, але гэта зойме час: ад тыдня, уключаючы перанос сайта і яго налад, да двух – на ліквідацыю ўсіх непаладак.

Увечары 16 красавіка на збоі праз маштабнае блакаванне IP-адрасоў таксама паскардзіліся прадстаўнікі онлайн-школы для вывучэння ангельскай мовы SkyEng. Блакаванне Раскамнаглядам мэсэнджара выпадкова зачапіла частку сэрвераў платформы, у выніку некаторыя карыстальнікі не маглі пачаць урок, паведаміла кампанія на сваёй старонцы ў Facebook. Да раніцы аўторка, 17 красавіка, удалося паправіць не ўсё, але асноўныя непаладкі прыбралі, кажа кіраўнік партнёр SkyEng Аляксандр Лар’яноўскі. У SkyEng на Amazon хосцілася амаль палова платформы, давялося разгортваць усю інфраструктуру зноўку – гэта дадатковыя выдаткі.

Наўпроставая шкода ад пропуску ўрокаў склала блізу 2 млн руб, але пакуль незразумела, ці страціла школа праз збой вучняў. Судзіцца з Раскамнаглядам SkyEng не плануе – навошта марнаваць час на тое, каб даведацца ўсё, што мы і так сёння ведаем, рэзюмуе Лар’яноўскі.

Кур'ерская служба «Птушачка»

Падчас масавага блакавання IP-адрасоў Amazon апынуўся заблакаваным і сайт кур'ерскай службы «Птушачка», паведаміў увечары 16 красавіка гендырэктар кампаніі Уладзімір Кобзеў. На скаргу прадпрымальніка хутка адрэагавалі ў службе падтрымкі Amazon Web Services (яны пацвердзілі блакаванне чатырох падсетак Раскамнаглядам) і памянялі IP-адрасы, якія выкарыстоўваюцца сайтам. Архітэктура сэрвісу такая, што зрабіць самастойна гэта было немагчыма, тлумачыць Кобзеў. Пераезд з сэрвераў Amazon быў бы вельмі непажаданы: у AWS ёсць многія функцыі, якіх няма ў канкурэнтаў.

Да раніцы 17 красавіка сайт «Птушкі» зноў запрацаваў у Маскве, але дагэтуль працуе з перабоямі ў Санкт-Пецярбургу, паведаміў прадпрымальнік. Страты ад блакавання невялікія: «Птушачка» зарабляе на камісіі з кожнай замовы кур’ера, усяго было страчана блізу 80 заказаў, тлумачыць Кобзеў. Але кур'еры панеслі значна больш сур'ёзную фінансавую шкоду, дадае ён. Цяпер Кобзеў кансультуецца з юрыстамі і спадзяецца сабраць групу, каб «сістэмна прэсаваць Раскамнагляд», але пакуль незразумела, што з гэтага выйдзе, дадае ён.

Viber

Масіраванае блакаванне Telegram закранула іншага мэсэнджара – Viber. Некаторыя карыстальнікі з Расеі маглі выпрабоўваць цяжкасці са званкамі па Viber, паведамілі ўвечары ў панядзелак, 16 красавіка, прадстаўнікі мэсэнджара. Яны звязалі збой з праблемамі сувязі на сэрверах Amazon. Інжынеры працуюць над развязаннем пытання, каб максімальна аператыўна вярнуць доступ да сэрвісу.

«Аднакласнікі»

Удзень у аўторак, 17 красавіка, на збоі ў працы паскардзіліся таксама карыстальнікі сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі». «Знікла ўся стужка з афіцыйнай старонкі нашага сайта (больш за 5500 публікацый) і з групы таксама», – пішуць карыстальнікі на сайце Downdetector (збірае інфармацыю аб збоях у інтэрнэт-рэсурсах). Некаторыя карыстальнікі звязалі збоі ў «Аднакласніках» з блакаваннем IP-адрасоў Amazon.

У прэс-службе сацсеткі пацвердзілі, што зафіксавалі збой. Але ён не звязаны з блакаваннямі IP-адрасоў Amazon, запэўнівае прадстаўнік сацсеткі. Тэхнічная служба адновіць працу сэрвісу найбліжэйшым часам, запэўніў ён. Праз 15 хвілін прадстаўнік сацыяльнай сеткі сказаў «Ведомостям», што праблема развязаная, усё працуе.

«Адкрытая навука»

Прадстаўнік Асацыяцыі навукоўцаў і навуковых арганізацый у садзейнічанні павышэння адкрытасці навуковых ведаў «Адкрытая навука» пацвердзіў «Ведомостям», што іх сэрвіс быў заблакаваны, бо ён знаходзіцца на сэрверах Amazon. Найбліжэйшым часам сайт хутчэй за ўсё перавядуць на іншы сэрвер, сказаў ён.

«Лайфхакер»

Блакаванне таксама закранула працу выдання «Лайфхакер». Як распавёў «Ведомостям» выдавец «Лайфхакера» Аляксей Панамар, рэсурс выкарыстаў DNS-сэрвіс ад Amazon Route53, з вечара панядзелка ён таксама апынуўся пад забаронай. У выніку для часткі карыстальнікаў сайт lifehacker.ru перастаў быць даступным. Паводле звестак унутраных сістэм аналітыкі, праблемы з доступам назіраліся прыкладна ў 20% аўдыторыі сайта і мабільных дастасаванняў, паказвае Панамар, Каб ліквідаваць праблему, кампанія правяла замену сэрвісу DNS, але паколькі такія змены распаўсюджваюцца на ўсю аўдыторыю цягам 1,5 дня, частка карыстальнікаў ўсё яшчэ адчувае праблемы з доступам да сайту, кажа Панамар.

Charter97.org

У рэдакцыю сталі паступаць скаргі ад чытачоў з Расеі на праблему з доступам да сайту «Хартыя-97».

Магчыма, цяжкасці з доступам да Charter97.org маглі паўстаць праз блакаванне Раскамнаглядам мэсэнджара Telegram. Першапачаткова Telegram абышоў блакаванне ў Расеі з дапамогай IP-адрасоў кампаніі Amazon, аднак Раскамнагляд заблакаваў больш за паўмільёна з іх. Таксама ў рэестр забароненых сайтаў трапіў блок, які змяшчае больш за мільён IP-адрасоў Google. Сэрверы сайта «Хартыя-97» таксама знаходзяцца ў кампаніі Amazon, таму ў нашых чытачоў на тэрыторыі РФ магчымыя перабоі ў працы сайта.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках