29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Чарнавус: Улады гуляюць з прадпрымальнікамі ў расейскую рулетку

24
Мікалай Чарнавус: Улады гуляюць з прадпрымальнікамі ў расейскую рулетку

Надакучыла жыць у «краіне дэкрэтаў».

Як выжывае малы бізнэс у Беларусі? Улады рапартуюць аб небывалай «лібералізацыі», якую дае беларускім прадпрымальнікам дэкрэт №7. Але гэта на паперы, а напраўду?

«Прадпрымальнікі дагандляваліся да абуха. Тыя, хто стаіць на рынку, у найлепшым выпадку працуюць у нуль. Нічога не зарабляеш, сядзім на хлебе і вадзе», - заявіў у інтэрв'ю сайту Charter97.org прадпрымальнік і грамадскі актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус.

- Ці адчулі вы на сваім бізнэсе эфекты абяцанай «лібералізацыі»?

- Божа, што за трызненне! Ні пра якую лібералізацыі я не чуў. У нас 37-ы год, толькі «варанкоў» не стае і чэкістаў з наганамі. У прадпрымальнікаў не стае грошай, каб заплаціць за арэнду, а голыя месцы канфіскуюцца. Рынак без суда і следства забірае месца. Можа быць, улады гэта мелі на ўвазе, калі казалі пра лібералізацыю? Раней судовы працэс быў патрэбны - а цяпер без суда забралі. Спрасцілі заканадаўства.

Дэкрэт №7, дэкрэт №1, дэкрэт №3 - «абое рабое». Надакучыла жыць у «краіне дэкрэтаў», а напраўду - дурняў.

Прадпрымальнікі дагандляваліся да абуха. Тыя, хто стаяць на рынку, у найлепшым выпадку працуюць у нуль. Нічога не зарабляем, сядзім на хлебе і вадзе.

Калі б не крэдыты і пазыкі - усё б кінулі і закрылі свае пункты.

- Але сыход з бізнэсу прыраўноўваецца да пераходу ў «дармаеды».

- Цалкам дакладна. Улады гуляюць з намі ў расейскую рулетку. Сыходзіш з бізнэсу - «дармаед», дапрацаваў да пенсіі - жабрак. Ведаеце якую пенсію атрымліваюць прадпрымальнікі? 180 рублёў. Хто сабе зычыць такой будучыні? Таму ніхто не хоча займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Працы няма, паўсюль ідуць скарачэнні.

Ходзяць па рынку людзі, просяцца ў прадаўцы, нават на заробак 100 рублёў ахвотна знойдуцца. Але бізнэс не гатовы іх прыняць, мы самі ў бядзе.

- Да чаго могуць прывесці недальнабачныя крокі дзяржавы ў дачыненні да ІП?

- Ведаеце, «чорныя лебедзі» ўжо паляцелі. Ёсць шмат прыкмет таго, што ў нашай эканоміцы пачаліся незваротныя працэсы. У мяне ёсць знаёмыя людзі, якім няма чаго есці. Гэтага не было з часоў вайны. Людзі кажуць, што галадаюць па пяць дзён, дзесяць дзён. Што далей? Талоны?

Асабіста я чакаю паўтарэння падзей мінулага года, калі спачатку выйшлі «дармаеды», затым да іх далучыліся неабыякавыя беларусы. Гэта нармальная рэакцыя сталага грамадства.

Мы самі сябе дзелім на нейкія касты: «дармаеды», прадпрымальнікі, апазіцыя. Думаем, што калі сёння «ўдарылі» па «дармаедах» - гэта нікога не тычыцца. Глупства абсалютнае. Паглядзіце на гісторыю нашай краіны. У 2010 годзе ўдарылі па апазіцыі, потым узяліся за прадпрымальнікаў, цяпер душаць «дармаедаў». Пакуль мы будзем думаць, што «наша хата з краю» - будзе трапляць ва ўсіх.

Беларусы павінны быць адной вялікай сям'ёй. Пакрыўдзілі брата-«дармаеда» - адказалі ўсе разам, аштрафавалі актывіста - адказалі. Толькі тады Беларусь стане вольнай.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках