25 красавiка 2024, Чацвер, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Землякі распавялі пра міліцэйскага начальніка, які ўчыніў у Менску п'яны дэбош

Землякі распавялі пра міліцэйскага начальніка, які ўчыніў у Менску п'яны дэбош
ФОТА: BELTA

У паслужным спісе начальніка Гомельскага РАУС шмат што звяртае на сябе ўвагу.

Ад «зразумець і дараваць» да «жорстка пакараць і звольніць». Так на інфармацыю аб п'яным дэбошы начальніка Кастрычніцкага РАУС Гомельшчыны рэагуюць мясцовыя жыхары, паведамляе «Белсат».

Правіна Генадзя Маджары не засталася незаўважанай, але ці належным чынам адрэагуе на яе міліцэйскае кіраўніцтва?

Глыбінная рэформа Міністэрства ўнутраных спраў, якую 6 гадоў таму абяцаў распачаць новапрызначаны міністр Шуневіч, прадугледжвала стварэнне пазітыўнага іміджу беларускага міліцыянта. Пазітыўныя ацэнкі, вядома, гучаць, але толькі на Дзень міліцыі, у іншыя ж дні – ад іміджу не застаецца нічога. Гэтак, у гарадскім пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне, цяпер бурна абмяркоўваюць паводзіны свайго міліцэйскага начальніка. Генадзь Маджара паехаў у сталіцу павышаць прафесійную кваліфікацыю, але павысіў градус ды зладзіў у сталічнай кавярні дэбош, пасля якога трапіў у выцвярэзнік.

«Начальнік міліцыі павінен паказваць прыклад сумлення, шчырасці, годнасці. У гэтай сітуацыі што паказаў начальнік міліцыі?», – запытаўся блогер Андрэй Павук у байкера?

«Сваю годнасць!», – са смехам адказаў ён.

Павук: «За такую «годнасць» трэба караць»

«Чаму звычайных людзей звальняюць з працы пасля такіх выпадкаў? І мне падаецца, што і кіраўніка міліцыі трэба паказальна звольніць», – мяркуе Павук.

Што на такія ж паводзіны свайго падначаленага сказаў міністр Ігар Шуневіч – дагэтуль не вядома, хоць пасля прыкрага інцыдэнту прайшоў амаль тыдзень.

«Гэта не шараговы працаўнік, усё ж ён узначальваў, займаў пэўную пасаду, папрацаваў дастаткова, таму, відавочна, узялі тайм-аўт, каб вызначыцца», – кажа праваабаронца Алег Воўчак.

Але ёсць і іншая прычына.

«У іх няма сёння кадраў, каб пад 100 % звальняць з міліцыі, бо ідзе вялікі недабор», – кажа Воўчак.

«Ён збіваў мяне, ламаў рукі-ногі»

А такія кадры, як Генадзь Маджара, – на вагу золата. Ён і злачынцу знойдзе, і апазіцыянера ды незалежнага журналіста паб’е. Гэтак, да пачатку гэтага года Маджара працаваў першым намеснікам начальніка Лоеўскага РАУС’у. Тут 2 гады таму і адбылося прыкрае знаёмства з ім журналіста Кастуся Жукоўскага.

«Ён збіваў мяне, ламаў рукі-ногі, хапаў за шыю, душыў, потым ставіў ногі на галаву свае, скокаў па галаве нагамі. Таксама кайданкі сціскаў і скокаў па кайданках», – узгадвае журналіст.

Кастусь Жукоўскі, вядомы сваімі журналісцкімі расследаваннямі, паехаў у Лоеў, каб і ў справе высокапастаўленага міліцыянта правесці сваё следства.

«Я апытаў больш за 100 людзей сёння. 50 чалавек фактычна адмаўляюцца казаць не таму, што не ведаюць, а таму, што баяцца», – распавядае Жукоўскі.

Не забаялася і як магла апраўдала міліцыянта ягоная хросная.

«Ён мой хрэснік, ён мой самы залаты, дарагі. У гэты дзень у яго была гадавіна па маці. Ён не змог прыехаць сюды памянуць маці і, відаць, з гэтай нагоды выпіў. Ведаеце, у кожнага свае нервы, расстроіўся», – уступаецца за Маджару ягоная хросная.

«Усе людзі кажуць – казёл!»

А вось што распавядаюць іншыя жыхары Лоева:

– Завялі туды ў міліцыю, галавой білі, бляха, аб падлогу! Ой!

– Усе людзі кажуць – казёл!

– Яму не месца ў органах унутраных спраў.

Не забаяўся пасля свайго збіцця распавесці пра манеры Генадзя Маджары Кастусь Жукоўскі. Сам міністр Шуневіч тады абяцаў разабрацца ў справе, і калі б ён тады прыслухаўся да журналістаў «Белсату», то не давялося б цяпер чарговы раз праз аднаго і таго ж міліцыянта адмываць заплямлены імідж.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках