19 красавiка 2024, Пятніца, 23:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВВС: Якая ІТ-краіна, калі тут пануе чыноўнік з дубінай?

9
ВВС: Якая ІТ-краіна, калі тут пануе чыноўнік з дубінай?

У Беларусі робяць больш жорсткім кантроль за інтэрнэтам.

Узмацненне жорсткасці кантролю над інтэрнэтам сведчыць пра набліжэнне палітычных і эканамічных выпрабаванняў для ўлады, мяркуюць аналітыкі ў Менску, паведамляе расейская служба ВВС.

Інтэрнэт-рэсурсы як СМІ

Інтэрнэт-рэсурсам прапануюць добраахвотна зарэгістравацца ў якасці СМІ. З гэтага часу «сеткавае выданне» абавязана стаць юрыдычнай асобай, з юрыдычным адрасам у памяшканні нежылога фонду і рэдактарам, якія мае беларускі пашпарт і не менш як пяцігадовы стаж працы на кіроўных пасадах у СМІ.

Пакуль можна не рэгістравацца, але ў гэтым выпадку ўладальнікі і рэпарцёры такіх інтэрнэт-рэсурсаў не прызнаюцца журналістамі, не маюць права на атрыманне і абарону крыніцы інфармацыі, а пры з'яўленні на масавых акцыях прыраўноўваюцца да дэманстрантаў.

Новыя нормы закона ўводзяць абавязковую ідэнтыфікацыю асоб, якія размяшчаюць матэрыялы ці каментары на усіх (зарэгістраваных і не) сайтах і форумах; абавязковую мадэрацыю; дапускаюць блакаванне сацсетак і абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у пазасудовым парадку.

У адрозненне ад прынятага ў 2014 годзе «жорсткага», паводле ацэнак праваабаронцаў і шэрагу журналісцкіх арганізацый, закона аб СМІ, папраўкі ў дзейнае заканадаўства былі апублікаваныя загадзя і выклікалі актыўнае абмеркаванне.

І прыхільнікі, і крытыкі адпраўленых ў «парламент» паправак сыходзяцца ў меркаванні: вырак вядомы.

Калі схема кантролю і пакаранняў зарэгістраваных і незарэгістраваных СМІ выпрабаваная дзейнымі законамі, то новаўвядзенне аб ідэнтыфікацыі на форумах і ў сацсетках крытыкі называюць палётам адміністрацыйных фантазій.

Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі ў інтэрв'ю найбуйнейшаму беларускаму парталу TUT.BY растлумачыў, што інтэрнэт-каментатараў не маюць намеру пазбаўляць нікаў, але рэальныя звесткі пра іх павінны быць ва ўладальніка партала - для прыцягнення «ананіма» да адказнасці ў выпадку парушэння дзейных законаў і нормаў маралі.

«Відавочна, што пасля змены топ-каманды ў Мінінфарм не засталося людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам. А газетчыкі не разумеюць, што змена крыніцы інфармацыі або месца для абмеркавання навін з беларускага на замежнае праводзіцца карыстальнікам адным націскам без усякага дазволу дзяржавы і цалкам бясплатна, - парыруе ў «Фэйсбуку» стваральнік TUT.BY Юрый Зісер. - Ну а патрабаванне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў прывядзе да іх зыходу на замежныя сайты, дзе няма абмежаванняў і можна пісаць па-расейску».

Распрацоўнікі паправак у закон аб СМІ прызнаюць: спатрэбяцца падзаконныя акты, пастановы і інструкцыі для рэалізацыі пастаноў аб блакаваннях і абавязковай ідэнтыфікацыі асоб, якія пішуць, здымаюць ці размаўляюць.

Але дзясяткі аналітыкаў і інтэрнэт-карыстальнікаў следам за Зісерам пытаюцца: што яшчэ можна рабіць больш жорсткім, калі кожны сайт можа быць законным чынам заблакаваны ў Беларусі цягам хвілін без суда і следства?

Заблакаваны некалькі месяцаў таму апазіцыйны сайт «Хартыя97» афіцыйна не даступны карыстальнікам у Беларусі; «Беларускі партызан», які зазнаў блакаванне, саступіў патрабаванням Мінінфарма, перайшоў у зону .by і адмовіўся ад публікацыі каментароў.

«Ідэя зраўняць у правах і абавязках традыцыйныя СМІ і інтэрнэт-медыя справядлівая, - піша Юры Зісер. - Незразумела толькі, чаму гэта трэба рабіць шляхам узмацнення жорсткасці рэгулявання інтэрнэт-медый, а не наадварот - поўным або частковым зняццем ужо існых залішніх патрабаванняў да традыцыйных СМІ».

«Дзяржаўная справа»

Задача новага закона аб СМІ - «абараніць людзей ад дэструктыўнай інфармацыі», заявіў Лукашэнка, сустракаючыся 10 красавіка з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ.

«СМІ - гэта святое. І калі дзяржава можа трымаць у руках гэтыя СМІ - фінансуючы, падтрымліваючы і іншае, асабліва электронныя, - дзяржава гэта павінна рабіць. Гэта вельмі дзяржаўная справа. А калі прыватныя, то мы павінны так дамовіцца з прыватнікам, каб ён абавязкова выконваў сваю дамоўленасць», - падкрэсліў Лукашэнка.

Кіраўнікі дзяржорганаў і кантраляванай уладамі прэсы актыўна падтрымліваюць пазіцыю беларускага правадыра.

«Законапраект, які абмяркоўваецца цяпер, заснаваны на сусветным досведзе. Замест вольніцы, зласлоўя мы атрымаем камфортнае інтэрнэт-асяроддзе, абароненае законам», - заявіў у газеце «Савецкая Беларусь» міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Чаму менавіта цяпер?

Аналітыкі ў Менску ўпэўненыя: узмацненне кантролю над прэсай сведчыць пра набліжэнне палітычных і эканамічных выпрабаванняў для ўлады.

У пачатку красавіка Лукашэнка аднавіў у сваёй адміністрацыі пасаду намесніка кіраўніка ў ідэалогіі, скасаваную ў лютым 2017 года. Былому вайскоўцу, юрысту Уладзіміру Жаўняку правадыр паставіў задачу «асучасніць» сістэму ідэалагічнай работы ў краіне; у сферу адказнасці Жаўняка вызначана таксама куратарства СМІ і грамадскіх арганізацый.

Без відавочнай падставы нядаўна кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла журналістам аб правілах правядзення рэферэндуму ў Беларусі. І хоць прэзідэнт Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ запэўніў, што час для рэферэндуму яшчэ не прыйшоў, у краіне актыўна абмяркоўваецца, якія змены ў Канстытуцыю рыхтуюць улады.

Экспэрты сыходзяцца ў меркаванні, што на «абмеркаванне з народам» будзе вынесенае пытанне аб стаўленні да смяротнага пакарання, і называюць гэта рэверансам Лукашэнкі ў бок Еўропы, якая даўно і настойліва патрабуе скасавання смяротнага пакарання ў Беларусі - адзінай еўрапейскай краіне, дзе выкарыстоўваецца такі тып пакарання.

Ва ўнутранай палітыцы пры гэтым, як мяркуюць аналітыкі, Лукашэнка можа пайсці на павелічэнне свайго прэзідэнцкага тэрміну і далейшае зацісканне ў дачыненні да крытыкаў ягонай камандна-адміністрацыйнай мадэлі.

Узмацненне жорсткасці закона аб СМІ напярэдадні магчымага рэферэндуму ўпісваецца ў практыку беларускіх уладаў, традыцыйна карэктаваць гэты закон за год-два да прэзідэнцкіх выбараў.

«Гэта абсалютна грубая і недальнабачная пастанова, бо ўсё адно цалкам знішчыць інтэрнэт немагчыма. А вось яшчэ больш пагоршыць свой імідж лёгка, хаця беларускія ўлады і так называюць ворагамі інтэрнэту, ворагамі свабоды выказванняў, - заўважае Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык «Беларускіх навін». - Пагаршэнне іміджу зусім недарэчна менавіта сёння, калі кіраўніцтва Беларусі патэтычна абвясціла, што яно ўзяло курс на ІТ-краіну. Якая ІТ-краіна, калі тут пануе чыноўнік з дубінай?».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках