25 красавiка 2024, Чацвер, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабоду не выпрошваюць

33
Свабоду не выпрошваюць
Мікалай Статкевіч

Свабоду забіраюць у падоння, якое скрала яе ў нас.

Для прыстойных людзей улада - гэта цяжкая адказнасць. Для нізкіх - наркотык, якога ім хочацца ўсё больш і больш.

Вы шмат ведаеце наркаманаў са стажам, якія самахоць "заламалі сухой асінкай"? Якія паддаліся на просьбы і лагічныя перакананні?

Упрошваць прыахвочанага да наркотыка абсалютнай улады агідніка самахоць адмовіцца хаця б ад яе часткі - занятак бессэнсоўны і прыніжальны.

Тым не менш, мы назіраем дзеячаў, якія зрабілі выпрошванне дэмакратычных перамен у "перасядзента" і ягоных лёкаяў сваёй асноўнай палітычнай стратэгіяй. Для некаторых досыць прыбытковай, як я разумею.

Дайшло да таго, што ўжо старшыні "апазіцыйна-канструктыўных" партый напрошваюцца на прыйманне да чыноўнікаў, якія ў аўтарытарнай сістэме прынцыповых пытанняў не разглядаюць. На прэзідэнцкія выбары ладзяцца - нібыта канкураваць на роўных з галоўным у сістэме. А тут - прыніжаюцца перад "...сабакам дворніка, каб лагодным быў".

Ну добра нашы. Хто баіцца, каго зламалі, а каго і падпісалі. Але нават некаторыя еўрапейскія палітыкі ці чыноўнікі ўпрошваюць "перасядзента" хаця б паказаць у нас крышку вольнасці. Напрыклад, яшчэ некалькі "апазіцыйных" лялек у які-небудзь сельсавет "дэпутатамі" прызначыць. Каб еўрапейцам не так сорамна было заплюшчваць вочы на тое, што ў нас чаўпецца.

Ім жа дзеля чаго прыніжацца? Праўда, такія могуць прыніжэння і не адчуваць. Бо як у несвабоднай краіне ёсць унутрана вольныя людзі, так і ў свабоднай не бракуе людзей з рабскай псіхалогіяй.

Свабоду не выпрошваюць. Свабоду забіраюць у падоння, якое скрала яе ў нас.

Калі мы хочам нармальна жыць на сваёй зямлі, нам давядзецца яе вызваліць ад іх.

Мікалай Статкевіч, Фэйсбук

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках