28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэпарцёры без межаў»: Беларускае заканадаўства аб СМІ стала яшчэ больш рэпрэсіўным

2
«Рэпарцёры без межаў»: Беларускае заканадаўства аб СМІ стала яшчэ больш рэпрэсіўным

Міжнародная арганізацыя дала ацэнку папраўкам у закон аб СМІ.

«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць беларускія ўлады перагледзець драконаўскія раздзелы новага закона аб сродках масавай інфармацыі, які выклікае сур'ёзную занепакоенасць, і прыняць да ўвагі прапановы незалежных журналістаў, паведамляе Charter97.org.

Улады сцвярджаюць, што закон «заснаваны на міжнароднай практыцы» і накіраваны на забеспячэнне роўнасці паміж журналістамі і ператварэнне інтэрнэту ў «абароненую прастору». Аднак, незалежныя журналісты, якія цягам доўгага часу скардзіліся на рэпрэсіўныя раздзелы дзейнага закона аб сродках масавай інфармацыі, уважаюць новы законапраект за яшчэ больш пагрозлівы, асабліва ў дачыненні да інтэрнэт-рэсурсаў.

«Перагляд беларускага заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі пажаданы, калі маецца на ўвазе наданне прэсе большай свабоды, аднак рэформы, прапанаваныя ўрадам, на жаль, нацэленыя на супрацьлеглае», - заявіў Ёхан Бір, кіраўнік бюро Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі «Рэпарцёраў без межаў».

«Замест ліквідацыі незаконных перашкод да ажыццяўлення медыйнай дзейнасці, яны робяць больш жорсткімі рэпрэсіўныя раздзелы, асабліва ў дачыненні да інтэрнэту. Мы заклікаем улады змяніць законапраект з улікам прапаноў сродкаў масавай інфармацыі».

Двухузроўневая сістэма для інтэрнэт-медыяў

Беларускія СМІ вымушаныя праходзіць складаную працэдуру рэгістрацыі, якую ўлады могуць выкарыстоўваць, каб абясшкодзіць крыніцы, якія іх крытыкуюць. Замест спрашчэння працэдуры, законапраект прадугледжвае яе распаўсюд на вэб-сайты навін. Выдача ліцэнзіі будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з жорсткімі ўмовамі: інфармацыйны сайт не можа падтрымлівацца з жылога памяшкання, галоўны рэдактар абавязаны быць грамадзянінам Беларусі з досведам работы на кіроўнай журналісцкай пасадзе не менш за 5 гадоў.

Паводле новага закона, інтэрнэт-рэсурсы не абавязаныя атрымліваць ліцэнзію, але ў гэтым выпадку іх правы будуць абмежаваныя. Без ліцэнзіі яны не змогуць запытваць інфармацыю ў дзяржаўных органах, а іх рэпарцёры не атрымаюць афіцыйны статус журналіста. Гэта не дазволіць ім атрымаць акрэдытацыю на афіцыйныя мерапрыемствы, і павялічыць пагрозу арышту падчас асвятлення дэманстрацый. У той жа час адсутнасць ліцэнзіі не вызваляе іх ад абмежаванняў і санкцый, якія дзейнічаюць у дачыненні да ўсіх СМІ.

Больш жорсткія, самачынныя пакаранні

У адпаведнасці з прапанаваным законам улады змогуць заблакаваць усякі онлайн кантэнт без пастановы суда з яшчэ больш туманных прычын, чым цяпер.

Яны змогуць проста заявіць, што сайт «распаўсюджвае нелегальны кантэнт» або выкарыстоўваецца для «незаконнай дзейнасці» - надзвычай нявызначаныя паняцці, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як заўгодна шырока.

«Пры адсутнасці тэхнічных сродкаў» для блакавання канкрэтнай вэб-старонкі ўлады будуць упаўнаважаныя заблакаваць вэб-сайт цалкам. Законапраект не прадугледжвае магчымасці апеляцыі пастаноў Міністэрства інфармацыі, якое адзінае будзе ўпаўнаважанае выключаць сайты з афіцыйнага чорнага спісу. Ліцэнзіі заблакаваных сайтаў будуць адклікацца аўтаматычна, у той час як у дачыненні да традыцыйных СМІ гэтая працэдура ажыццяўляецца з дазволу суда.

У дадатак да санкцый, ужо прадугледжаных законам у дачыненні да большасці выпадкаў, «распаўсюд нелегальнага кантэнту» будзе карацца буйнымі штрафамі. СМІ, для прыкладу, могуць быць аштрафаваныя на максімальную суму да 12 200 рублёў (5 000 еўраў) за распаўсюд інфармацыі пра забароненыя апазіцыйныя партыі або інфармацыю, прызнаную «экстрэмісцкай».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках