19 красавiка 2024, Пятніца, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны Арменіі: Мы шкадуем, што Беларусь прадае Азербайджану «Паланэзы»

9
Мінабароны Арменіі: Мы шкадуем, што Беларусь прадае Азербайджану «Паланэзы»

Ерэван занепакоены дзеяннямі афіцыйнага Менска.

Як паведаміў «Радыё Азатуцюн» прэс-сакратар Міністэрства абароны Арменіі Арцрун Аванісян, Мінабароны Арменіі рэагуе на інфармацыю аб продажы Беларуссю Азербайджану рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА) «Паланэз» і выказвае шкадаванне ў сувязі з продажам узбраення Баку.

Згодна з сённяшняй публікацыі маскоўскай газеты «Коммерсантъ», хаўрусніца Арменіі па лініі АДКБ Беларусь плануе прыступіць да выканання першага экспартнага кантракту на пастаўку РСЗА «Паланэз» Азербайджану. Са спасылкай на сваю крыніцу, блізкую да Мінабароны Беларусі, выданне піша, што першы кантракт мае на ўвазе перадачу 10 камплектаў РСЗА (туды ўваходзяць ракеты, транспартна-зарадныя машыны, пункт кіравання, радыёлакацыйныя станцыі і г.д.), юрыдычныя дакументы знаходзяцца на фінальнай стадыі, а кліент «заканчвае развязваць свае фінансавыя пытанні».

«Мы шкадуем, што незалежна ад таго, хто з'яўляецца прадаўцом - член АДКБ або іншая дзяржава, такой дзяржаве, як Азербайджан, дзяржаве, якая фактычна не мае ніякага грамадзянскага кантролю над узброенымі сіламі, дзяржаве, якая праводзіць палітыку дэстабілізацыі ў рэгіёне, дзяржаве, якая ўстала на дэструктыўны шлях і мілітарызуе сітуацыю, такой дзяржаве наогул прадаюць узбраенне. Мы выказваем у сувязі з гэтым шкадаванне.

Нягледзячы на тое, як і чым узбройваецца Азербайджан, адкуль ён набывае гэтае ўзбраенне, для забеспячэння нашай баяздольнасці мы заўсёды рабілі і робім адпаведныя крокі», - сказаў Арцрун Аванісян.

Паводле наяўнай інфармацыі, сістэмы «Паланэз» з'яўляюцца больш дальнабойнымі, чым вядомыя сістэмы «Смерч», прададзеныя Азербайджану іншай краінай-членам АДКБ - Расеяй, якія азербайджанскія ВС выкарыстоўвалі падчас чатырохдзённай красавіцкай вайны 2016 года ў Карабаху. «Паланэз» можа наносіць удары з адлегласці да 200 кіламетраў. Восем ракет калібру 301 мм і даўжынёй 7,2 метра могуць запускацца цягам усяго 50 секунд. Адзначаецца, што дзевяці такіх сістэм дастаткова, каб знішчыць аб'екты праціўніка на тэрыторыі плошчай 100 квадратных кіламетраў.

На пытанне, ці робяць у Міністэрстве абароны высновы з таго факту, што краіна-член АДКБ прадае Азербайджану наступальныя ўзбраенні, Аванісян адказаў: «Да сказанага я нічога не магу дадаць у гэтай частцы. Звычайнае або незвычайнае ўзбраенне. Такое ўзбраенне Азербайджан спрабаваў набыць, набываў і будзе спрабаваць набыць. Мы гэта ўлічваем».

А на пытанне аб тым, ці будзе гэтае пытанне ўздымацца ў АДКБ, дзе цяпер старшынюе Арменія, прадстаўнік Мінабароны адказаў: «Я не ўпаўнаважаны адказваць на такія пытанні».

На думку Аванісяна, набыццё гэтых сістэм Азербайджанам не будзе мець «ніякіх наступстваў у наўпроставым сэнсе» на лініі судакранання.

Адрэагавалі таксама ў Міністэрстве замежных спраў Арменіі. «Наша пазіцыя што да продажу якой-небудзь краінай зброі Азербайджану не змянілася, яна вядомая і неаднаразова выказвалася на самым высокім узроўні. Што тычыцца названай Вамі канкрэтнай інфармацыі, то яна апублікаваная са спасылкай на ананімныя крыніцы, таму я мяркую, што неабходнасці ў афіцыйным каментары МЗС няма», - сказаў прэс-сакратар замежнапалітычнага міністэрства Арменіі Тыгран Балаян.

На пытанне, ці мае намер Арменія падняць гэтае пытанне ў АДКБ, калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, Балаян адказаў: «Дыпламатыя - гэта не мастацтва «калі», а канкрэтных фактаў. Адказваючы на Вашае першае пытанне, я сказаў, што наша пазіцыя ў продажы зброі Азербайджану вядомая і яна не змянілася».

Аднак, на думку намесніка кіраўніка апарата прэзідэнта Нагорнага Карабаха Давіда Бабаяна, калі інфармацыя аб продажы пацвердзіцца, Арменія павінна падняць гэтае пытанне ў АДКБ. «Гэта, здаецца, з'яўляецца працягам той справы Лапшына... Як можна было прадаць такой краіне такую зброю? Азербайджан купляе гэту зброю не для абароны, а для нападу, забойства, знішчэння. Гэта радыкальна не зменіць сітуацыю. Аднак, натуральна, можа павысіць напружанасць», - сказаў Бабаян.

Са слоў кіраўніка Армянскага інстытута міжнародных пытанняў і пытанняў бяспекі Сцяпана Сафарана, сённяшняя публікацыя «Коммерсанта» - яшчэ адно сведчанне таго, што АДКБ з'яўляецца фармальнай структурай і не мае дачынення да гарантавання бяспекі Арменіі.

«Гэта азначае, што ў Арменіі няма сістэмы калектыўнай бяспекі, чым спрабавалі падмануць грамадства і цяперашнія, і папярэднія ўлады, якія ўхвалілі або апраўдвалі сяброўства Арменіі ў гэтай структуры, ці нават абудзілі ў грамадстве надзеі на тое, што паказаная структура калі-небудзь абароніць або ўмацуе абараназдольнасць Арменіі», - у гутарцы з «Радыё Азатуцюн» сказаў Сафаран.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках