29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуціна будуць «ціснуць» на ўсіх франтах

16
Пуціна будуць «ціснуць» на ўсіх франтах
Фота: EPA

Захад падышоў да «моманту праўды».

Пасля хімічнай атакі ў Сірыі і ў выніку ракетных удараў ЗША і хаўруснікаў па аб'ектах, падкантрольным Башару Асаду, Уладзімір Пуцін і Захад падышлі да небяспечнай лініі. З аднаго боку, у Крамля застаецца толькі адзін сур'ёзны козыр - ядзерная зброя - што ставіць свет на мяжу вялікай вайны. З іншага боку, у выпадку паразы РФ у Сірыі, Захад будзе ціснуць на Пуціна на ўсіх франтах, у тым ліку аб пытаннях Данбаса і Крыма.

Такое меркаванне выказаў "Апострафу" дырэктар ваенных праграм Цэнтра Разумкова Мікалай Сунгуроўскі:

- У Сірыі яшчэ раз адбыўся пераход чырвонай лініі з нагоды выкарыстання хімічнай зброі, якую паставілі і ЗША, і Францыя, і Захад наогул. У гэтым выпадку гэтая зброя - нейкі крытэр, ключавы пункт. А, у прынцыпе, Захад не задавальняе самая палітыка Расеі, і не толькі ў Сірыі. Вельмі многія экспэрты сыходзяцца на тым, што ўтрыманне рэжыму Башара Асада пры ўладзе не з'яўляецца галоўнай мэтай расейскай палітыкі. Асноўная мэта - паказаць, што Расея "ого якая", што ўсе перад ёй дрыжаць, усе ёй гатовыя саступаць ва ўсім на першае ж яе патрабаванне.

У гэтым выпадку, калі б Расеі атрымалася прымусіць Дональда Трампа пайсці на нейкія саступкі або адмовіцца ад нанясення ўдару, то гэта было б відавочнай перамогай.

Але што такое Расея і што такое Амерыка? Гэта розныя вагавыя катэгорыі. Яны могуць цягацца хіба што паводле (памеру) тэрыторыі, і не больш за тое. Паводле ВУП розніца ў дзясяткі разоў, паводле вайсковага бюджэту - таксама, паводле вайсковай моцы – проста непараўнальна. І толькі ядзерная зброя з'яўляецца адзіным козырам у рукаве ў Пуціна. І развіццё ўсёй гэтай сітуацыі прывяло да таго, што два бакі падышлі да нейкай крытычнай мяжы, за якой ідзе Трэцяя сусветная вайна.

Гэта досыць сур'ёзная сітуацыя, паўтор Карыбскага крызісу, і ад абодвух бакоў патрабуюцца вялікая вытрымка і разважлівасць. Зразумела, што Штаты не будуць адступаць назад, інакш яны б паказалі на ўвесь свет, што з'яўляюцца слабакамі. І таму ўсе чакаюць ходу ў адказ ад Расеі – ці будзе яна адступаць ці будзе адказваць. Бо начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў казаў (яшчэ да ракетнага ўдару па Сірыі, - "Апостраф"), што "мы будзем збіваць не толькі ракеты, але і ударым па пускавым устаноўкам". А гэта безадказная заява з расейскага боку, бо ў яе таксама ёсць пускавыя ўстаноўкі, адкуль будуць выпускацца гэтыя ракеты. Яны імгненна будуць знішчаныя. А далей - толькі ядзерныя сілы (у выніку Расея не адказала нічым, акрамя грозных заяваў і фэйку пра ўдар у Сірыі на сваёй ТВ, - "Апостраф").

Калі ж Расея саступіць у сітуацыі ў Сірыі, гэта будзе яе параза ад заходняй кааліцыі. І пасля гэтага ўжо пачнецца наступ па ўсіх лініях: эканамічнай, фінансавай, інфармацыйнай і гэтак далей. Расею пачнуць ціснуць, каб яна нарэшце прыйшла ў тыя межы, з якіх выйшла. І тут можа быць дзве сітуацыі: ці Расея пойдзе на кампраміс наконт Данбасу і Крыму, ці Пуцін узлуецца яшчэ больш і зладзіць апошні пшык. Гэта значыць пачне нейкі наступ.

Пачаць наступ сіламі тых двух карпусоў (так званых "армейскіх карпусоў ДНР-ЛНР", - "Апостраф"), якія ёсць на Данбасе? Гэта асаблівага эфекту не дасць. Украіна ўжо мае Узброеныя сілы, што пераўзыходзяць патэнцыялам сілы (баевікоў), якія размешчаныя на Данбасе. Калі ж адкрыта задзейнічаць артылерыю, ракетныя войскі і авіяцыю рэгулярных войскаў - гэта ўжо адкрыты ўдзел у канфлікце, які прывядзе да таго, што Расею проста прызнаюць бокам канфлікту, з прычыны чаго яна пазбавіцца права вета ў Радзе бяспекі ААН. На гэта Пуцін наўрад ці пойдзе, калі ён умее пралічваць крокі наперад. Таму што пасля гэтага ў яго ўжо ніхто не будзе пытацца: "А ці патрэбныя там міратворчыя сілы?", "Які склад гэтых міратворчых сіл?" Краіна, якая ўдзельнічае ў канфлікце, не бярэ ўдзелу ў галасаванні ў такіх пытаннях.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках