19 красавiка 2024, Пятніца, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васьмярых жыхароў Віцебска аштрафавалі за піццё гарбаты

67
Васьмярых жыхароў Віцебска аштрафавалі за піццё гарбаты

Беларусаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за «сход» у прыватным памяшканні.

Восем жыхароў Віцебска сабраліся ў дзень Канстытуцыі на прыватнай тэрыторыі, каб пагаварыць аб жыцці і космасе, папіць гарбаты. Але праз некаторы час былі затрыманыя міліцыянтамі, дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС і абвінавачаныя ў «парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» (арт 23.34 КоАП РБ), паведамляе «Віцебская вясна». Адміністрацыйную справу разгледзеў учора, 19 красавіка, суд Віцебскага раёна.

Як распавялі падчас судовага паседжання абвінавачаныя, у кватэру, дзе праходзіла сустрэча, нечакана ўвайшлі (дзверы былі незамкнутыя) пяцёра чалавек у цывільным, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС і заявілі, што віцябляне парушаюць заканадаўства. Усіх папрасілі прайсці ў аддзяленне міліцыі для складання пратаколу.

Паведаміў ананім

Кіраваў гэтай «спецыяльнай аперацыяй» старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вераксо, які выступіў у судзе ў якасці сведкі. Паводле ягоных слоў, інфармацыю аб тым, што ў пэўным месцы рэгулярна збіраюцца людзі, якія "вызнаюць нейкую філасофію", ён атрымаў ад ананіма - нібыта жыхара таго самага дома, дзе праходзіла сустрэча.

«Прагучала назва «Сінтэз Фа». Паглядзеў, што гэта такое, у інтэрнэце. І там жа, на сайце арганізацыі, знайшоў спіс, у якім фігуравалі 16 прозвішчаў, 8 з якіх належалі людзям, якія ўдзельнічалі ў сходзе. Гэта і стала падставай», - растлумачыў Вераксо.

І падумаць не маглі, што гэта сход

У сваю чаргу абвінавачаныя - усе людзі сярэдняга і паджылага ўзросту - заявілі ў судзе, што арганізацыя «Сінтэз Фа» ім невядомая і яны не з'яўляюцца яе чальцамі. Між тым, не аспрэчвалі той факт, што падчас сустрэч, якія здараліся раз ці два на месяц, абмяркоўвалі пытанні сэнсу жыцця і космасу. Маглі закранаць у тым ліку і нейкія аспекты так званай «філасофіі сінтэзу». Усё гэта адбывалася ў форме дыскусіі, мазгавога штурму.

15 сакавіка хацелі пагаварыць пра розум і інтэлект, але, са слоў адной з удзельніц, паспелі толькі абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубка свету і дакументальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс, - як прыйшлі міліцыянты.

«Мы пра ўсё гаварылі. А не звярталіся па дазвол, бо нават і падумаць не маглі, што гэта можна кваліфікаваць як «несанкцыянаваны сход», - сказала адная з удзельніц працэсу Святлана, якую абвінавацілі «ў арганізацыі масавага мерапрыемства».

"Калі вам адмовілі - навошта піць гарбату?»

Згодна з тлумачэнням Святланы, у 2016 годзе яны спрабавалі зарэгістраваць у Віцебску арганізацыю, але ім адмовілі ў рэгістрацыі. Мэтай арганізацыі была філасофска-асветніцкая праца. Пасля гэтага некаторыя з заяўнікаў сталі чальцамі арганізацыі «Час жыць», але і яна праіснавала нядоўга.

«Калі вы хацелі зарэгістравацца і вам адмовілі, то для чаго тады збірацца піць гарбату? Такая мая логіка», - адзначыў на гэта інспектар міліцыі Сяргей Вераксо.

«Дзе наш інтэлект і наша развіццё?»

Адная з абвінавачаных, жанчына сталага ўзросту, нават папрасіла суддзю паспрыяць у рэгістрацыі аб'яднання, на што той толькі ўсміхнуўся.

«Мы ж хацелі зарэгістраваць арганізацыю для развіцця чалавека. Лукашэнка ж таксама кажа, што трэба «развіваць свайго чалавека ў Беларусі», каб быў здаровы і развіты. А так - дзе наш інтэлект і наша развіццё?» - казала пенсіянерка.

«Мы прыйшлі на сустрэчу сяброў адзначыць свята Канстытуцыі. Нічога забароненага мы не робім», - дадала. І прызналася, што пасля візіту ў аддзяленне міліцыі (першы ў ейным жыцці!) «Упала ў дэпрэсію і захварэла».

Папярэджанні і штраф

«Так, людзі па-рознаму ладзяць сваё жыццё, па-рознаму ўзаемадзейнічаюць. Але што атрымліваецца? Калі хлопец прызначае спатканне дзяўчыне і яны сустракаюцца ў загадзя вызначаным месцы і ў загадзя прызначаны час - то гэта масавае мерапрыемства ці сход? Я не думаю, што закон прыдуманы менавіта для такіх сітуацый. І калі вы прызнаеце нас вінаватымі, то атрымліваецца, што цяпер у гэтым складзе мы ўжо не маем права сустракацца з сябрамі, бо ў кожны момант нас могуць прыцягнуць да адказнасці? Я не ведаю, на чым грунтуецца гэтая логіка», - ужо перад самым вынясеннем пастановы выказала сваё меркаванне віцяблянка Святлана.

У выніку суддзя Міхаіл Зубеня, прызнаў віцяблян вінаватымі ў правапарушэнні, прадугледжаным ч 1 арт 23. 34 КоАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Улічваючы, што ўсе яны прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ўпершыню, семярым удзельнікам сустрэчы вынес папярэджанні. А Святлану, як меркаванага арганізатара сходу, пакараў штрафам сумай 20 базавых адзінак

Павел Левінаў: Гэта абсурд абсурдаў

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў назваў пастанову суда абсурднай.

«Высвятляецца, што прыйшоў час, калі беларускія грамадзяне не могуць сустрэцца, каб абмеркаваць жыццё і свае справы, нават на прыватнай тэрыторыі. Бо рызыкуюць быць абвінавачанымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Але абсурд яшчэ і ў тым, што, паводле беларускіх законаў, атрымаўшы адміністрацыйнае пакаранне, гэтыя 8 віцяблян яшчэ цягам 1 года не будуць мець права падаць заяву на рэгістрацыю аб'яднання, каб пазбегнуць такой сітуацыі ў будучыні. Замкнёнае кола...»

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках