24 красавiка 2024, Серада, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На дарогах Беларусі падвояць колькасць «фотапастак»

24
На дарогах Беларусі падвояць колькасць «фотапастак»

Да канца года іх будзе амаль 490.

Пра гэта заявіў чалец назіральнай рады СЗАТ «Бяспечныя дарогі Беларусі» Дзмітрый Курносенка, адказваючы на пытанне пра магчымасць рэалізацыі выплаты збору за тэхагляд раз на месяц паводле заяўнага прынцыпу і выяўлення парушальнікаў праз фотафіксацыю.

Са слоў Дзмітрыя Курносенкі, развязанне пытання выплаты збору ляжыць у некалькіх плоскасцях. Для гэтага патрабуюцца захады арганізацыйнага, юрыдычнага і тэхнічнага кшталту.

- Тыя тэхналогіі, якія намі выкарыстоўваюцца, дазваляюць гэтае пытанне развязаць вельмі хутка. Сёння блізу 420 прылад фіксацыі парушэнняў устаноўлена на аўтамабільных дарогах. Да канца года іх будзе блізу 490. Кожны аўтамабіль, у якога ёсць дзяржаўны рэгістрацыйны знак, трапляючы ў зону кантролю, распазнаецца і адзначаецца ў адпаведнай базе звестак. Так што найбольш складаным будзе спалучэнне баз звестак, бо зусім недапушчальна, каб апавяшчэнні сталі атрымліваць тыя, хто добрасумленна прайшоў тэхагляд і заплаціў збор, - сказаў ён.

Дзмітрый Курносенка таксама адзначыў, што давядзецца павялічыць колькасць прылад.

- Папярэднія ацэнкі былі праведзеныя, але ўсё гэта недакладныя разлікі. Агульная колькасць прылад павінна дасягнуць прыкладна 1 тысячы, гэта значыць патрэбны двухразовы рост. Калі моцна пастарацца, гэта будзе адная прылада на 90 км дарог, - адзначыў чалец назіральнай рады.

Грошы на рэалізацыю праекта могуць узяць з бюджэтных сродкаў, бо і плацяжы за ўсе парушэнні (адміністрацыйныя альбо ў сферы бяспекі дарожнага руху) і дзяржаўныя зборы паступаюць у рэспубліканскі бюджэт. Акрамя гэтага, існуе і другі шлях - дзяржаўна-прыватнае партнёрства, калі тэхнічная рэалізацыя такой сістэмы аддаецца на аўтсорсінг кампаніі, якая мае досвед.

- Я прыхільнік другой мадэлі. Дзяржава павінна дакладна вызначыць кампетэнцыі кампаніі, ускласці на яе пэўныя рызыкі і разлічыць выдаткі, калі гэта выгадна самой дзяржаве, а таксама дазваляе рэалізаваць праект на аснове ДПП.

Пры такім варыянце, на мой погляд, рэалізацыя праекта будзе хуткай і эфектыўнай. Зразумела, што ў такім выпадку не будзе бюджэтных выдаткаў, але частка сродкаў, якія паступяць у выглядзе аплат у бюджэт, накіруецца на кампенсацыю выдаткаў для стварэння і абслугоўванні сістэмы, - сказаў Дзмітрый Курносенка.

Нагадаем, у сакавіку дэпутат Рыбак прапанаваў выкарыстоўваць камеры фіксацыі хуткасці для выяўлення аўто, якія не прайшлі тэхагляд.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках