25 красавiка 2024, Чацвер, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ад падбадзёрванняў Лукашэнкі становіцца трывожна

16
Чаму ад падбадзёрванняў Лукашэнкі становіцца трывожна

Народная прыкмета нашых дзён: калі ўлады кажуць, што ўсё будзе добра - чакай праблем.

Вось і на суботніку ў Александрыі дыктатар настойліва паўтараў пра тое, што для росту коштаў прадуктаў і камунальных паслуг няма ніякіх падстаў.

Але мы ж памятаем навагодні зварот напярэдадні 2009-га, калі Аляксандр Лукашэнка супакойваў беларусаў: «Вы павінны ведаць: улада не дапусціць абвалу і хаосу, не здрадзіць вашаму даверу». А ўжо 2 студзеня беларусы сталі бяднейшымі дзякуючы дэвальвацыі рубля, піша «Салiдарнасць».

У лістападзе 2010-га правадыр зноў запэўніў, што не дапусціць дэвальвацыі рубля. А ў траўні 2011-га Пётр Пракаповіч выдаў знакамітую фразу: «Пакуль я кірую Нацбанкам, ніякай аднамомантавай дэвальвацыі не будзе». Што было далей, вы ведаеце.

Але вернемся да суботніка. Кажучы пра адсутнасць падстаў для росту цэн, дыктатар краіны зрабіў цікавую агаворку. Маўляў, такі рост магчымы толькі пры нейкіх форс-мажорных абставінах, прадыктаваных звонку. Напрыклад, значнае падзенне на рынках асноўных краін-партнёраў або абвастрэнне сітуацыі на сусветных рынках у выніку нейкіх ваенных дзеянняў.

Улічваючы той факт, што форс-мажоры ў нашага асноўнага гандлёвага партнёра сталі ўзнікаць усё часцей, спісаць на гэтую акалічнасць можна ўсё што заўгодна і калі заўгодна.

Словы пра тое, што сёння нашы сяляне не панства, можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Тут цікавае прадаўжэнне думкі чалавека, які дагэтуль ганарыцца тым, што «не разваліў калгасы»:

- Вядома, у сельскай гаспадарцы заўсёды складана ў кожнай краіне. Але жыць можна. Той, хто добра працуе, а гэта ўжо больш за палову гаспадарак. Я не кажу пра фермераў і гэтак далей. Яны не карыстаюцца ніякай падтрымкай дзяржавы. А калі і карыстаюцца - гэта ім у плюс. Яны самі сябе забяспечваюць.

Вось як, выяўляецца. Фермеры, якія не прапальваюць штогод мільёны дзяржаўных датацый, прымудраюцца забяспечваць сябе самі. А тыя, каго дзяржава дзесяцігоддзямі апекуе, жыве складана і не панства.

Як тут не ўспомніць словы палітолага Валерыя Карбалевіча:

- Лукашэнку цікавіць эканоміка ў плане захавання ўлады, а не з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці. Таму ў нас і захаваліся калгасы, бо такая патэрналісцкая мадэль дзяржавы з'яўляецца аптымальнай для захавання ўлады. Гэта значыць, улада - гэта галоўнае.

Ці варта ў такім разе дыктатару - ураджэнцу Копысі - спадзявацца на тое, што хаця б аграгарадкі і буйныя вёсачкі захаваюцца ў будучыні? Бо ў першую чаргу напалову прыгоннае існаванне і мізэрныя заробкі выштурхваюць вяскоўцаў з вёсак у гарады ў пошуках лепшага жыцця.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках