19 красавiка 2024, Пятніца, 4:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі: Нас рабуюць, спадарства!

4
Прадпрымальнікі: Нас рабуюць, спадарства!

У Менску прайшоў форум індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Калі негатыўная дынаміка захаваецца, у 2028 годзе Лукашэнка пацісне руку астатняму прадпрымальніку, які займаецца раздробным гандлем», — заявіў са сцэны Анатоль Шумчанка, старшыня грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва». «Гэта адбудзецца яшчэ раней», — крычаць з залы ІП. Журналісты tut.by схадзілі на чарговы форум індывідуальных прадпрымальнікаў, каб даведацца, якіх змен ІП патрабуюць ад уладаў, і што змянілася ў іх сітуацыі за апошні час.

Сітуацыя катастрафічная

Форум прадпрымальнікаў сёння атрымаўся нешматлюдным. Са звестак «Перспектывы», сабралася ўсяго 203 чалавекі з 19 гарадоў Беларусі.

— Што да прадстаўнікоў органаў улады, на жаль, сёння зноў адсутнічае Міністэрства падаткаў і збораў. Стабільнасць — прыкмета якасці, — кажа са сцэны Анатоль Шумчанка.

— А ім не патрэбныя нашы падаткі, — выкрыквае адная з ІП. Зала гучна пляскае ў ладкі жанчыне.

Прэзентацыя выступу Анатоля Шумчанкі распачынае выява, дзе чалавек ідзе па ліне над прорвай. «Уся сутнасць індывідуальнага прадпрымальніка сёння», — каментуе ён. Сама прэзентацыя заснаваная на звестках Белстату. Першы слайд паказвае дынаміку колькасці ІП у раздробным гандлі — з 2011 да 2016 год іх стала менш амаль на 27%. Больш за ўсё «страціла» Віцебская вобласць — амаль 35%.

— Сітуацыя згодна з гэтым графікам катастрафічная. Паводле стану на 2017 год нас стала яшчэ на 5 590 чалавек менш. Гэта дзевяць адсоткаў ад агульнай колькасці. Вы ўяўляеце тэмпы скарачэння? Малому бізнэсу прыходзіць гамон, — кажа Анатоль Шумчанка.

Са звестак «Перспектывы», усяго з 2011 да 2016 год колькасць прадпрымальнікаў у раздробным гандлі зменшылася на 26,7%. «Калі ўлічыць, што працоўнае месца каштуе блізу 4000 даляраў, то страты склалі 105 мільёнаў даляраў», — кажа Анатоль Шумчанка.

З ягоных прагнозаў, калі такая дынаміка захаваецца, у 2028 годзе «Лукашэнка пацісне руку астатняму прадпрымальніку», які займаецца раздробным гандлем. «Гэта адбудзецца яшчэ раней», — крычаць з залы.

Пры гэтым агульная колькасць ІП павялічваецца, адзначае Анатоль Шумчанка. На ягоную думку, гэтыя лічбы становяцца аб'ектам маніпуляцыі. «Менск і Менская вобласць цягнуць статыстыку наверх, у той час як астатнія рэгіёны перажываюць заняпад», — кажа лідар «Перспектывы».

Указ №222

На парадку дня ў прадпрымальнікаў таксама быў указ №222. «Той, хто падпісаў гэты ўказ, павінен сёння сказаць праўду — ён нанёс вялікі шкоду бізнэсу, і краіне наогул», — традыцыйна заявіў Анатоль Шумчанка. Свае словы ён падмацаваў статыстыкай — калі ў 2013 годзе прадпрымальнікі раздробнага гандлю адлічвалі ў бюджэт 163 мільёны даляраў у эквіваленце, то пасля ўказа лічба ўпала да 67 мільёнаў.

Прадпрымальнікі з Барысава скардзіліся на перанос іх рынку, які задумалі ў сувязі з рэканструкцыяй дарогі. Канкрэтнай пастановы пакуль няма, хоць арэнда заканчваецца ў траўні-чэрвені гэтага года.

— Да нас на рынак не могуць прыйсці працаваць новыя прадпрымальнікі, хоць ахвотныя ёсць, ды і месцы таксама ёсць. Але з імі не ўкладаюць дамовы арэнды, — здзіўляюцца барысаўцы

Каб высветліць сітуацыю наконт свайго працоўнага месца, ІП падалі пісьмовы зварот старшыні мясцовага райвыканкама.

Прадпрымальнікі прынялі пастанову «пісаць зварот да Лукашэнкі з выкладаннем праблематыкі».

— Адміністрацыя сыходзіць ад наўпроставага адказу, спрабуе замаўчаць сітуацыю. Чаму? Калі прадпрымальнікі патрэбныя і пытанне не разглядаецца, чаму тады тэрмін арэнды абмежаваны. Укладзіце дамову на два гады, пажадайце ўсім поспехаў, — тлумачыць Анатоль Шумчанка.

ІП: «Узбекі падарвалі гандаль усім»

Не перастаюць хваляваць ІП больш агульныя пытанні. Самае галоўнае з іх — канкурэнцыя з прадпрымальнікамі з Сярэдняй Азіі.

— Перад Вялікаднем да нас заехалі ўзбекі, — пачала свой эмацыйны маналог ІП з Беразіна. — Вы зразумейце, калі яны з'яўляюцца ў вялікім горадзе накшталт Менска, іх не відаць. У нас, у Беразіне, пражывае 14 тысяч насельніцтва з найбліжэйшымі вёскамі. І вось гэтыя ўзбекі, якія пасяліліся насупраць універмага, падарвалі гандаль ўсім. Мы неканкурэнтаздольныя, нас рабуюць, спадарства!

Выступоўцам запярэчыў Кірыл Слабко, прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Пачаў ён з таго, што «нацыянальную прыкмету ставіць у гэтым кірунку няправільна» — маюцца на ўвазе не толькі ўзбекскія прадаўцы, але і айчынныя прадпрымальнікі, якія пачынаюць працаваць такім жа чынам. Таксама ён патлумачыў, што дзяржорганы спрабуюць наладзіць узаемадзеянне «для спынення гэтай з'явы», каб весці супольную працу ў дачыненні да прадаўцоў з Сярэдняй Азіі.

У прадпрымальнікаў ягамосць папрасіў дапамогі ў складанні агульнай базы крам. «Колькасць міністэрства не такая вялікая. Не выязджаючы ў рэгіёны, складана скласці агульную карціну на падставе частковых звестак», — патлумачыў Кірыл Слабко.

— Зразумела, што некаторыя выхадцы з Сярэдняй Азіі карыстаюцца тымі прабеламі ў заканадаўстве, якія дазволілі ім працаваць так, як яны працуюць. Але трэба разумець, што ўсялякае змяненне ў законах павінна быць апраўданае, нельга секчы з пляча.

Рэзалюцыю форуму прадпрымальнікі пакінулі практычна нязменнай у параўнанні з папярэдняй. Сярод найбольш «набалелых» пытанняў — замест указу №222 увесці патэнт на раздробны гандаль, змяніць прынцып адлічэння ўнёскаў у ФСАН, не пашыраць наменклатуру тавараў для чыпавання, а таксама прывесці «у строгую адпаведнасць з законам» дзейнасць прадаўцоў з Сярэдняй Азіі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках