29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што і як пісалі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС савецкія газеты?

8
Што і як пісалі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС савецкія газеты?

Першыя згадкі пра катастрофу пачынаюцца толькі ад 30 красавіка.

26 красавіка 1986 года савецкія часопісы віншавалі краіну з паспяховымі вынікамі першага квартала працоўнага году, паведамляе «Беласат». Акурат падчас аварыі на Чарнобыльскай станцыі стала вядома, што Савецкі саюз, і Беларусь у тым ліку, перавысілі ўсе магчымыя планы ў прамысловасці. Першыя згадкі пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС пачынаюцца толькі ад 30 красавіка і займаюць сціплыя калонкі ў кутках старонак савецкіх газет.

Самымі аператыўнымі з савецкіх перыядычных выданняў агульнай тэматыкі апынуліся «Камсамольская праўда» і «Савецкая Беларусія». 30 красавіка яны апублікавалі адну і тую ж інфармацыю пад пустым загалоўкам «Ад Савету Міністраў СССР», дзе паведамляецца, што на месцы аварыі «прымаюцца меры першай неабходнасці па ліквідацыі наступстваў. У гэты час радыяцыйныя абставіны на станцыі і ў прылеглай мясцовасці стабілізаваныя, пацярпелыя атрымоўваюць неабходную медычную дапамогу. Прайшла эвакуацыя жыхароў мястэчка АЭС і трох найбліжэйшых населеных пунктаў».

Толькі ў «Камсамольскай праўдзе» гэтая абвестка з’явілася на першай старонцы, аднак, ў самым нізе, у два слупкі. А ў наступных выпусках – падрыхтоўка да «першамаю», вынікі першага квартала пяцігодкі, рэпартажы са святочных шэсцяў.

Галоўная старонка. У ніжнім правым кутку – «Ад Савету Міністраў СССР», першая згадка пра аварыю на ЧАЭС.

«У абʼектыве – Кіргізія»

Наступныя звесткі з ЧАЭС у «Камсамолцы» з’явіліся толькі 4 траўня пра тое, што чальцы Палітбюро і ЦК КПСС наведалі месца аварыі.

«Было адзначана, што работы па ліквідацыі аварыі і знішчэнні яе наступстваў праходзяць арганізавана, з прыцягненнем неабходных сродкаў. Прынятыя рашэнні аб дадатковых мерах, каб паскорыць разгорнутыя работы».

Галоўная моладзевая газета Савецкага саюзу «Знамя юнацтва» наагул маўчала пра аварыю на ЧАЭС больш за месяц. 27 красавіка на першай старонцы публікавалі фотаздымкі выбітных асобаў пяцігодкі, увесь тыдзень перад святам 1 траўня усхвалялі прамысловыя поспехі пачатку працоўнага сезону ў сельскай гаспадарцы.

Пакуль на Чарнобылі дыміўся рэактар, а людзі губілі свае жыцці, непадалёк, у Буда-кашалёўскім раёне камсамольцы распачалі сенажаць для «грамадскага статка».

«Жніво шматгадовых раслінаў пачалі механізатары моладзевага камсамольскага атраду калгасу «Заря» Буда-кашалёўскага раёну. Сёлета яны нагатуюць амаль адзінаццаць тысячаў тон сена, сенажу і сіласу і, такім чынам, забяспечаць гэтымі кармамі грамадскі статак».

У друкаваных выданняў 80-х магло не быць магчымасці аператыўна апублікаваць навіну або раптоўна змяніць першую старонку, як гэта магчыма цяпер. Хуткасць распаўсюду інфармацыі была нашмат больш маруднай да з’яўлення Інтэрнэту і мабільных тэлефонаў. Але ж звесткі пра стыкоўку спадарожнікаў на арбіце зямлі ўсё ж паспелі трапіць у нумар ад 29 красавіка.

«27 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 26 хвілін па маскоўскім часе адбылася стыкоўка карабля «прагрэс-26 з арбітальным пілатуемым комплексам «Мір»-«Саюз Т-15». Пошук, збліжэнне і стыкоўка выконваліся з дапамогай бартавой аўтаматыкі касмічных апаратаў».

Толькі 1 чэрвеня «Знамя юнацтва» у інфарматыўнай абвестцы «Палітбюро ЦК КПСС» на першай старонцы ў некалькіх радках узгадалі пра тое, што ЦК КПСС праслухала рапарт аб выніках ліквідацыі аварыі на ЧАЭС і «паступовай нармалізацыі абставін на самой станцыі і прылеглай тэрыторыі…»

«Савецкая Беларусія» пасля кароткага паведамлення ад 30 красавіка наступным разам напісала пра аварыю на Чарнобыльскай станцыі 6 траўня. Не на першай старонцы, таксама збоку і ў адзін слупок. Згадалі пра тое, што ад шматлікіх краін, арганізацый і асоб ідуць спачуванні і прапановы дапамагчы. Але Савецкі саюз дае рады сам.

«Даводзіцца шкадаваць, аднак, што на шырокім фоне спачування і паразумення, некаторыя колы спрабуюць выкарыстаць тое, што здарылася, ў непрыстойных палітычных мэтах. У абарот прапаганды запусцілі чуткі, выдумкі, якія не адпавядаюць элементарным нормам маральнасці… Што датычыцца чарнобыльскай аварыі, то на станцыі і прылеглай мясцовасці працягваюцца работы па ліквідацыі яе наступстваў і дапамозе пацярпелым».

Наступная згадка – 8 траўня. На гэты раз – на ўсю старонку, паведамленне ад прэсавага цэнтру МЗС СССР.

«Імклівы прагрэс навукі і тэхнікі прыносіць чалавецтву не толькі карысць, бо шляхі першаадкрывальнікаў заўсёды цярністыя. Наш падыход мае мэту даваць толькі адказную інфармацыю, аб’ектыўную, дакладную, а менавіта – праўдзівую. Досвед гэтых дзён паказвае адну непрыемную рэч, а менавіта: чарговая істэрыка арганізуецца і накіроўвацца толькі з аднаго цэнтру – ЗША, і па наяўным аднатыпным сцэнары».

Дарэчы, ЗША ў сувязі з ядравай тэмай згадваюцца ў часопісах не аднойчы. Амаль ва ўсіх газетах, некалькі дзён пасля аварыі на Чарнобыльскай станцыі быў апублікаваны адказ Міхаіла Гарбачова на лісты амбасадараў замежных краін, што прасілі прыпыніць іспыты ядравай зброі. У апублікаваным звароце Гарбачова даводзіцца, што ЗША ў гэты час працягвае свае іспыты, што з’яўляецца «абуральны актам». У гэтых умовах СССР вымушаны працягваць сваю атамную праграму, таму што не можа адступіцца ад ўласнай бяспекі.

Затое «першамай» прайшоў весела, і на старонках савецкіх газет настрой быў выдатна адлюстраваны.

Берасце: «Жывая вясёлка кветак на фоне вясновай зеляніны выглядае асабліва. Святочныя калоны кіруюцца на галоўную магістраль – вуліцу Леніна»

Гомель: «Прамысловасць гораду загадзя выканала заданне чатырох месяцаў першага году пяцігодкі. Кожны калектыў, праходзячы святочным маршам па плошчы В.І.Леніна, рапартуе аб сваім унёску ў агульны поспех»

Менская вобласць: «Пад цёплым вясновым сонейкам ажылі пралескі, распусцілі бутоны першыя цюльпаны і нарцысы. Яны сталі яскравым дадаткам да святочнага ўбранства»

Беларускамоўная газета «Звязда» увесь канец красавіка пісала пра поспехі пачатку сельскагаспадарчага сезону. Абвестка пра аварыю пад тым жа загалоўкам «Ад Савету Міністраў СССР» з’явілася толькі 2 траўня на апошняй старонцы. Затое, тут назвалі колькасць пацярпелых, а таксама, што радыеактыўнасць у зоне АЭС моцна зменшылася.

«На працягу 30 красавіка на Чарнобыльскай атамнай станцыі працягвалася работа па ажыццяўленню комплексу тэхнічных мераў. Радыёактыўнасць на тэрыторыі АЭС і ў пасёлку электрастанцыі зменшылася ў паўтара-два разы. Вядзецца работа па дэзактывацыі забруджаных участкаў, якія прылягаюць да тэрыторыі АЭС. Працягваецца аказанне дапамогі пацярпелым, сярод іх 18 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане».

«Праўда» не сказала больш праўды, чым астатнія. Толькі 1 траўня зʼявіўся тут той жа артыкул «Ад Савету Міністраў СССР».

Ні адной інфармацыйнай навіны на першых старонках, ні абвесткі ў рубрыках «тэрмінова», або «у фокусе» ці «актуальна», не зʼявілася ў друку. Ні папярэджанняў, ні рэпартажаў, ні сведкаў, ні фотаздымкаў.

«Выдатны настрой у прадстаўнікоў калектыву шкарпэткавага камбіната, якім выпаў гонар узначаліць святочнае шэсце. На камбінаце траціна прадукцыі выпускаецца з пазнакай «Н» – навінка. А напярэдадні свята камбінат цэлы дзень адпрацаваў на зэканомленай сыравіне і электраэнэргіі. Трыбуны вітаюць перадавікоў прамысловасці»…

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках