23 красавiка 2024, aўторак, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як нарвежскія хакеісты жылі ў бабруйскім гатэлі

5
Як нарвежскія хакеісты жылі ў бабруйскім гатэлі
ФОТА: ВЕЧЕРНИЙ БОБРУЙСК

Хакеісты падзяліліся сваёй каманднай традыцыяй, якая дапамагае настроіцца на гульню.

Каманда Нарвэгіі ў хакеі ў рамках Еўравыкліку два дні жыла ў бабруйскім гэтэлі «Турыст». «Вечерний Бобруйск» высветліў, чым займаліся, і якую кашу хакеісты гатавалі на кухні ў гатэлі перад гульнёй у Жлобіне.

Уначы з 26 на 27 красавіка ў бабруйскі гатэль засяліліся 35 нарвэжцаў. Як распавялі супрацоўніцы гатэля, усе брутальныя, усе з бародамі, а самае галоўнае ўсмешлівыя.

- Ці бачылі рэкламу селядца «Маціяс»? Там прыгожы брутальны барадаты мужчына разбірае селядзец. Гэта першае, што я ўявіла, калі ўбачыла гэтых мужчын, - падзялілася супрацоўніца гатэля.

Яна распавяла, што нарвэжскія госці пасля засялення павячэралі і паляглі спаць. Графік сур'ёзны, патлумачылі на расэпшыне. Раніцай трэніроўка, абед, затым адпачынак, пасля - гульня.

Усяго, са слоў адміністратаркі Кацярыны, нарвэжцы занялі два паверхі - усе нумары аднаасабовыя.

- Калі шчыра, іх практычна не відаць. Часам хтосьці выходзіў у хол папіць кавы і пасядзець з тэлефонам, але агулам, так усе робяць, - адзначыла дзяўчына.

«Мы гатуем гэтую кашу перад кожнай гульнёй»

Са слоў кіраўніцы службы грамадскага харчавання гатэля Ніны Лыскавец, меню ім даслалі з Федэрацыі хакея Беларусі. А яны ўзгаднялі меню з фізіятэрапеўтам каманды.

- Характэрна, што нарвэжскія хакеісты ядуць менш за нашых, - адзначыла Ніна Лыскавец. - Значна, на мой погляд.

А перад гульнёй у Жлобіне, з ейных слоў, адзін з прадстаўнікоў каманды Нарвэгіі ў хакеі прыйшоў на кухню, папрасіў рондаль, тры літры малака і чатыры - вады. Як толькі яму прынеслі гэта, ён пачаў гатаваць кашу.

- Мы гатуем гэтую кашу перад кожнай гульнёй. Наш фізіятэрапеўт спецыяльна прывозіць яе з Нарвэгіі. Дадае ў яе трохі спецыяльнага джэму і мёду. І гэта нашая камандная традыцыя, якая дапамагае наладзіцца на гульню, - падзяліўся капітан каманды Нарвэгіі ў хакеі Хулес Юнас.

Што яшчэ елі нарвэжцы? Са слоў супрацоўнікаў гатэля, ніякіх асаблівых запытаў не было: макарона, курыца, шмат зяленіва, сэндвічы, ёгурты і садавіна.

Што ўразіла?

У Бабруйску нарвэжцы праз графік не змаглі прайсціся, тым не менш адзначылі, што ім спадабалася як у гатэлі, так і на бабруйскім лёдзе.

- Першае, што кінулася ў вочы - Бабруйск маленькі горад, але тут вельмі вялікая лядовая арэна. Наогул, я бываў у шматлікіх такіх гарадах, але там ніколі не было такіх буйных лядовых арэн. І гэта адрознівае ад іншых гарадоў Бабруйск, - сказаў капітан каманды Хулес Юнас.

Таксама капітан каманды Нарвэгіі заўважыў, што ў Жлобіне Арэна была цалкам запоўненая. Дарэчы, са слоў дырэктара «Бабруйск-Арэны» практычна ўсе квіткі ўжо раскупілі, што кажа аб падвышанай цікавасці да гульні каманд.

Сёння 28 красавіка а 19.00 у «Бабруйск-Арэне» каманда Беларусі згуляе з хакеістамі з Нарвэгіі. Пасля гэтага ўначы яны паедуць у аэрапорт.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках