25 красавiка 2024, Чацвер, 11:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

11 простых звычак, якія дапамогуць стаць разумнейшымі

6
11 простых звычак, якія дапамогуць стаць разумнейшымі

Развіць інтэлект нашмат прасцей, чым здаецца.

Нейрабіёлаг Джо Тзын вывеў формулу інтэлекту: N = 2i – 1, дзе N – нявызначанасць, а i – бясконцыя магчымасці. Яна існуе не для таго, каб вылічыць узровень IQ, а для разумення дзвюх важных рэчаў. Па-першае, навукоўцы так да канца і не разабраліся са схаваным патэнцыялам нашага мозгу. Па-другое, інтэлект – гэта не прысуд матухны-прыроды: яго можна і трэба развіваць, і зрабіць гэта значна прасцей, чым здаецца, піша healthinfo.ua.

Эксперты сабралі для вас 11 вельмі простых, але невідавочных рэчаў, якія дапамогуць вашаму мозгу працаваць больш эфектыўна.

1. Барабаньце па стале

Каб прыняць правільную і ўзважаную пастанову, карысна каля хвіліны барабаніць пальцамі па стале або любой іншай паверхні. Гэта знізіць імавернасць неабдуманых і спантанных учынкаў, бо ўпарадкуе думкі ў вашай галаве. Таксама пры любой зручнай магчымасці акампануйце пачутай музыцы. Нейрабіёлаг Тэадор Занто мяркуе, што пачуццё рытму мае вельмі важную ролю ў навучанні і абароне мозгу ад старэння.

2. Прымушайце памяць напружвацца

Часцей напружвайце свае звіліны, бо мозг таксама мае патрэбу ў трэніроўках. Складзіце спіс прадуктаў, якія трэба набыць, перачытайце яго некалькі разоў і паспрабуйце запомніць не толькі іхнія назвы, але і свой будучы шлях у розных аддзелах у супермаркеце. Сабраўшы ўсё ў вазок і стоячы ў чарзе, паспрабуйце палічыць у думках агульную суму пакупак. Калі яна потым апынецца дакладнай, можаце ўзнагародзіць сябе нечым смачненькім.

3. Правільна «карміце» мозг

Мозгу трэба не менш рэгулярнае і карыснае харчаванне, чым страўніку, але не спяшайцеся набываць біядадаткі. Ёсць вельмі шмат простых і даступных прадуктаў, карысных для вашага інтэлекту. Дадайце ў сваё меню 5 арэхаў на дзень для добрай працы мозгу, 100 грамаў рыбы для энэргетычнага ўздыму, жменю гарбузовых семак для паляпшэння разумовых здольнасцяў, шпінат для хуткай рэакцыі і кубак гарбаты з шалфеем для выдатнай памяці. Таксама навукоўцы раяць піць гранатавы сок і дадаваць у ежу куркуму – яны ўмацуюць вашу памяць і стануць прафілактыкай хваробы Альцгеймера.

4. Вучыце іншых

Паводле словаў Альберта Эйнштэйна, «калі ты не можаш растлумачыць сваю тэорыю 6-гадоваму дзіцяці, значыць, ты сам не разумееш, пра што гаворыш». Пераканайцеся, што разумееце вывучанае, і паспрабуйце растлумачыць яго некаму яшчэ. Вы спаймаеце адразу двух зайцоў: і досведам падзеліцеся, і самі лепш запомніце матэрыял.

5. Адпачывайце і лайдачце

Як бы вы ні былі занятыя, у працэсе працы абавязкова трэба адпачываць як мінімум кожныя 2 гадзіны. Напрыклад, зрабіце пару простых практыкаванняў або з'ешце яблык у найбліжэйшым парку. Так ваш мозг лепш перастравуе атрыманую інфармацыю. Больш за тое, псіхолаг Адам Грант на канферэнцыі TED падзяліўся назіраннем, згодна з якім існуе наўпростая сувязь паміж пракрастынацыяй і творчымі здольнасцямі чалавека. Перад пачаткам адказнай працы нават карысна самую драбніцу палайдачыць – так у вас будзе больш шанцаў на нестандартныя пастановы.

6. Танцуйце сальсу

Танцы можна смела аднесці да аднаго з найлепшых відаў тэрапіі, бо ім пад сілу адначасова дапамагчы і вашаму целу, і мозгу. Рытмічныя рухі пад музыку ўзмацняюць мазгавы кровазварот і дораць усплёск гармону аксітацыну, які, у сваю чаргу, актывізуе працу нейронаў. А яшчэ лепш вывучаць тыя віды танцаў, якія патрабуюць развітой каардынацыі. Яны навучаць вас хуткай рэакцыі, дапамогуць сканцэнтравацца, патрэніруюць вашу памяць і нават будуць дапамагаць вам прымаць верныя пастановы.

7. Гуляйце ў відэагульні

Шматлікія даследаванні даказваюць, што відэагульні здольныя актывізаваць схаваныя магчымасці чалавечага мозгу і вучаць лепш арыентавацца ў рэальным свеце. Навукоўцы вызначылі: людзі, якія некалькі гадзінаў на тыдзень аддаюць камп'ютарным гульням, могуць адначасова сачыць за вялікай колькасцю розных аб'ектаў, звяртаць увагу на дэталі і вельмі эфектыўна апрацоўваць візуальную інфармацыю.

8. Нешта рабіце рукамі

Звяжыце прыгожы шалік, складзіце разам з дзіцем канструктар лега, вышыйце ваша імя крыжыкам на падушцы каханага ці прынамсі прышыйце гузік да ягонага паліто. Трэніроўка дробнай маторыкі не толькі супакойвае нервы і дапамагае засяродзіцца, але і актывізуе інтэлект. Яшчэ больш карысна і эфектыўна рабіць звычайныя хатнія справы цалкам новым спосабам, напрыклад прышыць гузік левай рукой, калі вы праўша, і наадварот.

9. Будзьце больш сур'ёзнымі перад прыняццем важных пастановаў

Псіхолаг Джозэф Форгас мяркуе, што адмоўныя эмоцыі не менш важныя для нашага разумовага развіцця, чым станоўчыя, а людзі з сур'ёзным выразам твару думаюць больш скептычна і аналітычна, чым іхнія жыццярадасныя і безжурботныя сябры. Смех – гэта сапраўдны адпачынак для мозгу, у адрозненне ад меланхоліі і смутку, якія правакуюць сур'ёзную працу думкі аж да рэфлексіі. Так што можна нахмурыцца, абдумваючы важную пастанову, але потым абавязкова ўсміхнуцца.

10. Наведвайце выставы, галерэі і спектаклі

Навукоўцы правялі даследаванне, у выніку якога даказалі, што людзі, якія аддаюць перавагу інтэлектуальнаму вольнаму часу, наведваюць розныя выставы і спектаклі, значна менш пакутуюць ад узроставых змяненняў памяці і інтэлекту, чым дамаседы, якія аддаюць перавагу праводжанню вольнага часу на канапе ля тэлевізара. Мозгу вельмі карысна нешта асэнсоўваць, параўноўваць і аналізаваць, а прыемным бонусам становіцца яшчэ і эстэтычнае задавальненне ад убачанага.

11. Насіце жоўтую кашулю

Жоўты колер стымулюе мазгавую дзейнасць і станоўча ўплывае на нервовую сістэму. Таксама сапраўднымі энэргетыкамі для вашых разумовых здольнасцяў стануць чырвоны і аранжавы колеры. Так што калі вам патрэбныя крэатыўныя і нестандартныя пастановы, то выбірайце вопратку сонечных адценняў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках