29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі з Гарварда назвалі пяць простых парадаў, як падоўжыць жыццё на 10 гадоў

5
Медыкі з Гарварда назвалі пяць простых парадаў, як падоўжыць жыццё на 10 гадоў

Навукоўцы прааналізавалі звесткі, сабраныя падчас назіранняў за здароўем 40 тысяч чалавек.

Адмова ад палення і алкаголю, здаровая дыета, нізкая вага і сталыя практыкаванні агулам падаўжаюць жыццё чалавека як мінімум на дзесяць гадоў. Пра гэта заявілі медыкі з Гарварда ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Circulation, паведамляе РІА «Новости».

«Наша даследаванне паказала, што здаровы лад жыцця застаецца галоўным спосабам падаўжэння жыцця. На жаль, сёння амаль ніхто не выконвае гэтыя простыя правілы. Палітыкам і чыноўнікам варта прыкласці сур'ёзныя намаганні для таго, каб стварыць такое асяроддзе, у якім правільная дыета, зарадка і адсутнасць шкодных звычак стануць папулярнымі сярод насельніцтва», - адзначыў Фрэнк Ху, медык з Гарвардскага ўніверсітэта (ЗША).

Сёння большасць навукоўцаў мяркуюць, што дыета і асобныя прадукты харчавання моцна ўплываюць не толькі на вагу чалавека, але і на здароўе ягонага мозгу, судзін, сэрца і іншых ключавых органаў цела. Да прыкладу, нядаўна навукоўцы паказалі, што ўжыванне вялікай колькасці аліўкавага алею і міжземнаморскіх страў прыкметна паніжае шанцы памерці ад інсульту ці інфаркту, а празмерная колькасць солі ў ежы, наадварот, пагаршае здароўе сэрца і судзінаў.

Аналагічным чынам, як высветлілі медыкі ў апошнія некалькі гадоў, на арганізм чалавека дзейнічае спорт і адмова ад шкодных звычак. Ху і ягоныя калегі паспрабавалі зразумець, як моцна такія перавагі будуць уплываць на працягласць жыцця тыповага чалавека сярэдніх гадоў, які не пакутуе на спадчынныя хваробы.

Для гэтага навукоўцы прааналізавалі звесткі, сабраныя падчас назіранняў за здароўем прыкладна 40 тысяч медсясцёр і лекараў, якія вяліся ў рамках праектаў NHS і NHANES цягам трох апошніх дзесяцігоддзяў.

Параўнаўшы працягласць жыцця здаровых лекараў і іх калегаў, якія пакутавалі ад атлусцення, шкодных звычак і сядзячага ладу жыцця, Ху з калегамі высветлілі, што ўсе гэтыя праблемы адымаюць 12-14 гадоў жыцця.

У сярэднім мужчыны і жанчыны, якія выконвалі ўсе пяць здаровых жыццёвых прынцыпаў, дажывалі да 87 і 93 гадоў, тады як астатнія ўдзельнікі гэтых праектаў дацягвалі толькі да 75-79 гадоў. Павелічэнне працягласці жыцця, як адзначаюць навукоўцы, звязанае пераважна з дзвюма рэчамі - рэзкім зніжэннем шанцаў на з'яўленне хвароб сэрца і развіццё рака.

Напрыклад, захаванне ўсіх пяці правілаў зніжала імавернасць набыцця рака на 65% і амаль удвая памяншала шанцы памерці ад інсультаў, інфарктаў і іншых цяжкіх хвароб сэрцава-судзіннай сістэмы. Папулярызацыя гэтых простых крокаў, як спадзяюцца Ху і ягоныя калегі, дапаможа ЗША вярнуцца да тэндэнцыі павелічэння працягласці жыцця, якая абарвалася ў канцы мінулага стагоддзя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках