8 кастрычнiка 2024, aўторак, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ведае, што з яго смяецца ўвесь інтэрнэт

68
Лукашэнка ведае, што з яго смяецца ўвесь інтэрнэт
Наталля Радзіна

Чым выкліканыя новыя папраўкі ў закон аб СМІ?

Такім чынам, прыехалі. Як мы і папярэджвалі, пасля блакавання «Хартыі-97» і belaruspartisan.org, крымінальных спраў супраць блогераў, уціск мацнее. Хоць здавалася б, куды ўжо далей?

Тэлевізія захопленая яшчэ ў 1994-м, грамадска-палітычных радыёстанцый у FM-дыяпазоне няма ўжо больш за 20 гадоў, незалежныя газеты за выключэннем некалькіх выданняў масава знішчаныя яшчэ ў пачатку 2000-х, галоўны незалежны палітычны рэсурс Charter97.org пасля забойства заснавальніка, арыштаў журналістаў, пагромаў офісаў і канвеернага распачынання крымінальных спраў прымусілі з'ехаць з краіны. Здавалася б, утаймавалі канчаткова тых, хто застаўся.

Але не, усё адно страшна. Давай больш! Уціскай мацней! Тапчы усё жывое, што засталося!

«Хартыя» выжыла, стала імкліва набіраць чытацкую аўдыторыю, якая дасягнула 2,5 мільёнаў унікальных наведвальнікаў за месяц? Блакаваць. З'явіліся маладыя таленавітыя блогеры з сотнямі тысяч падпісчыкаў? Крымінальныя справы за «паклёп». Журналісты «Белсату» сталі ездзіць па рэгіёнах і распавядаць, у якой адчайнай галечы там жывуць людзі? Пераследваць у судовым парадку за працу без акрэдытацыі, якую не атрымаеш у МЗС нават пры моцным жаданні.

Але гэтага мала. Трэба ўвесці такія папраўкі ў і без таго «драконаўскі» закон аб СМІ, каб ужо зусім усё зраўняць з зямлёй. Каб толькі макулатура «Советская Белоруссия» з нулявой рэальнай аўдыторыяй і дзяржтэлевізія з убогай прапагандай.

Фактычна ўсе беларускія сайты будуць прымусова заганяцца на рэгістрацыю. У законе прапісана, што ў «добраахвотным парадку». Але паспрабуй не зарэгіструйся — цябе чакае усё, праз што ў свой час прайшла «Хартыя», працуючы ў Менску — пагромы ў офісах, арышты на дэманстрацыях, суды за працу без акрэдытацыі, крымінальныя справы нароўні з актывістамі апазіцыі. Мяне, журналістку, у 2010 годзе, таксама шакавала выстаўленае ў следчым ізалятары КДБ афіцыйнае абвінавачванне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», але калі справілася з эмоцыямі, зразумела, што, калі ім страшна — на ўсё пляваць, балем кіруе беззаконне.

Калі зарэгістраваўся (што таксама бюракратычна вельмі няпроста), то за гэтым варта чакаць кантролю за ўсім: найперш, за фінансаваннем (а яно часцяком у незалежных СМІ ад міжнародных фондаў, бо самім у нашых варунках не выжыць) і, вядома, за кантэнтам. Мне, напрыклад, больш за ўсё ў папраўках «спадабаўся» наступны пункт: «уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія размяшчаюць матэрыялы ў інтэрнэт-рэсурсах (не толькі ў сеткавых выданнях), у тым ліку каментатараў, і на форумах таксама».

Гэта значыць, рэдакцыя павінна падрыхтаваць для карных органаў «расстрэльны спіс» са сваіх чытачоў, каб у выпадку, калі ўладам нешта не спадабаецца з размешчанага імі кантэнту — то вось вам, калі ласка, прозвішча, імя, пашпартныя звесткі і адрас, вінаватага. Натуральна, у гэтых умовах і ўзровень самацэнзуры сярод журналістаў дасягне такіх вышынь, што нават нататкі афіцыёзнай БелТА будуць перадрукоўваць баючыся. І я нават не збіраюся ў гэтай сітуацыі нікога асуджаць — добра памятаю, як працавала ў фатальны для «Хартыі» 2010 год, не расстаючыся з Крымінальным кодэксам — усё спрабавала зразумець, які яшчэ артыкул КК я магу парушыць. Не выратавала.

Пра рэгістрацыю каментатараў на сайтах нават казаць няма чаго — відавочна, што ўлады так баяцца народнага абурэння ў інтэрнэце, што гатовыя ісці на ўсё, што хочаш, аж да блакавання сацыяльных сетак. Такая імавернасць таксама прапісаная ў новых папраўках у закон.

Толькі вось што я скажу. Усё гэта лухта. Перадсмяротныя курчы. Давядзенне сітуацыі да такога абсурду, што нават тыя, хто дагэтуль умудраўся стаяць у баку, апынецца самым актыўным супраціўнікам гэтага бязглуздага, неразумнага рэжыму.

Яшчэ месяц таму, пасля блакавання «Хартыі», мы спрабавалі заклікаць да розуму чыноўнікаў. Патлумачылі на пальцах і графіках, што блакаваннем найбуйнейшага незалежнага сайта Лукашэнка канчаткова падарваў інфармацыйную бяспеку Беларусі. Беларусы сёння глядзяць не лукашэнкаўскае БТ, а прапагандысцкія расейскія тэлеканалы. Пасля закрыцця буйных і папулярных незалежных газет, яны чытаюць расейскую «Комсомолку» і «АиФ». Пасля блакавання «Хартыі» адбыўся масавы пераход беларусаў у расейскі сегмент інтэрнэту і адначасова ўпала аўдыторыя «Саўбеліі».

Цяпер я бачу, што тлумачыць ім бессэнсоўна. Паравоз Лукашэнка імкліва імчыцца ў прорву. Ім пляваць, што «расейскі свет» можа зжэрці не толькі Беларусь, але і ўсю цяперашнюю бязглуздую«верхавіну». Ім пляваць нават на іх уласныя праекты тыпу Парку высокіх тэхналогій і Звязу для развіцця лічбавай эканомікі, бо ўсё гэта ляснецца пасля знішчэння вольнага інтэрнэту.

Хацела б звярнуцца да розуму калег-журналістаў. Не сакрэт, што многія радаваліся блакаванню сайта «Хартыі». Мы папярэджвалі, што пасля нас наступнымі стануць іншыя медыі. Цяпер, на шчасце, праблему ўсвядомілі ўсе. Нават кіраўнік tut.by Зісер заявіў, што пасля прыняцця гэтых паправак беларусы будуць сыходзіць у расейскі сегмент інтэрнэту, хоць пасля блакавання «Хартыі» гэта ўжо адбылося.

Па адным са СМІ хутка расправяцца. Калегі, можа, будзем змагацца разам?

Дарагія чытачы, мы таксама разлічваем на вашу падтрымку. Незалежныя СМІ дапамагалі ўсім, хто пацярпеў ад дзеянняў рэжыму. Сёння ўсім, незалежна ад палітычных поглядаў і асабістых сімпатый, трэба змагацца за свабоду слова. Інакш абараніць вас не будзе каму.

Заходнім жа палітыкам, дыпламатам і аналітыкам, пара спыніць снаваць ілюзіі, што Лукашэнка амаль стаў «дэмакратам» і «патрыётам». Напраўду, менавіта ён сёння - кіраўнік «расейскага свету» ў Беларусі.

Часта ў гісторыі бывала, калі, здавалася б, у безнадзейнай сітуацыі людзі аб'ядноўваліся і абаранялі апошні рубеж. І пасля гэтага пераходзілі ў наступ.

Чаму ж Лукашэнка так баіцца незалежных медый? Таму што 80 адсоткаў насельніцтва яго ненавідзіць. Яго прапагандысцкія рэсурсы ў інтэрнэце і сацсетках у дзясяткі разоў саступаюць паводле папулярнасці незалежным СМІ. Увесь інтэрнэт смяецца з дыктатара і ягоных памагатых.

Дык давайце пакажам, што мы большасць і што мы сіла.

За нашу і вашу свабоду!

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках