18 красавiка 2024, Чацвер, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр абароны Польшчы: Беларускае войска - частка расейскага

2
Экс-міністр абароны Польшчы: Беларускае войска - частка расейскага
ЯНУШ АНЫШКЕВІЧ
ФОТА: ALBERT ZAWADA/AG

Расея не адмовілася ад свайго стратэгічнага плана - аслабіць Еўразвяз.

Адзін з лідараў польскай «Салідарнасці», экс-міністр абароны Польшчы і былы віцэ-старшыня Еўрапарламенту Януш Адам Анышкевіч не пакідае актыўную палітыку - цяпер ён з'яўляецца дарадцам міністра абароны РП і бярэ ўдзел у працы Паўночнаатлантычнай рады NATO. Януш Анышкевіч наведаў Менск для ўдзелу ў дыскусіі аб цывільным кантролі вайсковых структур, піша Thinktanks.by.

Расея цалкам вычарпала запас еўрапейскага даверу

Цяперашнія ўзаемадачыненні Еўразвязу і Расеі Януш Адам Анышкевіч яшчэ не разглядае як новую халодную вайну, ён называе іх «вельмі халодным мірам». На ягоную думку, цяпер нават Уладзімір Пуцін пачынае разумець, што тактыка ціску і пагроз ужо не падзейнічае на Еўропу, што «саступак з нашага боку не будзе». «Цяпер з'яўляюцца нейкія спекуляцыі, маўляў, Расея распрацоўвае новы падыход у дачыненнях з Захадам, пабачым, што гэта за падыход - трэба каб прайшоў нейкі час пасля выбараў расейскага прэзідэнта, - сказаў палітык. - Галоўная праблема цяпер у нашых стасунках з Расеяй - гэта поўная адсутнасць даверу з боку Еўропы. А які можа быць давер, калі Расея паказала, што не разглядае міжнароднае права за неабходнае да выканання? Паказала, што яна можа выкарыстоўваць прэвентыўную вайну».

Януш Анышкевіч нагадвае, што ўпершыню Расея выкарыстала такую форму вайны ў Грузіі ў 2008 годзе: «Усе тады звярталі ўвагу на Паўднёвую Асецію - там расейцы маглі падаваць нейкія аргументы супраць палітыкі Міхаіла Саакашвілі і г.д. Але ніхто не казаў пра Абхазію - а там ніякіх аргументаў у Расеі не было, акрамя таго, што пастанова аб вайне была прынятая на падставе сітуацый, якія могуць адбыцца. Потым гэтая сітуацыя паўтарылася з Крымам. Пагрозы для расейцаў там не было, але Расея казала, што такая пагроза можа быць».

Са слоў Януша Анышкевіча, у Еўропе разумеюць, што хоць нейкі давер трэба аднаўляць або ствараць намаганнямі абодвух бакоў, але пакуль нішто не абяцае, што такія намаганні могуць быць прынятыя: «Праблема ў тым, што Расея не адмовілася ад свайго стратэгічнага плана - аслабіць Еўразвяз, раскалоць ЕЗ і ЗША, каб атрымаць свае выгады з пункту гледжання балансу сіл паміж ЕЗ і Расеяй. Будзем чакаць, ці будуць нейкія крокі з боку Масквы, але Еўропа, мяркую, не пойдзе на нейкія саступкі. Еўропе трэба трымаць сваю лінію абароны і ў той жа час спадзявацца, што Расея зразумее, што яе палітыка шкодзіць яе ж інтарэсам».

Беларускае войска - частка расейскай вайсковай машыны

Паверыць у абсалютную бяспеку суседства з Беларуссю перашкаджае наступная сітуацыя: «Як беларускія вайскоўцы і палітыкі змогуць сумяшчаць запісанае ў Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту і абавязкі хаўрусніка краіны, якая вядзе вельмі агрэсіўную палітыку? Мы ведаем, што цяпер няма беларускай аўтаномнай супрацьпаветранай абароны, ведаем, што ёсць гарантыя з боку Беларусі абараняць расейскія вайсковыя аб'екты на тэрыторыі Беларусі ў выпадку ўзнікнення пагрозы для гэтых аб'ектаў. Усё гэта зводзіць Беларусь да статусу не зусім незалежнай краіны. І для нас гэта таксама праблема. З нашага пункту гледжання беларускае войска - частка расейскай вайсковай структуры», - сказаў польскі палітык.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках