19 красавiка 2024, Пятніца, 22:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакат «дармаедаў»: Здаецца, у Лукашэнкі завяліся ворагі

77
Адвакат «дармаедаў»: Здаецца, у Лукашэнкі завяліся ворагі
Крынiца: caricatura.ru

Новы дэкрэт аб «дармаедах» такі ж абсурдны, як і папярэдні.

У чацвер беларусаў насцярожыла з'яўленне ўрадавай пастановы пра «дармаедаў». Чым адрозніваецца дэкрэт №3 ад дэкрэта №1 і ці чакаць новых Маршаў абураных беларусаў - сайт Charter97.org спытаў у прафесійнага юрыста, вядомага прававога інспектара працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці, лаўрэата прэміі «Хартыі-97» за 2017 год Леаніда Судаленкі, які летась дапамог многім беспрацоўным людзям, якія трапілі пад дзеянне абсурднага дэкрэта Лукашэнкі «аб дармаедах»:

- Ведаеце, я цяпер смяюся, што раней быў «адвакатам дармаедаў», а цяпер стаў адвакатам «незанятых у эканоміцы». Калі паводле дэкрэта №3 «дармаеды» павінны былі плаціць грошы падатковай інспекцыі, то цяпер няма абавязку плаціць канкрэтныя грошы - 20 базавых велічынь у год. Цяпер «незанятым у эканоміцы» пагражае ад дзяржавы, са студзеня наступнага года, аплата камунальных паслуг па 100% тарыфе.

Я вельмі сумняваюся, што гэтая сістэма зможа працаваць на практыцы. Возьмем, да прыкладу, сям'ю, дзе муж працуе, жонка беспрацоўная і ў іх ёсць двое дзяцей школьнікаў. Якім чынам з «квітанцыі» вылучыць долю непрацоўнай жонкі для таго, каб налічыць ёй камунальныя паслугі паводле патройнага тарыфу? Мне ўяўляецца вельмі туманна, як пастанова будзе працаваць на практыцы.

Улада гэтай пастановай, якая цяпер актыўна абмяркоўваецца, падзяліла беларусаў на дзве катэгорыі: занятыя ў эканоміцы або незанятыя. Гэта значыць, заходзіць у тралейбус, метро ці іншы грамадскі транспарт «незаняты ў эканоміцы» і што, яму кандуктар прадасць спецыяльны білет з падвышаным коштам? А якім чынам медыцынскія паслугі будуць аказвацца «занятым» і «незанятым у эканоміцы»? Увогуле, мне ўсё роўна здаецца, што калёсы пастаўленыя наперадзе каня, і дэкрэт працаваць на практыцы не будзе.

Хачу яшчэ падкрэсліць адзін момант. Дазвольце спытаць, а дзе наогул напісана, што грамадзянін Беларусі абавязаны быць заняты ў эканоміцы? Хто прысвоіў сабе права дзяліць людзей на вось такія катэгорыі?

Вядома, што працаваць ці не працаваць - гэта права, а не абавязак. Грамадзянін абавязаны плаціць падаткі, але гэта не азначае, што «незаняты ў эканоміцы» не плаціць падаткі. Купляючы, напрыклад, прадукты, мы ўжо ўдзельнічаем у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Усе мы, працоўныя ці не, з'яўляемся спажыўцамі тавараў і паслуг, у якія ўжо ўключаны падаткі.

- Вы дапамаглі многім беспрацоўным людзям, якія трапілі пад дзеянне скандальнага дэкрэта №3. Ці маеце намер вы абараняць людзей ад дэкрэта №1, які прыйшоў яму на змену?

- Я шукаю першага «незанятага ў эканоміцы» беларуса, якому паводле «поўнага тарыфу» налічаць камунальныя паслугі. З гэтым чалавекам я пайду ў суд, дзе буду даводзіць неправамернасць усяго гэтага. Бо можна будзе ставіць пытанне аб дыскрымінацыі гэтага грамадзяніна па прыкмеце незанятасці, якая гарантуецца Канстытуцыяй! Гэта значыць, у нас ёсць права не працаваць.

Заўважце, зноў-такі ў наяўнасці абсурдная сітуацыя. Гэтыя ўсе падзеі адбываюцца напярэдадні такіх значных палітычных падзей, як «рэферэндум», «парламенцкія» і «прэзідэнцкія» «выбары». Напэўна, у Лукашэнкі ва ўрадзе завяліся ворагі, якія проста хочуць перашкодзіць яму, ствараючы пратэстнае войска.

Бо толькі ў Расеі працуе блізу мільёна беларусаў. Адпаведна, яны там зарабляюць грошы, якія часта з'яўляюцца няўлічанымі. І што, улада кожнага, які працуе за мяжой назаве «незанятым у беларускай эканоміцы» і выставіць ім «квітанцыю» з аплатай электраэнэргіі і газу з вадой паводле патройнага тарыфу? Маё меркаванне, што гэты абсурд на практыцы працаваць не будзе.

У пастанове яшчэ ўказана, што ў рэгіёнах створаць камісіі, якія будуць прымаць рашэнні па тых, хто трапіў пад дэкрэт. Паводле папераў яны створаны для таго, каб нібыта дапамагчы «незанятым у эканоміцы» знайсці працу, але, прабачце, нават паводле афіцыйных звестак у 60 райцэнтрах вялікія праблемы з працай. У маленькім горадзе, як Лоеў ці Добруш знайсці працу проста нерэальна.

Улады павінны не пераследаваць «незанятых у эканоміцы», а ствараць працоўныя месцы ў малых гарадах. Прыцягваць, матываваць людзей высокім узроўнем заробку і тады беларусы, у тым ліку і з Расеі, вернуцца ў свае сем'і. Пакуль працоўных месцаў няма, то людзі едуць не толькі на Усход, але і вельмі актыўна ў краіны Еўразвязу, таму што там ёсць магчымасць зарабіць прыстойныя грошы для таго, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю.

Увогуле, чыноўнікі калёсы зноў паставілі наперадзе каня.

- Як напісала ў артыкуле «Вялікі брат ўжо топчацца ў пярэднім пакоі» Ірына Халіп, пад прыкрыццём «дармаедскага» дэкрэта ідзе збор персанальных звестак. Гэта ж таксама грубае парушэнне правоў беларусаў?

- Ведаеце, справа ў тым, што сёння чалавек, які пагадзіўся атрымаць беларускі пашпарт з ідэнтыфікацыйным кодам, ужо «сядзіць» у базах. Проста, калі раней доступ да гэтых баз быў у спецслужбаў, то цяпер магчымасць імі карыстацца будзе мець больш шырокае кола «мятых пінжакоў».

Груба кажучы, кожны чыноўнік будзе валодаць гэтымі персанальнымі базамі звестак.

- На ваш погляд, які лёс чакае дэкрэт №1?

- Мне здаецца, што ўсё будзе залежаць ад правапрымяняльнай практыкі. Я вельмі сумняваюся, што на практыцы дэкрэт наогул будзе працаваць. Паколькі, яшчэ раз падкрэслю, абсалютна не зразумела, як будуць налічвацца гэтыя тарыфы «па поўнай».

Нават калі ўзяць самага ідэальнага для ўлады «незанятага ў эканоміцы» чалавека, які валодае 2-3 аформленымі на яго кватэрамі, то, зразумела, яму можна налічыць па «поўным тарыфе» камунальныя паслугі, але такіх жа адзінкі!

У асноўным пад дэкрэт патрапяць сям'і, дзе адзін працуе, а другі не працуе або абодва працуюць, але дзіця, якое пражывае разам з імі «дармаед». І вось як на практыцы раздзяліць паміж імі квітанцыі? Я проста не ўяўляю.

Вядома, калі дэкрэт закране вялікую колькасць людзей, не выключаю, што зноў будуць пратэстныя акцыі. Мы ўжо бачылі, што было ўвесну мінулага года, калі на акцыі пратэсту выходзілі тысячы беларусаў. Вядома, калі праблема закране вялікую колькасць людзей, то акцыі паўторацца.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках