28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памерла Ульяна Захаранка, маці выкрадзенага экс-міністра ўнутраных спраў

41
Памерла Ульяна Захаранка, маці выкрадзенага экс-міністра ўнутраных спраў
Ульяна Захаранка

На 95 годзе жыцця памерла Ульяна Захаранка.

Пра гэта паведаміла ў сваім Фэйсбуку кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.

Ульяна Захаранка - маці выкрадзенага ў Беларусі ў 1999 годзе былога міністра ўнутраных спраў, аднаго з лідараў беларускай апазіцыі Юрыя Захаранкі.

Усе апошнія 19 гадоў Ульяна Захаранка дамагалася расследавання справы аб знікненні яе сына, у тым ліку ў міжнародных структурах. Так, у сваім апошнім звароце ў Працоўную групу ААН гвалтоўных і недобраахвотных знікненняў маці зніклага палітыка прасіла міжнародны орган прыняць неадкладныя захады ў сувязі з нежаданнем Рэспублікай Беларусь расследаваць крымінальныя злачынствы супраць чалавецтва, звязаныя з гвалтоўнымі і недобраахвотных знікненнямі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

Генерал Юрый Захаранка бясследна знік 7 траўня 1999 года.

Паводле афіцыйнай версіі гэта здарылася ўвечары ў раёне вуліцы Жукоўскага ў Менску, калі ён быў выкрадзены з ужываннем гвалту «неўстаноўленымі асобамі» і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. Паводле факта знікнення экс-міністра ўнутраных спраў крымінальная справа была распачатая толькі 17-верасня 1999 года паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

За некалькі гадоў да гэтага Захаранка быў звольнены са сваёй пасады як службовец, што не падзяляе пункт гледжання Лукашэнкі і яго атачэння. Генерал карыстаўся павагай у асяроддзі сваіх калег, займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Таму яго апазіцыйная дзейнасць уяўляла асаблівую небяспеку для ўладаў.

Шмат хто ў Беларусі і ў свеце мяркуе, што яго выкралі з палітычных прычын і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках