21 красавiка 2019, Нядзеля, 22:18
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: І з лічбавай эканомікай будзе, як з хакеем

34

За вышэйшае дасягненне ўважаецца не прыстойнае месца на ЧС або Алімпіядзе, а гульня з «генералісімусам».

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, каментуючы крах беларускай хакейнай каманды на ЧС-2018, пасля якога беларусам давялося пакінуць элітны дывізіён:

- З гэтай нагоды я магу сказаць: які «хакеіст №1» - такая і каманда. А наогул Лукашэнка - ён жа як цар Мідас, толькі наадварот: да чаго ні дакранецца - усё ператвараецца ў г..но.

І гэта не толькі хакейная каманда. Памятаеце, як ён займаўся мадэрнізацыяй дрэваапрацоўкі? Дакладна магу сказаць: тое ж самае адбудзецца і з «лічбавай» эканомікай.

Шкада толькі аднаго: беларуская каманда адправілася ў ніжэйшую лігу, а напраўду ў ніжэйшую лігу трэба было адправіць «хакеіста №1». Яму - самае месца ў ніжэйшай лізе. Гэта яго трэба адправіць загадчыкам гаспадаркі куды-небудзь у Шклоў або брыгадзірам у адзін з саўгасаў.

Асабіста я думаю, і гэта не жарт, што з Лукашэнкі атрымаўся б нядрэнны дырэктар ЖКГ. Гэта ён можа: бегаць, гарлапаніць, патрабаваць, каб было чыста і своечасова ваду давалі, каб каналізацыя працавала. А больш складанымі рэчамі яму супрацьпаказана займацца.

- Як казаў Астап Бэндар - пара перакваліфікавацца ў домакіраўніка?

- Цалкам дакладна - і гэта без іроніі.

А калі казаць ужо зусім сур'ёзна, у беларускім хакеі адбылася абсалютная разбэшчанасць людзей, якія ім займаюцца.

Бо за найвышэйшае дасягненне ўважаецца не прыстойнае месца на ЧС або Алімпіядзе, а магчымасць пагуляць у адной камандзе з «генералісімусам». Бо менавіта ў гэтай камандзе, як мы ведаем з лёсаў некаторых хакеістаў, расце дабрабыт, з'яўляецца элітная нерухомасць і іншыя магчымасці.

Вось гэтыя неспартыўныя мары і штурхаюць хакеістаў у «прыдворны тэатр» і «смяхотны полк» пры Лукашэнку - і губяць іх у выніку. Таму што ўжо не трэба дасягаць прафесійных вяршыняў: трэба толькі ўмець своечасова лізнуць - і ў цябе будзе залатая клюшка і дыяментавая шайба.

Я не параўноўваю беларускі хакей з канадскім, але са славацкім яго цалкам можна было б параўнаць - паводле магчымасцяў, паводле колькасці ўцягнутых у яго людзей. Велічыні супастаўныя - але ў Беларусі нічога не атрымліваецца. А чаму? Таму што ў беларускім хакеі даўно зрушаныя маральныя акцэнты. Туды кінуліся кіраваць людзі, для якіх найвышэйшае шчасце - гэта ўвага Аляксандра Рыгоравіча і ягонае добразычлівае да іх стаўленне. Вось яны і бегаюць вакол, займаючыся ідэалогіяй і ўсім, чым хочаце - толькі не хакеем.

Але самае важнае ў тым, што хакей проста знаходзіцца навідавоку, крах у ім схаваць складаней. А ўсё тое ж самае адбываецца і ў эканоміцы, у «мадэрнізацыі» прамысловасці - сітуацыя там ідэнтычная!

Не можа вясковы фурман (я зараз цытую Уладзіміра Жырыноўскага) займацца «лічбавай эканомікай». Мала якія і са слоў Уладзіміра Вольфавіча вартыя ўвагі, але тут ён меў рацыю, сказаўшы, што ў 1994-м беларусы выбралі фурмана. І цяпер гэты фурман здолеў схапіць у рукі пугу і паганяе ім нашае грамадства, ставячыся да людзей, як да прыгонных.

Як у такіх умовах можа з'явіцца прафесійны хакеіст? Ды ніяк. Добры спартовец - гэта чалавек, які паважае сябе, свае ўменні, сваю прафесію, адточвае сваё майстэрства ўдзень і ўночы.

Калі ў НХЛ хакеіст зарабляе шалёныя паводле нашых мерак грошы, то гэта справядлівая аплата за ягоны талент і тытанічную праца. А тут - не. У нас людзі даўно зразумелі, што для заробку патрэбны не талент, а даўжыня языка.

З чым я іх і віншую.

- Лукашэнка, які звыкся эмацыйна рэагаваць на спартыўныя паразы, у гэтай сітуацыі чамусьці маўчыць. Але вось хакейны функцыянер Міхаіл Захараў сказаў, што трэба пабудаваць яшчэ больш лядовых арэн у краіне. Як вы гэта пракаментуеце?

Што ж, можна паспрабаваць... Але тут, як і ў навуцы, усё вымяраецца ў пунктах экстрэмуму - мінімуму і максімуму. У максімуме, на думку Захарава, усю Беларусь трэба заліць вадой і ператварыць у каток, каб усе бегалі з клюшкамі.

Але нічога з гэтага не выйдзе. Бо ўсе, каго выпусцяць на гэты мега-каток, будуць людзьмі з прыгоннай свядомасцю.

Сотні палацаў спорту не выратуюць беларускі хакей. Гэта і цяпер не працуе і не спрацуе ніколі.

Свет даўно змяніўся. У ім дзейнічаюць, перамагаюць, падымаюцца наверх людзі, якія перш за ўсё паважаюць саміх сябе. Немагчыма ў рабоў выхаваць пачуццё годнасці.

Таму ўсім таленавітым хакеістам, якія ёсць у Беларусі, я параю проста ўцякаць з «прыгоннага тэатра» Лукашэнкі. Бо ў ім яны навучацца толькі кланяцца начальству - і ўсё.

А беларускім заўзятарам я магу сказаць: спадарства, выходзьце на найбліжэйшыя мітынгі. Калі вы хочаце, каб у хакеі было нешта інакш, трэба, як казаў Жванецкі, не «ў кансерваторыі нешта мяняць» - трэба нешта мяняць на Карла Маркса, 38. Вытрасці таго-сяго з рэзідэнцыі. Рэч не ў лядовых палацах, а ў палацах-рэзідэнцыях, якія пабудаваў сабе Лукашэнка.

Рэч у тых хакейных матчах, на якія беларусы прыводзяць сваіх дзяцей, а тыя бачаць на коўзанках «генералісімуса», які ледзь варушыцца, і перад якім расступаюцца заслужаныя у мінулым майстры, падкідаючы на клюшку шайбу, ад якой брамнік ўцякае ў іншы кут брамы...

У такім хакеі - нам сапраўды няма роўных. Але ці патрэбны нам такі хакей? Як і сам «хакеіст №1».