19 красавiка 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Маці 328» з Ліды: Ксёндз блаславіў на галадоўку

2
«Маці 328» з Ліды: Ксёндз блаславіў на галадоўку
ЛЮДМІЛА ЛАПКО
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Людміла Лапко галадае шосты дзень.

У Лідзкім райвыканкаме яе зварот і расьпіску пра добраахвотную галадоўку не прынялі, запыталіся, ці зьвярталася яна асабіста да правадыра, паведамляе «Радыё Свабода». 10 траўня яна накіравала просьбу аб асабістым прыёме ў Адміністрацыю правадыра і заяўляе, што, пакуль ня прыйдзе адказ, галадоўку ня спыніць.

«Адчуваю пах ацэтону з роту»

На час галадоўкі Людміла Лапко пераехала са сваёй кватэры ў шматпавярховіку ў хату маці ў прыватным сэктары — кажа, што тут, на зямлі, у бацькоўскім доме, ёй і маральна, і фізычна лягчэй.

«Маці мне дапамагае маральна, сама сядзіць на хлебе і вадзе, кажа, што ежа ня лезе. Муж кожны дзень прыяжджае, па некалькі разоў тэлефануе: „Ты як?“ Пастаянна наведваецца сяброўка, якая працуе на „хуткай“, мерае ціск, абсьледуе мяне.

Але я ўжо адчуваю пах ацэтону з роту. Мне лягчэй, я ў адпачынку. А маці другога хлопца, які таксама сядзіць за наркотыкі, Алена Нікалаюк, працуе. У панядзелак яна ехала на працу ў аўтобусе, адчула слабасьць, папрасіла, каб саступілі месца», — расказала Людміла Лапко.

Адразу пасьля кропельніцы — у ізалятар

19-гадовага Яўгена Лапко затрымалі 16 красавіка 2015 году ў інтэрнаце Горадзенскага электратэхнічнага каледжа. У той дзень каля 12-й гадзіны маці патэлефанавала выхавальніца студэнцкага інтэрнату і сказала, што сын знаходзіцца ў неадэкватным стане пад наркотыкамі. Людміла адразу ж паехала ў Горадню.

«Спачатку майго сына і яшчэ аднаго хлопца, таксама Яўгена, суседа па інтэрнацкім пакоі, забралі ў шпіталь. Адразу сказалі, што сытуацыя складаная — у пакоі пры вобшуку знайшлі наркотык, спайс. „Таму шукайце добрага адваката“, — параілі мне. У шпіталі хлопцам паставілі кропельніцы, і літаральна празь дзьве гадзіны адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня».

Хоць лекар сказаў, што і кропельніцы па часе павінны быць даўжэйшыя, і як мінімум 8 гадзін пасьля працэдуры хлопцы павінны былі назірацца ў шпіталі.

«У нявызначаным месцы, у нявызначаны час, у нявызначанай асобы..»

Сьледзтва доўжылася 4 месяцы. Людміла Лапко лічыць, што ў матэрыялах справы шмат нестыковак, спрэс — «нявызначае месца, нявызначаны час, нявызначаная асоба».

«Апэратыўны работнік сказаў, што ён з вышыні свайго досьведу адчувае, што ў хлопцаў быў намер на збыт (а самому таму апэратыўнаму работніку 23 гады, які там досьвед!) Ён намаляваў нейкую парабалу і сказаў, што з той колькасьці рэчыва, што знайшлі ў інтэрнаце, можна было вырабіць 200 доз і зарабіць 10 тысяч даляраў.

Калі мы запрасілі экспэрта, яна гэта абвергла — усяго толькі 0,094 грама рэагенту было знойдзена ў двух чалавек. Маё дзіця сядзіць за 0,047 грама рэагенту! Таксама ў судзе прыслухаліся да дазнавальніка, які прысутнічаў пры затрыманьні і праходзіў сьведкам у справе. І яшчэ: аналізы паказалі, што ў мачы хлопцаў і ў схованцы ў інтэрнацкім пакоі, пад лямпай, былі розныя рэчывы, да таго ж у схованцы былі іншыя адбіткі пальцаў», — абураецца Людміла.

Яна прыводзіць шмат прыкладаў, доўга расказвае, што яе бянтэжыць у справе сына, як ужо пасьля прысуду яна зьвярталася да дэпутатаў, пісала скаргі ва ўсе судовыя інстанцыі, дайшла да Вярхоўнага суду. Калі Людміле прыводзяць статыстыку, што курыць спайсы сталі значна менш пасьля дэкрэту № 6, яны ў гэтыя лічбы ня верыць.

«Яны не перамаглі наркотыкі, проста людзі навучыліся гэтыя спайсы разводзіць, і ад іх не паміраюць», — лічыць маці.

11 гадоў пазбаўленьня волі за 0,047 грама спайсу

Перад абвяшчэньнем прысуду судзьдзя Янкоўскі праходзіў, супакойваў, маўляў, не хвалюйцеся, усё будзе добра. Казаў, маўляў, што «юнакі маладыя, ня будзем псаваць ім жыцьцё». Ну, мы ўжо настроіліся на ўмоўны прысуд, што дзяцей выпусьцяць. А тут прагучала: 11 гадоў. Мы проста былі ў шоку!

Людміла Лапко распавяла, што яе Яўген з 6 гадоў сур’ёзна займаўся футболам, яна рэгулярна вазіла сынаў Горадню на трэніроўкі, таму ён і паступіў у каледж, каб гуляць за футбольны клюб «Белкард». А яшчэ ён марыў служыць у паветрана-дэсантных войсках. Маці ніколі раней не заўважала, што сын ужывае спайсы.

«Падчас спатканьня Жэня мне прызнаўся, што курыў спайсы пяць разоў. Я была ў шоку і сказала яму: «Сын, ты пакаштаваў першы раз і не спыніўся — курыў ажно пяць разоў! І цябе Госпад моцна страсянуў і сказаў: «Пасядзі, падумай». Я яму таксама казала: «Пасадзілі людзі — выпусьціць Бог».

Яўген баяўся больш за ўсё, што дадуць умоўны тэрмін і праз судзімасьць ня возьмуць у войска. Людміла ня лічыць сына невінаватым:

«Так, ён ужываў наркотыкі. Але ж ён не распаўсюджваў! Так, ён сам добраахвотна працягнуў рукі насустрач граху. Але ён не прадаваў.

Прысуд неадэкватны. Знайдзіце тых, хто майму дзіцяці прадаў наркотык! У Горадні тады яшчэ гэтых наркотыкаў і не было, хлопцы езьдзілі ў Менск. А цяпер наркотыкі вельмі патаньнелі, і іх можна купіць паўсюль, ва ўсіх райцэнтрах. Гэтая дрэнь, гэтая зараза ўвайшла ў Беларусь! Я ўжо нават ня так перажываю за сына — пасадзілі, ну што, ён сядзіць. Я перажываю за ўнукаў, за чужых дзяцей!

Няўжо нельга знайсьці тых, хто завозіць гэтыя вялікія дозы, хто прадае, робіць закладкі?» — задае рытарычнае пытаньне Людміла Лапко.

Ксёндз блаславіў на галадоўку

Адбывае пакараньне Яўген Лапко ў Івацэвіцкай калёніі № 22, у «Ваўчыных норах», а ягоны сябар Яўген Нікалаюк — у Магілёве. Людміла Лапко не адзін раз выступала ў школах, расказвала падлеткам пра драматычны лёс свайго сына, папярэджвала дзяцей: «Спыніцеся, не каштуйце! Ня рвіце маці сэрца».

Людміла Лапко — чалавек глыбока веруючы, пастаянна трымае строгія пасты, таму арганізм прызвычаіўся. Апошні пост трымала 47 дзён — на хлебе і вадзе. Але цяпер п’е толькі ваду. Расказала, што лідзкі ксёндз Юзаф яе блаславіў на галадоўку, сказаў, граху ў гэтым няма.

«Ты маці, ты свайго сына павінна абараняць», — сказаў мне ксёндз.

Дзеці ў турмах ведаюць пра нашу галадоўку. Сын нядаўна тэлефанаваў, калі іншыя жанчыны пачалі галадаваць, сказаў, што вельмі крануты, узрушаны. Я яму прызналася, што хачу таксама далучыцца.

У панядзелак мне патэлефанавала Ларыса Жыгар і паведаміла, што яны з Натальляй Горбач абвясьцілі пра выхад з галадоўкі. Я іх не асуджаю. Адной трэба ехаць да сына на спатканьне, другая вельмі дрэнна сябе адчувае, у яе ўжо вусны белыя. Я гатовая галадаваць адна да канца — да адказу з Адміністрацыі прэзыдэнта", — запэўніла Людміла Лапко.

15 траўня Людміла Лапко паедзе ў Івацэвічы, павязе перадачу сыну ў турму. Сама за стырно асьцерагаецца сесьці, паедзе з пляменьнікам.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках