Дошку да 100-годдзя БНР дагэтуль не могуць усталяваць
2- 16.05.2018, 19:20
- 10,729
Дазволу гарадскіх уладаў на ўсталяванне памятнай дошкі да сотай гадавіны абвяшчэння БНР па-ранейшаму няма.
Як распавёў belsat.eu старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, ён паўторна звярнуўся ў Менгарвыканкам, каб атрымаць дазвол на ўстаноўку і афіцыйнае адкрыццё дошкі на вуліцы Валадарскага, 9.
Напярэдадні Дня Волі адкрыць дошку не ўдалося, падзею спачатку перанеслі на тыдзень, а потым адклалі на невядомы тэрмін.
Разам з тым, мастацкая рада пры Менгарвыканкаме раней зацвердзіла праект і парэкамендавала дошку да ўсталявання. Са слоў Рыгора Сітніцы, цяпер справа толькі атрымаць дазвол уладаў. Пакуль скульптар не сцвярджае адназначна, што ініцыятыва блакуецца ўладамі. Прычына такога доўгага чакання Саюзу мастакоў невядомая.
«Я дагэтуль чакаю адказу, паўторна падаваў заяву ў Менгарвыканкам. Як толькі я атрымаю адказ, буду мець на руках дакумент - змагу нешта каментаваць», - сказаў Сітніца.
Нагадаем, грошы на стварэнне мемарыяльнай дошкі ў сакавіку сабралі праз краудфандынг за пяць гадзін. Яна выкананая ў бронзе паводле праекта скульптара Алеся Шатэрніка ўзору 1993 года.