29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: У Менску прадаюць галандскую маліну за $130

26
Фотафакт: У Менску прадаюць галандскую маліну за $130
ФОТА: PIXABAY.COM

Чаму ў Амстэрдаме яна каштуе $21?

Беларусь - краіна багатых і знакамітых. Інакш як растлумачыць, што ў менскіх гіпермаркетах кілаграм маліны каштуе $130? Фота, на якім красуецца кошт 259 рублёў 92 капейкі, абляцела сацсеткі, піша euroradio.fm.

ФОТА ЗРОБЛЕНАЕ Ў АДНЫМ З ГІПЕРМАРКЕТАЎ МЕНСКА. ФОТА: ГРУПА «НС МЕНСКА» Ў «ВКОНТАКТЕ».

Мяркуючы з этыкеткі, маліна пастаўленая ў Беларусь з Нідэрландаў. Вы вельмі здзівіцеся, але ў Амстэрдаме кілаграм маліны каштуе... $21! Ну, гэта ж «загніваючая Еўропа», адкуль у іх грошы на свежыя ягады? Прама аж радасна стала за беларусаў, якія могуць сабе дазволіць заплаціць за маліну ў пяць разоў больш, чым галандцы!

Праўда, «беларускія» ягады спакаваныя па-іншаму - у прыгожую бліскучую скрыначку з фальгі.

МАЛІНЫ З АМСТЭРДАМА. 140 ГРАМ КАШТУЮЦЬ 2,49 ЕЎРА, 1 КГ - 17,8 ЕЎРА, АБО $21. ФОТА ЕЎРАРАДЫЁ.

Мяркуючы з этыкеткі амстэрдамскай маліны, яна прыбыла ў Галандыю з Партугаліі. Працягнем наша даследаванне! У Лісабоне кілаграм ягад (праўда, у іншай фасоўцы - па 125 грам) каштуе 19,92 еўра ($23,5). Гэта крыху даражэй, чым у Амстэрдаме, але ўсё роўна нерэальна танней, чым у Беларусі.

МАЛІНЫ З ЛІСАБОНА. 125 ГРАМ КАШТУЮЦЬ 2,49 ЕЎРА, 1 КГ - 19,92 ЕЎРА, АБО $23,5. ФОТА ЕЎРАРАДЫЁ.

Адкуль такая розніца ў кошце маліны паміж краінамі цэнтральнай і заходняй Еўропы з аднаго боку і Беларуссю з другога?

«Крама, напэўна, дае нейкую нацэнку. Магчыма, юрыдычная асоба, якой я прадаю, таксама дае сваю нацэнку, - тлумачыць індывідуальны прадпрымальнік, які прывёз ягады ў Беларусь. - Трэба разумець, што гэта такая лесвіца. Я прадаю маліну па кошце ад 85 да 116 рублёў. А хто на колькі павялічвае, гэта пытанне кожнай арганізацыі».

На самай справе, гэтая маліна не галандская, а перуанская, а ў Бенілюксе яе толькі фасуюць. Са слоў прадпрымальніка, у Галандыі ён закупляе маліну ў сярэднім за 67-91 рубель ($33- $46, у залежнасці ад партыі), гэта значыць яго нацэнка - у раёне 20-25 рублёў. Гэта нямала, але Аляксандр, так клічуць пастаўшчыка, тлумачыць яе дарагоўляй лагістыкі.

«Наогул, вытворца знаходзіцца ў Перу. Яшчэ мы закупляем маліну ў Емене. У нейкім аб'ёме на самалёце яна ляціць у Галандыю. Усё гэта фармуецца, расфасоўваецца. У галандцаў купляюць ужо наўпрост, давозяць сюды, робяць дакументы. Самалётамі дастаўляюць. Чаму, разумееце? Тэрмін прыдатнасці захоўвання ягад вельмі маленькі.

Пастаўшчык накідвае, таму што ідзе вялікі адсотак браку. Калі ягаду захоўваць няправільна хоць бы чатыры гадзіны, то ўсё.

Ёсць строгія ўмовы захоўвання, напрыклад, да 8 градусаў пры пэўнай вільготнасці. І так з кожнай ягадай».

Інакш кажучы, беларусы, якія ўсё-такі вырашаць выкласці за маліну $130, плацяць не толькі за сваю куплю, але і за тыя ягады, якія застануцца на прылаўку і так і не будуць набытыя.

«Што тычыцца нацэнак, гэта старая традыцыя нашага прыватнага бізнэсу, які прывык працаваць з такой рэнтабельнасцю. Мяне заўсёды гэта здзіўляла. Колькі ад бізнэсоўцаў ні чуеш, чаму так дорага, яны ўсё кажуць амаль адну і тую ж фразу: «Мы ж павінны закладваць рызыкі», - разводзіць рукамі незалежны аналітык Сяргей Чалы. - Маецца на ўвазе, што яны ўлічваюць нейкія форс-мажоры. Але самае цікавае, што гэтая фраза павінна азначаць, што, калі на рынку здараецца нешта нядобрае, бізнэс ужо павінен быць да гэтага гатовы. То бок, гэтая высокая норма прыбытку, якая была, павінна была нейкім чынам адкладацца і служыць падушкай бяспекі. Высвятляецца, што нічога гэтага не здараецца. Калі здараецца крызіс, то яны аказваюцца ў такім жа ўразлівым стане, як і ўсе астатнія. Гэта значыць фраза гэтая не мае сэнсу. Значыць, што проста вельмі грошы патрэбныя».

Дарэчы, у гіпермаркеце Еўрарадыё адмовіліся пракаментаваць, наколькі актыўна купляецца маліна па прапанаваным кошце.

І яшчэ адна дэталь. У Варшаве партугальская маліна, такая ж, як ляжыць на паліцах у Амстэрдаме, каштуе 12 злотых за 125 грам, гэта значыць блізу $26 за адзін кг.

Як усё-такі дорага быць беларусам.

МАЛІН З ВАРШАВЫ. 125 ГРАМАЎ (УПАКОЎКА ЯК Ў ЛІСАБОНЕ) КАШТУЕ 12 ЗЛОТЫХ, 1 КГ - $26. ФОТА ЕЎРАРАДЫЁ.
Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках