28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усё роўна, хто за стырном: усе балы за парушэнне пойдуць аўтаўладальніку»

15
«Усё роўна, хто за стырном: усе балы за парушэнне пойдуць аўтаўладальніку»
ФОТА: ADT.BY

Прапанаваная МУС сістэма штрафных балаў павялічыць аб'ём інфармацыі папяровай працы ў супрацоўнікаў ДАІ.

Міністэрства ўнутраных спраў прапануе за парушэнні правілаў дарожнага руху налічваць штрафныя балы. І тых, хто на працягу года набярэ 15 такіх балаў за, напрыклад, зафіксаваныя відэакамерамі перавышэнні хуткасці, на шэсць месяцаў ператвораць у пешаходаў - пазбавяць правоў. Незалежна ад таго, хто быў на той момант за стырном, кажа euroradio.fm аўтамабільны экспэрт, галоўны рэдактар аўтамабільнага партала ABW.by Аляксей Хвашчынскі.

«Людзі будуць часцей задумвацца пра тое, каб штраф перапісаць на рэальнага парушальніка - чалавека, які быў за стырном. Для гэтага будуць звяртацца ў ДАІ, афармляць дакументы будуць, паперы пісаць адпаведныя, і дакументаабарот стане яшчэ большым, чым цяпер. Аддзелы практыкі ДАІ будуць заваленыя папяровай працай яшчэ больш. У іх і цяпер працы столькі, што не заўсёды паспяваюць да адказнасці прыцягнуць. У нас тэрмін прыцягнення да адказнасці - два месяцы, і не заўсёды паспяваюць аформіць паперы. А калі прымуць гэтую бальную сістэму, то не паспяваць будуць яшчэ больш. Таму што наўрад ці спецыяльна для гэтага будуць набіраць дадатковы персанал і пашыраць кадры», - кажа Хвашчынскі.

«Перапраграмаваць» камеры відэафіксацыі такім чынам, каб яны фатаграфавалі не нумар аўтамабіля, а твар кіроўцы, і вызначалі праўдзівага парушальніка, не атрымаецца, кажа Хвашчынскі. І таму прапануе наогул прыбраць з сістэмы налічэння штрафных балаў парушэнні, зафіксаваныя камерамі. Тым больш што, на думку экспэрта, больш за ўсё гэтая прапанова МУС ударыць не па звычайных аўтааматарах, а па прафесіяналах - таксістах і дальнабойніках.

Акрамя штрафной бальнай сістэмы распрацоўшчыкі законапраекта прапаноўваюць падзяліць аўтааматараў на тых, хто ездзіць на аўто з механічнай каробкай перадач, і тых, хто з аўтаматычнай. Прыхільнікам «аўтамата» прапаноўваюць ставіць адпаведную адзнаку ў правы, якая не дазваляе ездзіць на «механіцы» без пераздачы экзаменаў у ДАІ. Таксама прапануецца «легалізаваць» квадрацыклы - каб імі кіраваць, трэба будзе вучыцца, здаваць экзамены і атрымліваць правы на аўто.

У цяперашні час распрацаваны МУС законапраект праходзіць працэдуру грамадскага абмеркавання. Што з заўваг аўтааматараў у выніку будзе ўлічана, у якім выглядзе дакумент трапіць у «палату прадстаўнікоў», пакуль казаць цяжка, кажа Аляксей Хвашчынскі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках