23 красавiка 2024, aўторак, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская пенсіянерка: У краме салямі толькі нюхаю

12
Беларуская пенсіянерка: У краме салямі толькі нюхаю

Як жывуць пенсіянеры пасля «травеньскай надбаўкі» ад уладаў.

З 1 траўня працоўныя пенсіі ў сярэднім выраслі на 5,4 адсотка. Карэспандэнты «Вечернего Бобруйска» зайшлі ў прадуктовыя крамы з пенсіянерамі, якія днямі атрымалі запаветную выплату, і даведаліся, на што можна выдаткаваць гэтыя 15-16 рублёў.

«У краме салямі толькі нюхаю»

Алене Змітровіч 61 год. Працоўны стаж - больш за 30 гадоў, працавала сакратаркай, аператарам ПВМ. На пенсію выйшла ў 54 гады, бо дагэтуль атрымала другую групу інваліднасці. Да травеньскай надбаўкі пенсія жанчыны складала 296 руб. З траўня ёй дадалі 16 рублёў, і пенсія вырасла да 312 руб.

- Каля каўбаснага аддзела я затрымліваюся, каб падыхаць, - смяецца Алена Іванаўна, якая адправілася на закупы ў краму «Віталюр». - Ужо вельмі даўно не дазваляю сабе купіць смачную духмяную салямі.

Са слоў пенсіянеркі, сабе і мужу яна толькі на святы купляе сумесь курынага і свінога фаршу для катлет. А ў будні варыць першае на рабрынках.

У мясным аддзеле жанчына бярэ паштэт «пячоначны» за 1,69 рубля і тлумачыць, што гэта для кошкі.

Малочны аддзел. Тут Алена Іванаўна купляе пачак «Бабуліны тварагу» (1,15 руб.), бутэльку малака "Бабулін гладыш" (1,25 руб.) і 15-працэнтную смятану «Брэст-Літоўская» (1,45 руб.).

- Каб выйшла танней, падчас паходаў па крамах я імкнуся шукаць прадукты на акцыях, - тлумачыць жанчына, чаму ўвесь час звяртае ўвагу на жоўтыя цэннікі.

Тым часам у прадуктовы кошык пенсіянеркі дадаецца акцыйная чорная гарбата ў пакеціках «Ліптан» (2,29 руб.), цукар (1,54 руб.) і алей «Залатая кропля» (2,39 руб.), а таксама хлеб дыябетычны ( 1,09 руб.), батон «Багуслаўскі» (79 кап.) і дзясятак маленькіх яек З-2 (1,59 руб.).

- Трэба сябе яшчэ квасам папесціць з пенсіі, - заўважае Алена Іванаўна свой ўлюбёны напой.

Але, як высвятляецца на касе, не атрымаецца: бутэлька хлебнага квасу перасягае ліміт надбаўкі.

- Ой, а мне ж яшчэ трэба было масла, - успамінае пенсіянерка.

- І што я ў выніку купіла? - жанчына перабірае кошык. - Толькі самае неабходнае, на рыбу нават не глядзела.

Нейкіх прадуктаў з гэтага набору хопіць на некалькі тыдняў, а, напрыклад, літр малака сыдзе на манную кашу за два дні, кажа жанчына.

Са слоў зусім не старой яшчэ, хоць і пенсіянеркі, адзенне і абутак яна сабе ўжо даўно не купляе:

- А яшчэ ж хочацца адчуваць сябе жанчынай: купляць абноўкі, хадзіць у цырульню...

Агулам за надбаўку 16 руб. Алена Іванаўна купіла:

паштэт «Пячоначны»

пачак тварагу

бутэльку малака

смятану

пакецікі чорнай гарбаты

кілаграм цукру

сланечнікавы алей

хлеб дыябетычны

батон «Багуслаўскі»

дзясятак яек

«На гэтым усё, трэба яшчэ ўнучкам на каруселі пакінуць»

56-гадовы Аляксандр Борбут 35 гадоў працуе электраманцёрам на «Белшыне». Год таму мужчына выйшаў на пенсію «з прычыны шкоднай вытворчасці», але пакуль яшчэ працуе. Пенсію ён атрымлівае 315 рублёў, з надбаўкай - 330.

- Ну што ж, паглядзім, што атрымаецца купіць на гэтыя 15 рублёў, - усміхаецца Аляксандр Віктаравіч і з прадуктовым кошыкам падыходзіць да малочнага аддзелу крамы «Бруснічка».

У кошык кладзецца пачак малака («Беллакт», 1,25 руб.) і кефіру («Бабулін гладыш», 99 кап.). Акцыйным коштам набываецца садавіна: чатыры бананы (1,65 руб.) і адзін грэйпфрут (61 кап.).

- Як я разумею, мы сёння ідзём міма мяснога аддзела, - жартуе мужчына, а ў кошык тым часам апускаецца кілаграм слуцкага цукру за 1,50 руб.

На гэтым з пакупкамі заканчваем.

- А як інакш - мне яшчэ трэба ўнучак папесціць, - тлумачыць Аляксандр Віктаравіч. - Схаджу з імі ў парк на атракцыёны. Адно катанне каштуе ад 1,20 да 2-х рублёў. Вось і застанецца, каб іх пакатаць разы тры.

У чэку - сума 6,18 руб. Са слоў мужчыны, набытай садавіны і «малочных прадуктаў» хопіць на некалькі дзён.

Аляксандр Віктаравіч прызнаецца: пакуль не ўяўляе сабе, як будзе жыць толькі на адную пенсію. Але, магчыма, дапамогай стане лецішча, дзе вясной і летам працуе пенсіянер з жонкай, яны бавяць там амаль усе выходныя.

- Пакуль я працую, хацелася б яшчэ з'ездзіць адпачыць, - марыць электраманцёр. - Наўрад ці на пенсіі гэта атрымаецца.

Агулам надбаўку 15 руб. Аляксандр Віктаравіч выдаткаваў на:

пачак малака

пачак кефіру

чатыры бананы

адзін грэйпфрут

кілаграм цукру

і тры разы пакатаў унучак на атракцыёнах у парку

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках