19 сакавiка 2024, aўторак, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка атрымаў жорсткі адказ з Расеі

37
Лукашэнка атрымаў жорсткі адказ з Расеі
КАРЫКАТУРА: СЯРГЕЙ ЁЛКІН

Рассельгаснагляд не пабаяўся ўвесці новыя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў.

14 траўня на пасяджэнні Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады Лукашэнка, мабыць, кінуў камень у агарод Рассельгаснагляду, калі сказаў што «інтарэсы асобных таваравытворцаў перыядычна ставяцца вышэй за прынятыя намі пастановы», піша udf.by.

Але Рассельгаснагляд пасля гэтага не адмовіўся ад жорсткіх захадаў. 15 траўня яго сайт апублікаваў інфармацыю, як з дапамогай фальшывай схемы транзіту «Беларусь-Казахстан» беларускія вытворцы абыходзяць санкцыі. А 16 траўня Рассельгаснагляд увёў абмежавальныя захады ў дачыненні да новага шэрагу малочных і мясных айчынных прадпрыемстваў. Прычым сярод іх былі ААТ «Александрыйскае» - былы калгас на радзіме Лукашэнкі.

Гэтая сітуацыя выглядае завочным адказам правадыру Беларусі з боку ўстановы. Чаго тут больш - палітыкі ці эканомікі?

«Расеі не будуць патрэбныя ні наша малако, ні малочныя прадукты, ні мяса»

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка патлумачыў логіку дзеянняў расейскай стараны.

«Яшчэ калі распрацоўвалі формулу працы Мытнага саюза, казалі пра тое, што ўрады не будуць субсідаваць гаспадарчыя суб'екты. Беларусы не павінны накіроўваць 15% бюджэту на падтрымку сельскай гаспадаркі. А калі яны гэтага рабіць не перасталі, то ў Расеі наважылі пайсці іншым шляхам і прымусіць беларускія прадпрыемствы пацясніцца праз канкурэнцыю і санітарна-тэхнічныя меры», - сказаў Леанід Заіка.

Эканаміст звярнуў увагу, што ў сувязі з канфліктам з Захадам Расея стала на шлях развіцця свайго аграпрамысловага комплексу. І цяпер там выходзяць на фінішную прамую, каб утрымліваць сябе.

«Трэба пазбаўляцца ад ілюзій, што расейскі рынак заўсёды нам будзе рады. Расеі не будуць патрэбныя ні наша малако, ні малочныя прадукты, ні мяса. Наш кошт там ужо не скача. Быў у Расеі месяц таму: беларускіх малочных прадуктаў там ужо не бачыў», - адзначыў Леанід Заіка.

У сітуацыі, якая склалася беларускім уладам варта дзейнічаць у двух кірунках, мяркуе эканаміст.

«Хлопцы зрабіце сабе добрыя лабараторыі, якія будуць праводзіць аналіз прадуктаў аж да ўзроўню ДНК. Канкуруйце, распрацоўвайце новыя тыпы тавараў. Займайцеся дыверсіфікацыяй рынкаў збыту. З іншага боку варта скараціць вытворчасць прадуктаў і заняцца ІТ, робатамі і 3D-друкаркамі - тым, чаго няма ў расейцаў. Не трэба жаваць соплі», - заклікаў Леанід Заіка.

Падыход Лукашэнкі эканаміст уважае за наіўны:

«Беларускі прэзідэнт сам з аграрыяў, а яны часцяком вельмі проста ставяцца да сваёй дзейнасці. Думаюць, што калі нешта зрабілі, то гэта абавязкова з'ядуць. Не, спадарства, так было раней. А цяпер будзе так: хоць і зрабілі, але дзякуючы канкурэнтам гэтага браць не захочуць».

«Калі б гаворка ішла пра палітычныя перашкоды, то Лукашэнка развіў бы значна больш бурную дзейнасць»

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што ў санкцыях Рассельгаснагляду мінімум палітыкі.

«Улічваючы перыядычнасць, з якой узнікаюць прэтэнзіі да малочных прадпрыемстваў Беларусі, і той факт, што часцей за ўсё фігуруюць канкрэтныя прадпрыемствы, а не ўсе разам, напэўна, варта зрабіць выснову, што ў гэтай сітуацыі больш эканомікі, чым палітыкі. Дакладней нават не эканомікі, а санітарных нормаў», - сказаў эканаміст.

Пацвярджэнне гэтай версіі ён знаходзіць і ў дзеяннях Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі б гаворка ішла толькі аб палітычных перашкодах для беларускай прадукцыі, то, думаю, Лукашэнка з яго напорам і энэргіяй развіў бы значна больш бурную дзейнасць, чым цяпер», - адзначыў Леў Марголін.

Пакуль жа маецца толькі выказванне правадыра Беларусі на палях саміту ў Сочы аб тым, што нібыта хтосьці не хоча выконваць дзяржаўныя дамоўленасці.

«Думаю, што з боку беларускіх вытворцаў сапраўды ёсць сур'ёзныя парушэнні. Адказваць няма чым. Ліквідаваць парушэнні складана, бо тэхналогіі на нашых прадпрыемствах састарэлі. Нашы санітарныя службы правяраюць дзяржаўных вытворцаў у ашчадным рэжыме - не так, як гэта было б з прыватнікамі. Мне здаецца, праблема сапраўды існуе і Рассельгаснагляд проста рэагуе на яе», - сказаў эканаміст.

Пры гэтым ён не выключае, што да беларускіх тавараў ставяцца больш прыдзірліва і жорстка, чым да расейскіх.

«Але яно і зразумела: сваё ёсць сваё, а завозіць абы што з-за мяжы, хай нават ад найлепшых сяброў, не хочацца», - адзначыў Леў Марголін.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках