16 красавiка 2024, aўторак, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: Ідзе здача Віцебскай вобласці «расейскаму свету»

18
Таццяна Севярынец: Ідзе здача Віцебскай вобласці «расейскаму свету»
Таццяна Севярынец

Улады спрыяюць гэтаму працэсу.

Казацкая актыўнасць на фоне татальнай забароны на ўсякага кшталту апазіцыйныя мерапрыемствы не засталася па-за ўвагай дэмакратычных актывістаў Віцебску. Каардынатарка аргкамітэта «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Таццяна Севярынец звярнулася ў Віцебскі гарвыканкам з просьбай патлумачыць законнасць правядзення грамадскіх мерапрыемстваў казакоў, піша «Витебская весна».

Нагодай для звароту стала мерапрыемства, якое зладзіла 21 красавіка суполка грамадскага аб'яднання «Беларускае казацтва» на віцебскім рынку «Цэнтральны», падчас якога адбыўся канцэрт з песнямі рэпертуару казакоў і збіраліся грошы на «добрыя казацкія справы».

Адказ на зварот актывісткі прыйшоў за подпісам начальніцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Наталлі Шыянок.

Кіраўніца аддзела ніякіх парушэнняў з боку арганізацыі казакоў не заўважыла. Маўляў, усё адбывалася «паводле планаў падрыхтоўкі і правядзення кірмашу», «парушэнняў грамадскага парадку не зафіксавана», «скаргі адсутнічаюць», «звесткі пра факты распальвання варожасці паміж беларусамі і расейцамі адсутнічаюць».

На першы погляд здаецца, нічога экстраардынарнага не здарылася. Ну выступілі грамадзяне, апранутыя казакамі, у грамадскім месцы з дазволу свайго былога атамана, а цяпер дырэктара рынка Васіля Раманенкі.

Усё было б добра, калі б не благая слава, якую апошнім часам набыла частка расейскіх казацкіх утварэнняў пасля ўдзелу ў падзеях на ўсходзе Украіны, ды і ў самой Расеі, дзе ўлада выкарыстоўвае казакоў для барацьбы з апазіцыйнай грамадскасцю.

Яшчэ на слыху падзеі 5 траўня на Пушкінскай плошчы ў Маскве, калі людзі ў казацкай форме з нашыўкамі Цэнтральнага казацкага войска нагайкамі разганялі несанкцыянаваную акцыю расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Пасля разгону высветлілася, што ўлады сталіцы Расейскай Федэрацыі цягам трох гадоў аплачвалі трэніроўкі казакоў у разгоне мітынгаў. Навучанне каштавала мэрыі блізу 16 мільёнаў расейскіх рублёў.

Таццяна Севярынец пракаментавала атрыманы адказ з ідэалагічнага аддзела гарвыканкама:

- Толькі ў Віцебску зарэгістраваныя дзве казацкія арганізацыйныя структуры, а колькі ў вобласці і краіне...Мяркую, што для Віцебшчыны і Беларусі рост колькасці зарэгістраваных прарасейскіх арганізацый невыпадковы.

З боку ўлады для іх тут вольнасць, свабода. Усё гэта небяспечна. Небяспечна ў сэнсе Данецка-Луганскага сцэнару. Вельмі небяспечна! Як толькі дасць слабіну цяперашні кіраўнік, у той самы момант будзе заяўлена: «Віцебск - наш!» Як я адчуваю, ідзе нейкая паганая здача Віцебскай вобласці «расейскаму свету».

З адказу гарвыканкама вынікае, што ніякіх законаў казакі не парушылі. Я мяркую, што ўлады не тое, што не бачаць небяспекі, а, хутчэй, спрыяюць гэтаму працэсу, яны хочуць яго. Так бы мовіць, улады спрабуюць засведчыць сваю лаяльнасць: мы ўжо цёпленькія - бяры нас у свае абдымкі, «расейскі свет».

Маё стаўленне вынікае з непрыняцця той ідэалагічнай палітыкі, якая праводзіцца ў Віцебску гарадскімі ўладамі, пракуратурай, установамі культуры.

Сваім зваротам у гарвыканкам я хацела звярнуць увагу ўладаў на тое, што гульня ў талерантнасць з прарасейскімі сіламі ў нашых варунках нясе небяспеку і распальвае варожасць у грамадстве.

Улады не рэагуюць ні на канцэрты прыхільніка «Наваросіі» Віктара Каліны, ні на георгіеўскія стужачкі і расейскі трыкалор, ні на ваенізаваныя лагеры для беларускіх дзяцей...

Не адрэагавалі яны належным чынам і на мой зварот. Не адрэагавалі ў той момант, калі ўзнікае рэальная небяспека для нашай незалежнасці. І гэта не што іншае, як неўсвядомленая, а хутчэй наўмысная ідэалагічная слепата тых структур, якія павінны адсочваць і рэагаваць на рэальныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве.

Тая акалічнасць, што нават пасля падзей ва Усходняй Украіне ўлады ў Беларусі прадаўжаюць патураць іншапляменным грамадскім заявам і установам, пачынае турбаваць не толькі чальцоў апазіцыйных партый, але і шараговых грамадзян.

Каментары ў інтэрнэце пад паведамленнямі пра канцэрт на віцебскім рынку «Цэнтральны» ўражваюць. Прывядзём адзін з іх:

«У гэтых людзей пры сабе шашкі (халодная зброя) - куды глядзіць Беларуская міліцыя?! ..Гэтыя людзі збіраюць грошы (гэта значыць, маніпулююць грашовымі сумамі) - куды глядзіць беларуская падатковая служба?! Гэтыя людзі агітуюць беларусаў за данбаскіх верхаводаў - Куды глядзіць беларускае ААЦ І КДБ?!! .. P.S. І не трэба распавядаць казкі аб тым, што на ўсё гэта ў іх ёсць дазвол!! Такі дазвол можа выдаць толькі той, хто з імі ў змове ці імі ж падкуплены!»

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках