29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гатэль у Берасці адмовіў «Начным ваўкам» у начлезе

113
Гатэль у Берасці адмовіў «Начным ваўкам» у начлезе
ФОТА: МІЛАНА ХАРЫТОНАВА

Байкеры Пуціна нават не паспрабавалі прарвацца праз польскую мяжу.

Беларускія чыноўнікі абыякава сустрэлі байкераў Пуціна ў гэтым годзе. Яшчэ тры гады таму Хірурга сустракаў Віктар Лукашэнка і чыноўнікі, у гэтым годзе яны імкнуцца гэтага пазбягаць: на Лініі Сталіна, у Пінску і Берасці ніхто з вертыкалі ўлады не захацеў мець з адыёзнымі матацыклістамі нічога агульнага, паведамляе «Белсат».

Пакуль такія акцыі не забараняюць, але іх ужо і не падтрымліваюць. Два гады таму Хірурга у Берасцейскай цытадэлі сустракаў дырэктар мемарыяла і намеснік старшыні сталай камісіі «савета рэспублікі» Рэспублікі Беларусь у міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Рыгор Бысюк - з велізарнай георгіеўскай стужкай на грудзях. Гэтым разам чыноўнік быў без стужкі, а ўбачыўшы камеру «Белсата», нават не стаў падыходзіць да «Начных ваўкоў».

Без дапамогі беларускай дзяржавы, расейцам давялося падключыць сваіх дыпламатаў - Расейскі цэнтр навукі і культуры ў Берасці і расейскае консульства, якія арганізавалі ў Берасцейскай цытадэлі фестываль творчага развіцця дзяцей і моладзі «Дзеці 21 стагоддзя», прывезлі на яго сваіх дзяцей і музыкаў, а апафеозам усяго гэтага стала з'яўленне ля вечнага агню Берасцейскай цытадэлі Хірурга і консула Расеі ў Берасці Ігара Канякіна.

Не суправаджаюць Хірурга больш і расейскія каналы, як і дзяржаўныя беларускія СМІ, таму ўсё даводзіцца рабіць самім. А прадстаўнік прэс-службы «Начных ваўкоў» пасля таго, як журналістаў «Белсату» не пусцілі на прэс-канферэнцыю, прапаноўваў ім пазнаёміцца «па добраму» і патрабаваў назваць асабістыя нумары тэлефонаў.

Не адважыліся «ваўкі» прывезці ў Беларусь і сімволіку «ДНР» і «ЛНР», як абяцалі раней.

Калі раней байкеры адчувалі ў Беларусі сябе поўнымі гаспадарамі і маглі кінуць свае байкі і пайсці ў поўным складзе ў Берасцейскую цытадэль, то цяпер вымушаныя пакідаць каля матацыклаў сур'ёзную ахову, разумеючы, што ў Беларусі яны - нежаданыя госці. У Берасці пуцінскім байкерам адмовілі ў засяленні ў гатэль, у якім яны планавалі жыць.

У выніку байкеры нават не паспрабавалі прарвацца праз польскую мяжу. З двух дзясяткаў матацыклаў у Польшчу адправіліся толькі чатыры - з польскай і славацкай рэгістрацыяй. Іншыя пакінулі горад - магчыма, вярнуўшыся ў Расею.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках