25 красавiка 2024, Чацвер, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У новым спісе «дармаедаў» можа быць у пяць разоў больш, чым у Беларусі беспрацоўных

19
У новым спісе «дармаедаў» можа быць у пяць разоў больш, чым у Беларусі беспрацоўных

Пілотную версію «дармаедскай базы» створаць да 1 верасня

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да снежня складзе спіс асобаў, незанятых у эканоміцы. У новы спіс «дармаедаў» могуць уключыць 250 000 чалавек. У Беларусі афіцыйна менш за 50 000 беспрацоўных, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Тэма дармаедства ніяк не адпускае беларускіх чыноўнікаў. Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч абяцае скласці спіс людзей, якія падлягаюць пад дзеянне дэкрэту нумар 1. Пілотную версію пададуць да 1 верасня, а ўжо 1 снежня база мае запрацаваць, і абнаўляцца яна будзе штоквартальна.

«Міністарка працы паведаміла, што ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі сёння паўадсотка. Колькасць беспрацоўных скарачаецца», – прагучала ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

І хоць афіцыйна беспрацоўя ў нас усё менш, пад дзеянне абноўленага дэкрэту можа трапіць да 250 тысяч чалавек.

Што праўда, гэтым разам гаворка не пра падатак, а пра поўную аплату некаторых жыллёва-камунальных паслуг з наступнага года.

Камісіі, якія на падставе пераліку жыццёвых сітуацый будуць выкрэсліваць людзей з дармаедаўскага спісу, амаль сфармавалі. Таксама яны маюць нібыта дапамагчы з працаўладкаваннем.

«Хочуць, каб занялі працоўныя месцы, дзе ніхто не хоча працаўладкоўвацца. На 100, на 150 рублёў. Пад страхам, каб людзі працавалі за капейкі», – кажа Алег Воўчак з «Прававой дапамогі насельніцтву».

Праваабаронца зазначае, што дзеянне такіх камісій не месціцца ў прававым полі, а грамадзяне Беларусі не абавязаныя перад імі апраўдвацца.

«Па-першае, гэта ўсё супярэчыць канстытуцыі, артыкулу 41, што кожны мае права свабодна выбіраць сабе працу, працаваць або не працаваць», – дадае Воўчак.

Летась спроба рэалізацыі дэкрэту нумар тры прывяла да масавых маніфестацый. Хвалю пратэстаў улады жорстка здушылі, але дзеянне дэкрэту так ці інакш былі вымушаныя прыпыніць. А ці справакуе новы закон чарговыя народныя хваляванні?

«Менск, тут яшчэ жыць можна. А ў рэгіёнах робіцца невыносна жыць. І ўсё роўна гэта цісне. Людзей сітуацыя маральна паступова дадушвае. Недзе на нечым яно прарвецца», – кажа Мікалай Статкевіч з Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Але пакуль, як дадае Мікалай Статкевіч, незадаволенасць праяўляецца ў мясцовых бунтах і пошуках лепшай долі за межамі Беларусі, а нават і спадзяваннямі на Расею. Нягледзячы на тое, што на Усходзе таксама адносна нізкі ўзровень жыцця, расейскі тэлевізар сваю справу робіць.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках