24 лiпеня 2019, Серада, 4:30
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Варшаве ўпершыню за 100 гадоў адкрылі праваслаўны храм

4

Архітэктурны праект царквы нагадвае знакаміты візантыйскі сабор Святой Сафіі.

19 траўня адбылося першае набажэнства ў новым праваслаўным храме ў Варшаве - царкве Святой Сафіі, Божай Мудрасці. Праваслаўная царква ўзведзеная ў паўднёвай частцы польскай сталіцы, у раёне Урсынуў, на вул. Пулаўскай. У будучыні на ўчастку плошчай паўтара гектара акрамя царквы будзе таксама пабудаваны комплекс адміністрацыйных будынкаў, паведамляе «Радыё Польшча».

Архітэктурны праект царквы адпавядае сучаснай стылістыцы, тым не менш ён нагадвае знакаміты візантыйскі сабор Святой Сафіі (Hagia Sophia) у Стамбуле (Канстанцінопалі). Варшаўскі храм вытрыманы ў формах візантыйскага дойлідства і ўвенчаны велізарным купалам.

Паводле розных звестак, у Варшаве пражывае ад 30 да 40 тысяч праваслаўных. У сталіцы дагэтуль дзейнічалі два праваслаўныя храмы - Кафедральны сабор св. Марыі Магдаліны ў раёне Прага і царква Святога Яна Лесьвічніка, і некалькі капліц. Царква Божай Мудрасці - першая праваслаўная царква пабудаваная ў сталіцы Польшчы за апошнія 100 гадоў.

Плошча пад пабудову новага праваслаўнага храма ў польскай сталіцы была асвечаная 24 кастрычніка 2015 года, а 5 снежня 2015 года першы камень у падмурак царквы асвяціў Патрыярх Канстанцінопаля Варфаламей. У гэтай урачыстай цырымоніі ўдзельнічаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.