20 лютага 2019, Серада, 13:44
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

Актывіст з Берасця: Мы моцна прыціснулі будаўнікоў акумулятарнага завода

5

Пратэстуючых берасцейцаў спрабуюць дыскрэдытаваць.

Увечары 17 траўня ў сацыяльных сетках з'явіліся дакументы, якія нібыта сведчаць пра тое, што польскі бок спансуе барацьбу актывістаў супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода «АйПауэр». Як сказана ў паперах, атрымальнік грашовых пералічэнняў - праваабаронца і актывіст Раман Кісляк, піша «Брестская Газета».

Журналісты звязаліся з Раманам Кісляком, які цяпер знаходзіцца ў Кішынёве на трэнінгу абароны правоў жанчын, і папрасілі пракаментаваць распаўсюджаную інфармацыю.

«У ноч з чацвярга на пятніцу мне даслаў паведамленне ў мэсэнджары старшыня маёй праваабарончай арганізацыі «Рух» За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Пасля прачытання і аналізу гэтых «дакументаў» стала відавочна, што гэта спроба прадэманстраваць, што пратэст супраць свінцовага завода не грамадскі, што гэта не людзі паўсталі супраць, а нейкія «праплачаныя звонку актывісты». Пра гэта ўжо не раз заяўлялася, як прадстаўнікамі «АйПауэр», так чыноўнікамі. А гэтыя паперы павінны былі служыць «доказамі», - сказаў Раман Кісляк.

Са слоў актывіста, ён накіраваў ва УУС Берасцейскага аблвыканкама заяву аб распачынанні крымінальнай справы за паклёп і махлярства. Таксама ён мае намер звярнуцца ў польскую паліцыю.

«Відавочна, мы моцна прыціснулі «АйПауэр» і групу кампаній ПАК. Думаю, гэта адчайная спроба павярнуць усё назад. Абвінаваціць у пратэстах блогераў Петрухіна і Кабанава, праваабаронцу Кісляка, яшчэ некалькі актывістаў і такім чынам прадэманстраваць «штучнасць» гэтага пратэсту. Думаю, нічога ў іх не атрымаецца. Занадта далёка ўсё зайшло. Магчыма гэты спектакль нават не для людзей, а для таго рэспубліканскага чыноўніка, які будзе разглядаць чарговую нашу скаргу», - выказаўся актывіст.

Прэзідэнт Цэнтра экалагічнага права Магдалена Бар, чый подпіс нібыта стаіць пад пастановай аб выдзяленні грошай Раману Кісляку, у каментары «Еўрарадыё» паведаміла, што не падпісвала нічога такога і ніколі нічога не чула пра будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

«Так, мы займаемся аховай навакольнага асяроддзя, але нікога не фінансуем. Мы больш уяўляем з сябе такую навуковую арганізацыю выдалі некалькі кніг, выступаем у ролі экспэртаў у пытаннях аховы асяроддзя. Але не фінансуем ніякіх там пратэстаў, наогул нікога не фінансуем! Не рабілі б гэтага, нават калі б мелі такую магчымасць, але ў нас яе і няма. Мы з гэтым не маем нічога агульнага, бо наша накіраванасць - навуковая», - сказала Магдалена Бар.

Пасля азнаямлення з «дакументам» яна адназначна заявіла, што ён сапраўды складзены не ў яе арганізацыі. Подпіс - не яе, «і нават не падобны да ейнага».