24 красавiка 2024, Серада, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: «Рэферэндум» 1995 года не мае юрыдычнай сілы

10
Міхаіл Пастухоў: «Рэферэндум» 1995 года не мае юрыдычнай сілы
МІХАІЛ ПАСТУХОЎ

Размовы пра «мяккую беларусізацыю» - не больш чым дэкарацыя.

І зноў прыйшоў квітнеючы травень. Ён нагадаў пра яшчэ адну гістарычную дату - 14 траўня 1995 г. Тады грамадзянам краіны было прапанавана выказаць сваё стаўленне да мовы зносін, піша былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў для сайта «Свободные Новости».

Можна ці нельга?

Першым пытаннем на «рэферэндуму» 1995 г. было пытанне: «Ці згодныя вы з наданнем расейскай мове роўнага статусу з беларускай?».

Нагадаю, што ў арт.17 Канстытуцыяй 1994 г. дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь прызнавалася беларуская мова.

У той жа час забяспечвалася права свабоднага карыстання расейскай мовай як мовай міжнацыянальных зносін. Такое рашэнне пытання ўяўлялася найбольш прымальным для выражэння і абароны інтарэсаў тытульнай нацыі (беларусаў), а таксама шматлікай праслойкі расейскага насельніцтва, аселага ў Беларусі з савецкіх часоў.

Яшчэ раней статус беларускай мовы як дзяржаўнай замацоўваўся ў Законе «Аб мовах у Беларускай ССР» ад 26 студзеня 1990 г. У прэамбуле закона гаварылася: «Гонар і абавязак усіх - шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў».

Згодна з арт.3 закона, грамадзянам Беларусі гарантавалася права карыстацца іх нацыянальнай мовай. На кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных устаноў ускладаўся абавязак «...валодаць беларускай і расейскай мовамі ў аб'ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў» (арт.4). У законе ўтрымліваліся меры, накіраваныя на абарону моў, у тым ліку недапушчальнасць абмежавання правоў асобы па моўных прыкметах, а роўна адказнасць за публічную абразу дзяржаўнай і іншай мовы.

Урад прыняў Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў на бліжэйшыя 10 гадоў.

Асноватворны акт новай гісторыі Беларусі - Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 лiпеня 1990 г. - абвясціла права беларускай нацыі на самавызначэнне, дзяржаўнасць беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. Нягледзячы на такія гарантыі, пытанне аб дзяржаўнасці беларускай мовы было вынесенае на «рэферэндум». Праціўнікам ініцыявання гэтага пытання выступіла група дэпутатаў Вярхоўнага Савета ад БНФ і БСДП. У знак пратэсту яны абвясцілі галадоўку ў залі пасяджэнняў, але былі выдаленыя з яе з ужываннем сілы.

Афіцыйныя вынікі галасавання па гэтым пытанні вядомыя («за» - 83,3%, «супраць» - 12,7%). Аднак застаюцца сумневы ў іх сапраўднасці, пра што сведчаць справаздачы незалежных назіральнікаў. Акрамя таго, варта ўлічыць юрыдычныя аргументы супраць вынясення такога пытання на рэферэндум. Між іншым, яго фармулёўка ўступала ў супярэчнасць з арт.3 Закона «Аб ўсенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь», згодна з якім нельга ставіць на рэферэндум пытанні, якія парушаюць неад'емнае права беларускага народа... на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, гарантыі існавання беларускай культуры і мовы».

Да таго ж, згодна з ч.2 арт.148 Канстытуцыі 1994 г., забаранялася ўносіць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю ў апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета. Значыць, у той завяршальны перыяд наогул нельга было праводзіць рэферэндум.

Выснова атрымліваецца несуцяшальная для арганізатараў «рэфэрэндуму»: яго вынікі не маюць юрыдычнай сілы. Значыць, у названай частцы захоўваецца дзеянне нормаў Канстытуцыі 1994 г. аб дзяржаўнасці беларускай мовы.

Мова пад забаронай?

21 лютага кожнага года на ініцыятыву ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён закліканы заахвочваць моўную разнастайнасць і прадухіляць выміранне моў, калі ёсць такая небяспека.

На думку шэрагу беларускіх мовазнаўцаў (між іншым, Вінцука Вячоркі), а таксама звестак экспертаў ЮНЕСКА, цяпер беларуская мова знаходзіцца на мяжы знікнення, бо як мовай зносін ёю карыстаецца невялікі адсотак грамадзян.

На падставе апытання 300 студэнтаў, праведзенага газетай «Наша Ніва» ў лістападзе 2012 г., высветлілася, што абсалютная большасць апытаных наогул не гавораць па-беларуску і не лічаць патрэбным карыстацца беларускай мовай.

Сітуацыя такая, што ў Беларусі няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ, не ствараюцца беларускія фільмы, не выдаюцца беларускія падручнікі. Амаль усе прававыя акты публікуюцца на расейскай мове. На ёй жа вядзецца і справаводства. Практычна няма тэле- і радыёперадач на беларускай мове. Не чуваць гэтай мовы ў дашкольных установах, школах, ВНУ, бальніцах, судах.

Можна сцвярджаць, што ў Беларусі мова тытульнай нацыі мэтанакіравана выцясняецца са сферы зносін і знаходзіцца як бы пад забаронай. Размовы пра «мяккую беларусізацыю» з'яўляюцца, на мой погляд, нічым іншым, як дэкарацыяй на фоне палітыкі русіфікацыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках