18 красавiка 2024, Чацвер, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ЗША дазволілі пасажырскім Boeing выкарыстоўваць складное крыло

Улады ЗША дазволілі пасажырскім Boeing выкарыстоўваць складное крыло

Падобная канструкцыя была створаная для таго, каб дазволіць масіўным самалётам змяшчацца ў брамы ангараў.

Федэральная ўправа грамадзянскай авіяцыі ЗША ўхваліла выкарыстанне ў пасажырскіх Boeing 777X складнога крыла, пра гэта гаворыцца ў адпаведным дакуменце ўстановы, увагу на яго звярнуў Bloomberg, паведамляе РБК.

Падобная канструкцыя, як адзначае агенцтва, была створаная для таго, каб дазволіць масіўным самалётам змяшчацца ў брамы ангараў: кончыкі іхніх крылаў будуць падымацца ўгору перад паркоўкай. Перш з падобнай праблемай, як нагадвае Bloomberg, сутыкнуўся шырокафюзеляжны двухпалубны A380 Airbus SE (цяпер гэты самалёт з'яўляецца самым вялікім пасажырскім лайнерам у свеце і мае крылы шырынёй 262 футы – 79,86 м). Такія памеры патрабавалі ад некаторых аэрапортаў стварэння спецыяльных брамаў і ангараў, дзе самалёт мог бы паркавацца, зазначае агенцтва.

Падобныя складанасці, паводле ягоных звестак, могуць паўстаць і ў новых мадэляў Boeing (Boeing 777-8 і 777-9). Вытворца збіраецца зрабіць іхнія крылы не з алюмінію, а з кампазітаў вугляроднага валакна. Так яны, як мяркуюць у кампаніі, будуць трывалымі і лёгкімі. Аднак гэтая тэхналогія вымусіць Boeing пашырыць стандартную шырыню крылаў (212 футаў – 64,6 м) яшчэ на 23 футы (7 м), паказвае Bloomberg, заўважаючы, што такія самалёты не змогуць змяшчацца ў стандартныя брамы аэрапортаў.

Тое, што авіяцыйныя ўлады ЗША дазволілі выкарыстоўваць крылы са складной канструкцыяй менавіта гэтаму вытворцу, як тлумачыць агенцтва, было звязанае з тым, што менавіта Boeing ужо пачаў зборку першых крылаў з уздымальнымі кончыкамі для сваіх новых лайнераў. Такім чынам, Boeing 777-8 і 777-9 стануць першымі пасажырскімі самалётамі з крыламі з такім шарнірным механізмам, падкрэслівае агенцтва.

Шэраг блакаванняў, як растлумачылі Bloomberg у кампаніі, не дазволіць кончыкам крылаў падымацца ўгору падчас палёту. Гэта, сярод іншага, было адной з умоваў Федэральнай управы грамадзянскай авіяцыі ЗША для дазволу выкарыстання падобнай канструкцыі. Акрамя таго, Boeing, як адзначаецца ў дакуменце ўстановы, таксама павінен мець некалькі аўтаматычных сістэмаў абвяшчэння для таго, каб пілоты не паспрабавалі падняць лайнер у той час, як кончыкі крылаў прыўзнятыя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках