19 красавiка 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вясельны строй з Кобрынскага раёна прызналі гістарычна-культурнай каштоўнасцю

2
Вясельны строй з Кобрынскага раёна прызналі гістарычна-культурнай каштоўнасцю
ФОТА: REALBREST.BY

Строй унесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў як нематэрыяльная спадчына.

Вёска Лелікава ў Дзівінскім сельсавеце Кобрынскага раёна, некалі Лалікоўцы, вядомая з XVI стагоддзя. Сваю назву, мяркуецца, атрымала дзякуючы буслу, якога тут называюць «лэлэка».

А праславілася дзякуючы... пеўню. Дакладней, пеўневаму пяру, якім мясцовыя свацці ўпрыгожвалі хусту з «каронай» – галаўны ўбор да строю. Нядаўна строй лелікаўскай свацці як нематэрыяльная спадчына ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі, піша «Реальный Брест».

Пенсіянеры Настасся і Пётр Шапецюкі – лелікаўская творчая сям'я, галоўныя сельскія краязнаўцы. Пётр Сцяпанавіч – паэт, піша на мясцовым дыялекце вершы. Доўгі час кіраваў Лелікаўскім сельскім клубам. Настасся Ігнатаўна – кабета энэргічная, завадная, была мастацкім кіраўніком. Калісьці яна сама пашыла строй лелікаўскай свацці, цяпер майструе другі – каб у спадчыну перадаць дзвюм унучкам Каці з Дашай. У госці да творчай сям'і выпраўляемся разам з загадчыцай аўтаклуба Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольгай П’янцавай:

Фото: realbrest.by

– Настасся Ігнатаўна і прадстаўляла ў канцы красавіка строй чальцам навукова-метадычнай рады ў Міністэрстве культуры. Як сапраўдная свацця выйшла з караваем.

Спечаным у печы хлебам Настасся Ігнатаўна сустракае і нас.

Прашу яе апрануць строй, каб разгледзець, што ж у ім такога асаблівага. Пакуль гаспадыня пераапранаецца, сама прымяраю хусту – «брыжы» па-мясцоваму. Пеўневыя пёры, прымацаваныя да лубяной скрыначкі, не могуць не выклікаць усмешкі. З такім упрыгажэннем на галаве строй выглядае як маскарадны. Так і павінна было быць на вяселлі, мяркуе Настасся Шапяцюк:

– Маленькай дзяўчынкай я бачыла сваццяў у такіх строях. Вясёлыя, смешныя. Меркавалася, што свацця – баявая сяброўка жаніха, кіраўніца абрадавага дзейства. Жаніх – певень, свацця – курыца, таму і з пер'ем на галаве. На вяселлі свацця, а багатыя жаніхі бралі ў свацці да 15 жанчынаў і дзяўчатаў, належала складаць пра гасцей прыпеўкі.

Акрамя галаўнога ўбору, яшчэ адна адметная асаблівасць строю – «вочы». Нашыўкі ў выглядзе вачэй ёсць на кашулі, на фартуху, на рукавах. З такімі «памочнікамі» свацця павінна была бачыць на вяселлі ўсё і ўсіх, тым больш што ў ранейшыя часы гулялі не дзень і не два. Такія строі шылі не толькі ў Лелікаве – яшчэ ў суседнім Павіцці, у вёсцы Радастава Драгічынскага раёна, а таксама ў памежных Ратнаўскім і Любешаўскім раёнах Валынскай вобласці Украіны.

Вольга П’янцава кажа, што на экспедыцыі, падрыхтоўку матэрыялаў для ўнясення прапановы ў Міністэрства культуры сышоў не адзін год:

– Характэрна, што традыцыйны святочны жаночы строй на Кобрыншчыне крыху іншы – больш вытанчаны, з вышыўкай, а ўбор лелікаўскай свацці нават каларытам адрозніваецца. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя строй жыў, яго шылі да вяселля. Потым традыцыя стала сыходзіць, а строі сталі скупляць музеі. Мы ведаем, што ёсць убор лелікаўскай свацці ў Менску, у Пінску. Маюць намер высветліць, дзе яшчэ.

Фото: realbrest.by

Настасся Ігнатаўна строй, можна сказаць, адрадзіла. А пасля таго як ён стаў гістарычна-культурнай спадчынай і ўзяты пад ахову дзяржавай, у Дзівінскім цэнтры рамёстваў будуць рабіць лялькі-свацці. Добры падарунак гасцям!

Дырэктар Дзівінскага цэнтра рамёстваў Наталля Клімук паказвае першую ляльку ва ўборы лелікаўскай свацці:

– З удзелам Настассі Шапяцюк мы правялі майстар-клас для дзяцей, якія ў нас займаюцца. Цікавасць вялікая. Праўда, праблематычна сёння набыць чырвоны сацін ці прынамсі штапель. Але будзем шукаць. Наша задача – не проста захаваць строй, а адрадзіць. Перадача наступнаму пакаленню павінна абавязкова прысутнічаць – такая ўмова пры ўнясенні аб'екта ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Прыемна, што наша моладзь успрымае і падтрымлівае традыцыю.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках