19 красавiка 2024, Пятніца, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«90% беларусаў, у тым ліку чыноўнікі, хочуць перамен»

44
«90% беларусаў, у тым ліку чыноўнікі, хочуць перамен»

Лукашэнка і ягоныя «князькі» на месцах надакучылі.

У Слонімскім раёне яшчэ 16 траўня рабочыя аграгаспадаркі «Новадзевятковічы» абвясцілі страйк. Хваляванні ў раёне доўжыліся некалькі дзён і ўстрывожылі ўсю мясцовую «вертыкаль».

Характэрна, што працоўныя абурыліся не толькі маленькімі заробкамі, але і хамскімі паводзінамі кіраўніка прадпрыемства. Наколькі такія «нестатутныя дачыненні» распаўсюджаныя на мясцовым узроўні? Ці можа гэта прывесці да новых выступленняў беларусаў супраць начальства?

На пытанні Charter97.org адказвае прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме, грамадскі актывіст Віктар Марчык:

- Я добра знаёмы з сітуацыяй у Новадзевятковічах і ў раёне наогул. Шчыра скажу: гэта не першы і не апошні выпадак. Не ўс1 становіцца вядомым у СМІ, як бунт 16 траўня, але такіх сігналаў апошнім часам прыходзіць вельмі шмат. Не ўсюды «выстрэльвае», як у гэтай аграгаспадарцы. Але страйк можа ўспыхнуць яшчэ ў некалькіх месцах. Я дакладна ведаю некалькі такіх прадпрыемстваў. На жаль, не магу назваць іх для прэсы, каб не нашкодзіць людзям, якія працуюць там.

Але факт застаецца фактам: дзе-нідзе людзі ўжо звярнуліся ў пракуратуру, дзе-нідзе збіраюцца пасля працы і кажуць, што трэба падымацца, бо стаўленне кіраўніцтва такое, што трываць больш нельга.

- Вы сказалі, што гэта далёка не адзінкавая праблема. Чаму ў Беларусі «квітнее» такі стыль камунікацыі кіраўнікоў з падначаленымі?

- Усё проста: рыба гніе з галавы. Давайце паглядзім на тэлевізіі, як ставіцца да падначаленых Лукашэнка. Яшчэ раз перагледзім гэта «шоў аднаго актора» - і тады стане зразумела, адкуль растуць ногі. Мясцовыя «князькі» проста пераймаюць свайго ідала на экране, капіююць яго стыль і манеры. Таму для збавення ад хамства чыноўнікаў давядзецца мяняць усю сістэму - зверху данізу.

Другая прычына «нестатутных дачыненняў» на прадпрыемствах - гэта сама кантрактная сістэма. Яна і спараджае на месцах гэтых «князькоў», маленькіх ўладарных «лукашэнкаў». Як той казаў: не дай бог свінні рогі, а мужыку - панства. Калі чалавек амаральны, то, ўзняты на вяршыню дзякуючы кантрактам з рабочымі, ён пачынае адчуваць сябе «пупам зямлі» і паводзіць сябе па-хамску.

Але сёння ў гэтай феадальнай сістэме на месцах з'явілася прыкметная расколіна. Заробкі ў людзей такія, што яны зразумелі: акрамя кайданоў, губляць няма чаго. Рабочыя ў Новадзевятковічах так і сказалі падчас бунту: сілімся за «мінімалку». Таму ў мясцовых «князькоў», гэтых маленькіх «лукашэнкаў», зямля даслоўна тлее пад нагамі. Слонімскі раён - не адзін чырвоны сцяжок на карце. З таго, што я ведаю, такіх асяродкаў выспявае яшчэ некалькі. Сама сітуацыя спрыяе гэтаму.

Страйкі могуць пачацца на многіх прадпрыемствах. Як гаварылася ў адным вядомым фільме: павярніцеся тварам да людзей. Інакш успышкі незадаволенасці пачнуць нарастаць як лавіна і могуць скончыцца масавым непадпарадкаваннем.

- Простыя людзі ў вашым рэгіёне, не актывісты, таксама так думаюць?

- Ведаеце, цяпер інфармацыя распаўсюджваецца вокамгненна. Наіўна было б думаць, што ў рэгіёнах людзі не разбіраюцца ў міжнароднай сітуацыі. У вельмі няблізкай краіне мірныя дэманстранты адправілі ў адстаўку прэм'ера - а ў Беларусі людзі ўжо зрабілі сабе «пазнакі» ў галаве. Тое, што адбылося ў Арменіі, стала пазітыўным прыкладам для беларусаў, якіх раней палохалі ўкраінскім Майданам. Для Лукашэнкі і ягоных ідэолагаў усё прымае вельмі непрыемны абарот.

Улада засталася без апошняга аргументу, яна цяпер практычна бяззубая. Адзінае, на што яна можа абаперціся, калі ў Беларусі паўторацца армянскія падзеі - гэта сілавікі. Але вось пытанне: на чыім баку будуць шараговыя міліцыянты, калі пратэстоўцаў будзе даволі шмат? Пытанне гэтае пакуль «вісіць у паветры».

Але ёсць адно цікавае назіранне, зробленае яшчэ падчас леташніх «маршаў недармаедаў», калі ўлады воляй-няволяй ішлі ў перамовы з мітынгоўцамі. Яно пацвярджае і тое, што даходзіць з нефармальных выказванняў людзей у рэгіёнах і цяпер: Лукашэнка затрымаўся ў балоце ціхай, схаванай нелаяльнасці. Перамен у краіне напраўду хочуць адсоткаў 90 людзей з розных слаёў насельніцтва - зверху данізу.

Такія людзі, якія разумеюць да чаго ідзе краіна пад кіраўніцтвам цяперашняга «рулявога», ёсць і сярод чыноўнікаў, і сярод сілавікоў. Калі ў крытычны момант там будзе дастаткова шмат такіх разумных людзей, народ зможа паўтарыць бяскроўны, «аксамітны» армянскі сцэнар.

І перамены ў Беларусі будуць мірнымі.

- Вы ўпэўненыя ў лічбе 90% людзей, якія хочуць перамен?

- Паўтару: практычна 90% людзей з розных сфер, у тым ліку і тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, хочуць перамен. Нават адтуль, дзе раней не даводзілася чакаць, зыходзяць ідэі, думкі і сігналы: многае ў краіне трэба памяняць да лепшага.

«Так жыць нельга!» - раней гэта быў пратэстны лозунг. Цяпер гэтую фразу даводзіцца чуць з самых нечаканых крыніц.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках