19 красавiка 2024, Пятніца, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ загадала пакараць магілёўскіх журналістаў?

6
КДБ загадала пакараць магілёўскіх журналістаў?

У дачыненні да фрылансераў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова пачалі адразу два адміністрацыйныя працэсы.

23 траўня фрылансеры Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў, якіх міліцыя падазравае ў «незаконным вырабе прадукцыі» СМІ для тэлеканала БелСАТ, з'явіліся на апытанне ў Ленінскі РАУС, паведамляе магілёўская «Вясна». Перад гэтым Скрабунова накіравала кіраўніцтву райаддзела дзве скаргі на дзеянні супрацоўнікаў.

- Першая мая скарга тычылася інцыдэнту на выходных, калі невядомыя людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі, грукалі ў кватэру, калі мяне там не было і апытвалі суседзяў наконт мяне. Другая скарга тычыцца затрымання ў панядзелак, 21 траўня. Тады я папярэдне размаўляла з участковым і мы дамовіліся, што ён патэлефануе мне ў аўторак. Аднак мяне схапілі ў цёмным пад'ездзе, паводзілі сябе па-хамску, што ніяк не суадносіцца з органамі правапарадку. Да таго ж я хачу даведацца, чаму другі чалавек, які затрымліваў мяне з участковым Марозавым, не назваў сябе, - распавяла Скрабунова.

Старшы ўчастковы інспектар Ленінскага РАУС Руслан Марозаў апытаў Скрабунову з нагоды відэасюжэту пра высяленне людзей з дамоў на вуліцах Заслонава і Будаўнікоў. Ён адразу склаў пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Адзіным довадам віны Аліны, з яе слоў, з'яўляюцца паказанні сведак, якія нібыта апазналі яе па фота:

- Прычым адна з іх не змагла разабраць, ці гэта я на здымку. Фота не падобнае на мяне, як я выглядаю ў жыцці. Я мяркую, што міліцыя проста прыходзіць і заяўляе, што на фота - Скрабунова і што ад людзей патрэбна толькі гэта пацвердзіць, - пракаментавала Аліна.

Міліцыянт сказаў, што дзяўчыне трэба 29 траўня патэлефанаваць у суд Ленінскага раёна наконт магчымага судовага працэсу. Скрабунову таксама хацеў апытаць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку са Шклова Віталь Бугаёў. Яго цікавіў сюжэт на БелСАТ пра самагубства кіраўніка аграпрамкомплекса «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага. Скрабунова адмовілася з ім размаўляць, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне. Апытанне чакае яе а дзясятай раніцы ў пятніцу, 25 траўня.

Паводле гэтых жа двух сюжэтаў склалі пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ для БелСАТ на Яўгена Глушкова. Прычым у міліцыі яму намякнулі на тое, што справа ініцыяваная Камітэтам дзяржаўнай бяспекі:

- Руслан Марозаў, участковы, нібы прасіў прабачэння за тое, што ён вядзе гэтую справу. Мы пагаварылі і ён даў зразумець, што ўсё пачало КДБ, - распавёў Глушкоў.

Да версіі пра ўдзел КДБ схіляецца і Скрабунова:

- Мне проста ніхто нічога не казаў, вядома. Але відавочна, што гэта справа патрэбная не сведкам і не міліцыянтам. На іх проста націснулі куратары з КДБ. І я ўпэўненая што той, другі чалавек, які мяне затрымліваў і не назваў сябе, мае дачыненне менавіта да Камітэта дзяржбяспекі.

Праваабаронца Барыс Бухель, які суправаджае гэтую справу, мяркуе, што гэта - беззаконне.

- Відавочна, што гэта палітычная замова. У нефармальнай абстаноўцы міліцыянты прызнаюць, што ім лішняя праца не патрэбная і ўсё спускае КДБ. Адзін журналіст не можа быць парушальнікам - вырабляць прадукцыю СМІ можа толькі рэдакцыя, а не канкрэтны карэспандэнт, - упэўнены праваабаронца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках