20 красавiка 2024, Субота, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэкрэт аб «дармаедах» - нагода для санкцый супраць Лукашэнкі

60
Дэкрэт аб «дармаедах» - нагода для санкцый супраць Лукашэнкі
Карыкатура: belsat.eu

Дэкрэт №1 парушае Міжнародную канвенцыю аб забароне прымусовай працы.

17 траўня так званая «палата прадстаўнікоў» ухваліла скандальны дэкрэт №1 аб «дармаедах». З 1 студзеня 2019 года сем'і, дзе ёсць беспрацоўныя, будуць плаціць за камунальныя паслугі значна большыя сумы. Але гэта – толькі адзін з бакоў новага дэкрэту.

Чым напраўду з'яўляецца дэкрэт №1 і як з ім можна змагацца? На пытанні Charter97.org адказвае лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

- Ці можна казаць аб тым, што дэкрэт №1 уводзіць прымусовую працу ў Беларусі?

- Безумоўна, пра гэта не проста можна – пра гэта трэба казаць. Бо Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) аб забароне рабства і прымусовай працы – а пры гэтым прымае законы, якія будуць прымушаць грамадзян да працаўладкавання не на тую працу, якая аплачваецца годна, а на нізкааплатную, пад прымусам улад.

- Шмат якія ўплывовыя інстытуты займаюцца сёння барацьбой з прымусовай працай. Ці трапляе такое «працаўладкаванне», як прадугледжана дэкрэтам №1, пад якую-небудзь з міжнародных дэфініцый рабства?

- Так, можна знайсці адпаведную дэфініцыю. Існуюць дакладныя азначэнні рабства сучаснага тыпу, ёсць міжнародныя дакументы, якія забараняюць такую «працу».

Тут важную ролю могуць сыграць праваабарончыя і прафесійныя арганізацыі. Яны акурат могуць зрабіць прэвентыўныя захады для таго, каб, па-першае, міжнародная супольнасць ведала, што адбываецца ў Беларусі ў сувязі з дэкрэтам №1. А па-другое, каб зрабіць на міжнародным узроўні дзейсныя крокі для яго скасавання.

Знутры, у Беларусі, добра відаць, што дэкрэт – гэта проста дурнота кіроўнага рэжыму, які кіруецца не логікай, а спрабуе гвалтоўнымі метадамі давесці сваю «рацыю». Быў дэкрэт №3, які лагічна было б скасаваць праз абгрунтаваныя пратэсты грамадзян. Але ж не: самадуры ва ўладзе наважылі, што трэба далей уводзіць прымусовую працу і прынялі дэкрэт №1.

Таксама хачу звярнуць увагу на тое, што паводле новага дэкрэту людзей могуць без суда і следства адпраўляць у ЛПП – фактычна, у канцлагер, які мае быць забаронены.

Рэжым спрабуе зрабіць усе карныя захады, якія толькі магчымыя, каб «паправіць» сваё безнадзейнае эканамічнае становішча.

- У дэкрэце ёсць і такая фармулёўка: пастанова камісіі можа быць абскарджаная ў судзе. Наколькі наогул спалучаецца з духам і літарай сучаснага права той прынцып, што пастанову нейкай інстанцыі нельга нідзе абскардзіць?

- Ужо гаварылася аб тым, што камісіі для «дармаедаў» падобныя да «троек», якія існавалі ў сталінскія часы. То бок, гэта нейкі орган, які будзе выносіць выракі наконт лёсу чалавека без суда і следства і складацца з прыхільнікаў рэжыму.

Відавочна, што ўсё гэта – вельмі небяспечна. Небяспечна таму, што будзе складацца шырокая база звестак, праз якую будзе яшчэ больш ўзмацняцца кантроль, які перарасце ў татальны.

Таму з дэкрэтам №1 трэба змагацца. Татальнаму кантролю трэба супрацьстаяць – як пратэставымі метадамі, так і юрыдычнымі, інакш Беларусь ператварыцца ў цалкам фашыстоўскую дзяржаву пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

- Вы згадалі базы звестак «дармаедаў». Ці могуць яны быць выкарыстаныя не паводле прызначэння? Да якіх наступстваў гэта можа прычыніцца? Існуе вельмі вялікая небяспека, што гэтыя базы будуць выкарыстаныя для шантажу, для ціску, для выяўлення асабовай інфармацыі.

- Хачу звярнуць увагу, што ў «дармаедскіх» дэкрэтах не змяшчаецца пунктаў, якія прадугледжваюць абарону гэтай асабовай інфармацыі. Калі ласка: стварай базу, збірай кампрамат і шантажуй людзей.

У краіне адбываюцца проста дзіўныя рэчы. Узяць хаця б тое, што пад дзеянне дэкрэта падпадаюць жыхары Беларусі - замежнікі. Гэта нейкае абуральныя таптанне заканатворчых нормаў, на якое мае быць міжнародная рэакцыя.

База звестак будзе выкарыстоўвацца не паводле прызначэння яшчэ і таму, што сам дэкрэт незаконны, камісіі, якія збіраюць інфармацыю, незаконныя. Тут наогул нельга казаць аб якойсьці законнай дзейнасці ў галіне асабовых звестак.

- У адрозненне ад дэкрэта №3, цяпер ад працоўных за мяжой беларусаў будуць патрабаваць падрабязныя звесткі пра месца працы і суму заробку. Навошта ўладам спатрэбілася яшчэ і гэтая інфармацыя?

- Гэта зноў жа робіцца для таго, каб ціснуць на сваякоў, на тыя сем’і, што засталіся ў Беларусі, шантажаваць людзей.

Я не выключаю таго, што ў сувязі з высылкай дзеля справы Скрыпаля расейскіх дыпламатаў, якіх шмат хто ўважае за шпегаў, ствараецца зручны фармат для вербавання грамадзян, якія з неабачлівасць могуць даць інфармацыю аб месцы працы, заплаце, сваяках і нерухомасці за мяжой.

Цалкам лагічна выказаць здагадку, што такімі звесткамі для шантажу і вербавання будзе карыстацца і расейская ФСБ, якая цяпер вымушана губляе сваіх агентаў за мяжой.

- Выходзіць, ФСБ будзе замяняць расейскую рэзідэнтуру завербаванымі з дапамогай дэкрэту №1 беларусамі?

- Так, базы звестак могуць выкарыстоўвацца для вербавання беларусаў, якіх могуць прымушаць працаваць на расейскую ФСБ.

- Дзеянне дэкрэту №3 здалелі прыпыніць пасля масавых пратэстаў. А што можна супрацьпаставіць яго «ўдасканаленай мадыфікацыі» - дэкрэту №1?

- Сапраўды, дэкрэт №3 спынілі народныя пратэсты. І гэта па-ранейшаму самы дзейсны метад.

Заўважу, што гэтым разам улады спрабуюць усё ўводзіць спакваля і пакрысе – каб не было моцнай рэакцыі. Але напраўду ўводзяцца больш жорсткія і больш небяспечныя для грамадзян Беларусі захады, чым паводле дэкрэту №3.

Акрамя пратэставых дзеянняў маюць быць звароты ў міжнародныя інстанцыі. Бо дэкрэт парушае і ўжо згаданую Канвенцыю МАП, і міжнародныя пакты аб палітычных, грамадзянскіх, эканамічных правах.

Праваабаронцы, незалежныя прафзвязы, простыя грамадзяне – усе маюць звяртацца са скаргамі на незаконны дэкрэт. Ну і вядома, прасіць сваіх замежных партнёраў узнімаць пытанне на міжнародным узроўні.

Парушэнне Канвенцыі аб прымусовай працы – дастаткова сур'ёзны факт, прызнанне якога можа пацягнуць за сабой санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Але гэтае пытанне маюць ставіць самі ўдзельнікі гэтай Канвенцыі, за выняткам Беларусі, натуральна. Гэта значыць, кіроўныя органы МАП, нашы міжнародныя партнёры.

А ў гэтым плане незалежныя прафзвязы маюць вялікія вагары ўплыву. Пагатоў, яны самі цяпер знаходзяцца пад прэсам крымінальных спраў. Вось у іх і з'явілася магчымасць, абараняючы сябе, абараніць і грамадзян Беларусі.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках