19 красавiка 2024, Пятніца, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Беларусі «Найвышэйшая партыйная школа»?

22
Навошта Беларусі «Найвышэйшая партыйная школа»?
ФОТА: OBRAZOVANIE.BY

Акадэмія кіравання пры Лукашэнку - атавізм.

У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі трэба цалкам перамяніць сістэму адукацыі, заявіў Лукашэнка. «Гэта акадэмія - адзіная навучальная ўстанова, наўпрост фактычна падпарадкаваная прэзідэнту, а мы не можам там наладзіць сістэму адукацыі як след», - сказаў дыктатар.

А ці патрэбная Акадэмія кіравання пры Лукашэнку наогул? Пра гэта піша zautra.by.

Прыгожая абгортка або сур'ёзнае напаўненне?

Са слоў былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Казуліна, акадэміі кіравання дзяржаўных службаў існуюць амаль ва ўсіх краінах свету, толькі яны навучаюць не студэнтаў.

- У нас дастаткова ВНУ, якія даюць вышэйшую адукацыю. А тым, хто кіруе краінай, эканомікай, рознымі сфэрамі, трэба вучыцца гэтаму прафесійна. Прафесійнасці ж у Беларусі пакуль не стае ва ўсіх сфэрах, - мяркуе прафесар.

Патрэба ў такой акадэміі, на ягоную думку, існуе. Пытанне толькі, як да гэтага ставіцца - ці то як да прыгожай абгорткі цукеркі, ці то ўсё ж такі як да сур'ёзнага напаўнення.

Суразмоўца нагадвае, што ў кіраўніцтве краіны знаходзіліся і знаходзяцца людзі, якія заканчвалі іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

- Зазвычай, раней іх было значна больш з БДУ, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту, - адзначае Аляксандр Казулін.

Экс-міністр: Не закончыўшы гэтай акадэміі, не атрымаць чарговае павышэнне

А вось экс-міністр працы Аляксандр Сасноў не бачыць патрэбы ў існаванні такой вышэйшай навучальнай установы, як Акадэмія кіравання пры прэзідэнце.

- Ва ўсім свеце існуюць звычайныя ўніверсітэты, якія рыхтуюць спецыялістаў, людзей розных прафесій, і няма там ніякіх акадэмій пры прэзідэнце. Можа, яны ёсць у нейкіх таталітарных краінах, - кажа суразмоўца.

Ён мяркуе, што гэта свайго кшталту замена Найвышэйшай партыйнай школы, якая існавала за часамі СССР.

- У кіраўніка дзяржавы засталося ў галаве, што была такая школа для найвышэйшага кіроўнага складу, вось тое ж самае і тут. Калі прасачыць паралелі паміж старой камуністычнай сістэмай і цяперашнім кіраўніцтвам краіны, то мы шмат знойдзем агульнага, толькі завецца гэта па-іншаму, - звяртае ўвагу экспэрт.

На думку Аляксандра Саснова, людзі ідуць у Акадэмію кіравання таму, што гэта дае перспектывы кар'ернага росту.

- У краіне так наладжанае жыццё, што не скончыўшы гэтай акадэміі, не атрымаць чарговае павышэнне, - тлумачыць экспэрт.

Ён нагадвае, што за савецкім часам была, напрыклад, Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК КПСС, яшчэ адна такая акадэмія займалася эканомікай.

Няўжо іншыя ВНУ не могуць рыхтаваць кадры, прыдатныя для кіравання краінай?

- Можа, і змаглі б, але нам трэба ліквідаваць Міністэрства адукацыі і зрабіць ВНУ самакіравальнай, вольнымі. Вось тады можна на нешта разлічваць, - упэўнены Аляксандр Сасноў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках