16 красавiка 2024, aўторак, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскія журналісты патрабуюць разабрацца з міліцэйскім самавольствам

3
Магілёўскія журналісты патрабуюць разабрацца з міліцэйскім самавольствам

Журналісты выказалі пратэст брутальным дзеянням міліцыі.

Сітуацыю з затрыманнем фрылансэркі Аліны Скрабуновай журналісцкая супольнасць разглядае як спробу запалохаць незалежныя СМІ, паведамляе магілёўская «Вясна».

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў з Магілёва і Бялынічаў накіравалі калектыўны зварот ва Управу ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, гарвыканкам і аблвыканкам.

Пад дакументам падпісаліся сем чалавек - сябраў БАЖ. Яны папрасілі растлумачыць, чаму фрылансэрку Аліну Скрабунову, якую пераследуюць за журналісцкую дзейнасць, 21 траўня затрымлівалі настолькі брутальным спосабам:

«21 траўня 2018 года была гвалтоўна затрыманая і дастаўленая ў Ленінскі аддзел міліцыі журналістка-фрылансэрка Аліна Скрабунова. Яна паспяхова зняла тое, што з ёй адбывалася, на камеру мабільнага тэлефона. Як вынікае з запісу, затрымлівалі журналістку людзі ў цывільным адзенні. Яны не патлумачылі, чым выкліканая такая форма абыходжання і не назваліся. Аўтамабіль, у якім двое мужчын прыехалі па Скрабунову, быў не службовы. Усё гэта выглядае як выкраданне чалавека, а не законнае затрыманне яго», - пазначана ў звароце.

Далейшае развіццё сітуацыі паказала, што гвалт у дачыненні да журналісткі быў арганізаваны толькі для таго, каб у Ленінскім аддзеле міліцыі ёй уручылі позву на 23 траўня.

Магілёўскія журналісты выказалі пратэст супраць такіх дзеянняў міліцыі. Падпісанты мяркуюць, што сітуацыя з Алінай - гэта спроба запалохаць незалежныя СМІ:

«Мы разглядаем метад, абраны міліцыяй, для затрымання Аліны Скрабуновай спробай запалохаць журналісцкую супольнасць і ўважаем за патрэбнае заявіць, што гэта не дапушчальна для прававой дэмакратычнай краіны. Такое абыходжанне з журналісткай не спрыяе росту аўтарытэту органаў міліцыі ў грамадстве», - адзначаецца ў заяве.

Падпісанты папрасілі растлумачыць, чым была выклікана патрэба гвалтоўнага затрымання журналісткі, а таксама прыцягнуць да адказнасці тых, хто прымаў такую пастанову і яе выконваў. Таксама журналісты патрабуюць, каб гэткіх сітуацый, як са Скрабуновай, больш не паўтаралася. Аліну Скрабунову і аператара Яўгена Глушкова абвінавачваюць у тым, што яны незаконна зрабілі два сюжэты для тэлеканалу Белсат. Самі фрылансэры мяркуюць, што адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да іх міліцыя пачала пад ціскам КДБ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках