23 красавiка 2024, aўторак, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка беларускага эканаміста давяла, што бульба была «вялікім міратворцам»

Жонка беларускага эканаміста давяла, што бульба была «вялікім міратворцам»

Бульба паменшыла ў 18-м і 19-м стагоддзях колькасць узброеных канфліктаў у свеце.

Такая выснова змяшчаецца ў даследаванні амэрыканкі Нэнсі Цянь, прафесаркі эканомікі кіравання Келажскай школы мэнэджмэнту, паведамляе сайт гэтай установы, піша «Беларусь і Свет».

Бульбу пачалі вырошчваць у Еўропе прыкладна з 1700 года, і з гэтага часу ў рэгіёнах са спрыяльным для яе кліматам адбылося імклівае зніжэнне колькасці канфліктаў, якое доўжылася 200 гадоў, сцвярджае Цянь.

Разам з суаўтарамі яна за 6 гадоў стварыла базу звестак узброеных сутыкненняў у Еўропе, Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе ў 1400-1900 гадах.

У выніку выявілася, што да 17 стагоддзя быў вельмі крывавы перыяд, але ўсё змянілася, калі гішпанцы прывезлі бульбу. Сям'я з чатырох чалавек магла цяпер вырошчваць дастаткова ежы на траціне той зямлі, якая ім патрэбная была раней.

- Гістарычна аграрная зямля была самым каштоўным рэсурсам, - кажа навукоўка. - Калі ж яна здольная даваць больш ежы на адзінку плошчы, то становіцца менш каштоўнай, і людзям ужо не хочацца ваяваць за яе так моцна.

Беларускі след

І хоць даследаванне паказала, якім дабром стала адкрыццё бульбы для ўсяго свету, ёсць адно вельмі важнае месца на планеце, дзе яна на канфлікты не паўплывала ніяк - гэта ўласная кухня Цянь, жартаўліва зазначае аўтарка артыкулу.

Нягледзячы на тое, што прафесарка напісала пра гэтыя плодзе цэлыя дзве навуковыя працы, яна прызнаецца, што сама не ў захапленні ад смаку бульбы.

А вось ейны муж, які нарадзіўся ў Беларусі, любіць. Бо ягоная радзіма мае самы высокі паказчык спажывання гэтага прадукту на душу насельніцтва.

- Ён увесь час спрабуе прымусіць мяне гатаваць больш бульбы, - тлумачыць Цянь. - Кажа: «Ты ж пішаш, што яна карысная для спакою, таму і есці яе мы маем часцей».

Дарэчы, муж Нэнсі Цянь - ураджэнец Віцебска і таксама вядомы эканаміст Міхаіл Голасаў. У 1998 годзе ён скончыў БДЭУ, затым атрымліваў адукацыю ў Канадзе.

Цяпер Голасаў - прафесар Прынстанскага ўніверсітэта. Да гэтага выкладаў у Масачусэцкім тэхналагічным універсітэце, у Гарвардзе і Елі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках