25 красавiка 2024, Чацвер, 23:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спадарожнікі выявілі ў пустэльні сакрэтны вайсковы аб'ект Ірана

Спадарожнікі выявілі ў пустэльні сакрэтны вайсковы аб'ект Ірана
Фота: Reuters

Знаходка была зробленая падчас пошукаў у мясцовых СМІ інфармацыі аб ракетных тэхналогіях.

Супрацоўнікі Інстытута міжнародных даследаванняў Мідлбэры, штат Каліфорнія, выявілі на спадарожнікавых здымках іранскай пустэльні сакрэтны аб'ект, дзе, магчыма, вядуцца работы развіцця тэхналогій для ракет далёкага дзеяння, піша cайт тэлеканала «Дождь» са спасылкай на New York Times.

Знаходка была зробленая падчас пошукаў у мясцовых СМІ інфармацыі аб тым, як далёка прасунуліся ў краіне ракетныя тэхналогіі. Пяцёра апытаных выданнем экспэртаў, якія вывучылі высновы даследчыкаў, пагадзіліся з іх пераканаўчасцю.

Увесну 2018 года малодшы навуковы супрацоўнік інстытута Фабіян Гінз прапанаваў вывучыць нядаўні шквал матэрыялаў іранскай дзяржаўнай тэлевізіі пра генерала Гасана Магадама, які быў адным з кіраўнікоў нацыянальнай ракетнай праграмы краіны; ён загінуў у 2011 годзе падчас выбуху на складзе боепрыпасаў.

Гінз планаваў знайсці «падказкі наконт таго, як далёка прасунулася іранская ракетная праграма перад смерцю генерала».

На фатаграфіі Магадама, апублікаванай іранскім «Клубам маладых журналістаў», супрацоўнік інстытута заўважыў скрынку з надпісам «Шахрудзі». Раней паведамлялася, што з размешчанага там стартавага комплексу ў 2013 годзе правялі старт ракеты. З тых часоў меркавалася, што комплекс не функцыянуе.

Даследчыкі знайшлі аб'ект на спадарожнікавых здымках і высветлілі, што за апошнія гады побач з ім безупынна з'яўляліся новыя будынкі. Яны прыйшлі да высновы, што работы на гэтым аб'екце цяпер засяроджаныя на ракетных рухавіках і ракетным паліве. Часта яна вядзецца ўночы. Даследнікі таксама заўважылі на зямлі два сляды, магчыма, пакінутых пры выпрабаваннях рухавікоў. Яны з'явіліся ў 2016 і 2017 гадах.

Як піша New York Times, аналіз канструкцый і наземнай разрысоўкі на аб'екце сведчыць пра тое, што там могуць працаваць над тэхналогіямі ракет вялікай далёкасці.

Выданне падкрэслівае, што такія выпрабаванні не парушаюць міжнароднага пагаднення аб абмежаванні ядзерных распрацовак у Іране, але могуць узмацніць напружанасць у стасунках Тэгерана і Вашынгтона.

Экспэрт Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Майкл Элеман, азнаёміўшыся з высновамі калегаў, заявіў, што пры жаданні Іран можа атрымаць ракеты вялікай далёкасці праз 5-10 гадоў.

Работы на аб'екце, мабыць, вядуцца на выпадак скасавання іранскай ядзернай угоды, сказала экспэртка ў Іране з амэрыканскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў Дына Эсфандыяры. На ейную думку, не падобна, што Іран імкнецца распрацаваць ракеты вялікай далёкасці, але пры гэтым краіна рыхтуе глебу на выпадак, калі іранскія лідэры калі-небудзь прымуць гэта за патрэбнае.

8 траўня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб выхадзе ЗША з Супольнага ўсёабдымнага плана дзеянняў (СЎПД) што да ядзернай праграмы Ірана і падпісаў адпаведны мемарандум. Трамп паабяцаў, што Вашынгтон адновіць санкцыі супраць Тэгерана. Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа абвясціў, што яны стануць «самымі жорсткімі за ўсю гісторыю» краіны. Еўрапейскія краіны і Расея пастанову Трампа асудзілі.

Міжнароднае пагадненне аб замарожванні Іранам ядзернай праграмы было ўкладзенае ў 2015 годзе. У 2016 годзе з Ірана знялі частку санкцый.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках