28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны Балтыі перамагаюць манаполію Крамля ў галіне паставак газу

2
Краіны Балтыі перамагаюць манаполію Крамля ў галіне паставак газу
ВОЙЦЕХ ЯКУБІК

Літва, Латвія і Эстонія разам з Польшчай маюць намер далучыцца да будаўніцтва газаправода GIPL.

Кошт будаўніцтва GIPL блізу 560 млн еўраў, у Літве плануецца інвеставаць у праект блізу 136 млн еўраў. Эксклюзіўны каментар з гэтай нагоды сайт Charter97.org узяў у эксперта з Польшчы, галоўнага рэдактара партала Biznesalert Войцеха Якубіка.

– Што краіны Балтыі атрымаюць наўзамен за супольны з Польшчай удзел у праекце GIPL?

– Прапускная здольнасць газаправода Польшча-Літва першапачаткова будзе знаходзіцца на ўзроўні 2,3 млрд кубаметраў газу, у будучыні яна павялічыцца да 4,5 млрд куб. газу. За год Літва выкарыстоўвае блізу 2 млрд кубаметраў газу, лічбы, якія я згадаў раней, азначаюць, што пры ўдзеле Польшчы краіны Балтыі цалкам могуць пакрыць свае патрэбы ў прыродным газе.

Да гэтага часу адзінай альтэрнатывай пастаўкам расейскага газу канцэрнам Газпром з'яўляўся тэрмінал звадкаванага газу (LNG) у Клайпедзе, але звадкаваны газ, які прапануе літоўскі тэрмінал, залежыць ад змены кошту на біржы. У залежнасці ад сезону пастаўкі такога газу з'яўляюцца прывабнымі, але не заўсёды сустракаюць энтузіязм з боку кліентаў, нягледзячы на істотнае значэнне для энэргетычнай бяспекі краінаў Балтыі і непрамы ўплыў на памяншэнне коштаў на газ у рэгіёне. У сваю чаргу пастаўкі газу пры дапамозе газаправода могуць быць стала канкурэнтаздольнымі.

– Як будаўніцтва газаправода зменіць рынак краінаў Балтыі і перш за ўсё Літвы?

– Перш за ўсё дзякуючы ўдзелу ў будаўніцтве GIPL краіны Балтыі атрымаюць злучэнне з еўрапейскім рынкам газу, што павінна абярнуцца памяншэннем коштаў на газ і скарачэннем залежнасці ад паставак газу Газпрамам. Палітычныя мэты супадаюць з эканамічнымі. Гэты праект адназначна з'яўляецца патрэбным і карысным і для Літвы, і для Латвіі, і для Эстоніі.

– Як польска-балтыйскі газаправод паўплывае на акупляльнасць літоўскага тэрмінала звадкаванага газу ў Клайпедзе?

– Плыўны тэрмінал звадкаванага газу ў Клайпедзе атрымлівае субсідыі з бюджэту Літвы, бо з'яўляецца адным з элементаў стратэгіі энэргетычнай бяспекі і гарантуе існаванне альтэрнатывы пастаўкам газу з Расеі. Таму пасля ўводу ў эксплуатацыя GIPL ён застанецца важнай крыніцай паставак звадкаванага газу. Гэты сектар даволі дынамічна развіваецца, менавіта таму кліенты на літоўскі звадкаваны газ знойдуцца.

Патэнцыял плыўнога тэрмінала, натуральна, ніжэйшы за стацыянарны, але адначасова для яго патрабуюцца больш сціплыя выдаткі на ўтрыманне. Літва арандавала тэрмінал у кампаніі Hoegh LNG на дзесяць гадоў, без магчымасці яго продажу раней за гэты тэрмін. У 2024 годзе Вільні давядзецца думаць, што рабіць з тэрміналам, прадаўжаць ім карыстацца або выкарыстоўваць GIPL.

– Як на літоўскае імкненне да незалежнасці ў галіне паставак газу можа адказаць Крэмль?

– Газпрам выйшаў з ліку ўладальнікаў акцый літоўскага аператара газатранспартных сетак і тэарэтычна пазбавіўся магчымасці ўплываць на палітыку Вільні ў галіне газу. Што ён можа зрабіць, так гэта паспрабаваць уплываць пры дапамозе дэмпінгу коштаў на пастаўкі газу, як, напрыклад, робіць гэта цяпер у Харватыі. Менавіта такім чынам Газпрам можа змагацца з рэнтабельнасцю тэрмінала звадкаванага газу ў Клайпедзе, але з пастаўкамі газу праз газаправод GIPL, які дае доступ да еўрапейскіх рынкаў, яму будзе нашмат цяжэй.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках