29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістка з Зялёнага Бору: Мы не сталі маўчаць, і гэта напалохала ўлады

1
Актывістка з Зялёнага Бору: Мы не сталі маўчаць, і гэта напалохала ўлады
ФОТА: B-G.BY

Жыхары пасёлка будуць самі кантраляваць вываз шкодных адкідаў.

Берасцейскі аблвыканкам 18 траўня паведаміў, што шкодныя рэчывы, якія ляжаць побач з пасёлкам Зялёны Бор у Івацэвіцкім раёне, пачнуць вывозіць у найбліжэйшы час. Адкіды плануецца прыбраць не пазней за 1 верасня гэтага года, піша «Брестская Газета».

Старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук у каментары тэлерадыёкампаніі «Брэст» паведаміў, што пасля вывазу адкідаў за месяц землекарыстальнікі правядуць рэкультывацыю, будуць падлічаныя затраты, нанесеная шкода.

«Гэтая лічба будзе прапанаваная ў Следчы Камітэт, і там ужо будзе праводзіцца праца кампетэнтнымі органамі», – сказаў кіраўнік раёна.

Следчы Камітэт РБ у Берасцейскай вобласці расследуе крымінальную справу, распачатую паводле ч. 2 артыкула 278 «Парушэнне правілаў бяспекі пры абыходжанні з генна-інжынернымі арганізмамі, экалагічна небяспечнымі рэчывамі і адкідамі» ў дачыненні да двух ІП, жыхароў Бярозы. Яны падазраюцца ў тым, што з траўня 2015 года да чэрвеня 2017 года размяшчалі на тэрыторыі былога асфальтавага завода ў пасёлку Зялёны Бор Івацэвіцкага раёна шкодныя рэчывы, якія давала ім для перапрацоўкі прадпрыемства «Белинвестторг-Сплав».

Журналісты звязалася з жыхаркай пасёлка Зялёны Бор Святланай Гойшык, якая ў красавіку ўдзельнічала ў прэс-канферэнцыі, што праходзіла ў нашай рэдакцыі, і ад імя землякоў са слязамі на вачах прасіла, каб адкіды прыбралі ад іх пасёлка. Выступала жанчына і на мітынгу «Берасцейкі супраць свінцу». Мы пацікавіліся, як мясцовыя жыхары ўспрынялі навіну пра тое, што звалку, нарэшце, ліквідуюць.

«Людзі не на 100% давяраюць таму, што вывезуць ад нас гэтыя адкіды, таму што нас ужо не раз падманвалі. І аналізы мы розныя рабілі, але не давяраем іхнім выніках, што ўсё ў норме – бо столькі гадоў гэта ўсё праляжала ў нас. Але радасць у нас ёсць. Будзем спадзявацца, што гэта споўніцца, што чарговы раз нас не падмануць. Мы будзем трымацца напагатове і будзем кантраляваць гэтае пытанне. Будзем глядзець, ці прыбяруць яшчэ ў лесе, дзе гэтыя адкіды таксама паскідалі», – сказала Святлана Гойшык.

Жанчына ўважліва сочыць за тым, што пішуць у СМІ, у інтэрнэце на гэтую тэму. Яна здзіўляецца, чаму ўсю віну за ўтвораную звалку ўскладаюць на двух ІП.

«А як жа тыя, хто адпускалі ім адкіды? Яны што, не бачылі, што машыны цягам гадзіны назад вяртаюцца, а значыць, яны некуды паблізу іх вывозяць», – выказала сваё меркаванне жыхарка Зялёнага Бору.

Яна мяркуе, што іхняя праблема пачала развязвацца таму, што мясцовыя жыхары з дапамогай праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем «АйПаўэр» настойліва патрабавалі ад уладаў навесці парадак.

«Цяпер ужо пішуць, што Лемяшэўскі (кіраўнік 1AK-GROUP, у склад якой уваходзяць і “Белинвестторг-Сплав”, і ТАА “АйПаўэр” – заўв. аўт.) даўно гатовы быў іх вывезці, але чакаў нейкага штуршка. Раз людзі маўчаць – то і маўчаць. А мы не сталі маўчаць, сталі сур'ёзна гэтым пытаннем займацца. Магчыма, гэта іх напалохала», – кажа Святлана Гойшык.

Праваабаронца Раман Кісляк, які актыўна ўдзельнічае ў кампаніі супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода і дапамагаў жыхарам Зялёнага Бору, таксама перакананы: анансаваны вываз адкідаў – гэта заслуга саміх людзей. Ён звяртае ўвагу на тое, што першапачаткова шкодных рэчываў, якія ляжаць побач з пасёлкам, ніхто не заўважаў. Пазней, калі з'явіліся публікацыі ў СМІ, заявы жыхароў, была распачатая крымінальная справа.

«Але яна рухалася сяк-так, адкіды па-ранейшаму ляжалі. Далей, калі актывісты пачалі задаваць пытанні, ім адказвалі: расследуецца ж крымінальная справа, нельга вывозіць, пакуль яна не закончаная. Актывісты насядалі – ім заяўлялі: няма магчымасці вывезці, бо для ўтылізацыі неабходна прыкладна 1 млн даляраў. Калі ўжо берасцейцы аб'ядналіся з жыхарамі пасёлка Зялёны Бор, падрыхтавалі зварот у аблвыканкам, адбылася сустрэча ў пасёлку, дзе было абвешчана: будзе пададзены пракуратурай пазоў наконт прызнання ўгодаў несапраўднымі і тады «БІТ-Сплаў» вывезе. Людзі былі абураныя. Яны крычалі і патрабавалі прыбраць гэтыя адкіды. Потым прайшоў мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», у рэзалюцыі якога ёсць пункт з патрабаваннем прыбраць з пасёлка адкіды. І вось ужо не патрэбны мільён, не патрэбны пазоў, «БІТ-Сплаў» сам «пагадзіўся» вывезці гэтыя адкіды ў іншае месца», – коратка абмаляваў гісторыю развіцця сітуацыі праваабаронца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках